*§ 0-12. Складаназалежныя сказы, будова, сродкі сувязі, класіфікацыя

Практыкаванне 159

Прачытайце тэкст. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай.

У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі нямала прадметаў мастацтва якія маюць не толькі еўрапейскую але і сусветную каштоўнасць. У большай ступені гэта творы жывапісу, работы як айчынных мастакоў так і прадстаўнікоў іншых краін чые карціны ў свой час былі набыты музеем.
Для беларускага мастацтва імя Язэпа Драздовіча ўнікальнае і сімвалічнае.
Сучаснікі параўноўвалі Драздовіча з Леанарда да Вінчы па ўніверсальнасці яго інтарэсаў і захапленняў. Драздовіч вывучаў гісторыю, археалогію, этнаграфію Беларусі. Ён займаўся скульптурай, графікай, жывапісам, літаратурай, выклада ́ў.
У 1930-я гады Язэп Драздовіч ствараў свае касмічныя серыі. Дбайна вывучаў астранамічную літаратуру ў бібліятэцы Віленскага ўніверсітэта і распрацоўваў свае тэорыі ўзаемадзеяння планет і праекты лятаючых касмічных апаратаў і ракет.
У той час лічылі што ўсе планеты заселены. Сваю задачу як мастака Драздовіч бачыў у тым каб падрабязна расказаць пра жыццё на іншых планетах. У музейнай экспазіцыі прадстаўлены дзве яго жывапісныя работы з серыі «Жыццё на Сатурне». Мастак стварае пейзажы ў якіх падрабязна паказваецца свет убачаны ва ўяўных касмічных падарожжах. Архітэктура, прырода, геаграфічныя асаблівасці на іншых планетах, адлюстраваныя аўтарам, шмат у чым нагадваюць зямныя пейзажы. У вугле карціны мастак абавязкова ставіў знак ці сімвал планеты, на адвароце дэталёва апісваў само месца.
Сёння для даследчыкаў работы Язэпа Драздовіча гэта ўнікальны прыклад навуковай фантастыкі якая існавала ў беларускім мастацтве. Гэта прыклад таго як творчая асоба здольна выкарыстоўваць атрыманыя веды (З часопіса «Беларусь»).

Выпішыце складаназалежныя сказы, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.
Назавіце словы іншамоўнага паходжання, ужытыя ў тэксце.
Раскрыйце значэнне слова ўніверсальны. У якім значэнні ўжыта ў тэксце слова фонды?
Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра Язэпа Драздовіча.