*§ 0-11. Складаназлучаныя сказы, асноўныя віды, будова, знакі прыпынку

Практыкаванне 152

Спішыце складаназлучаныя сказы, расстаўляючы, дзе трэба, знакі прыпынку.

1. Гаркавы смак жывіцы на губах і сонца спелае над галавой павісла (П. Панчанка). 2. Сляды гарачыні яшчэ на тварах носім ды паплылі ўжо дні ў залатую восень (П. Панчанка). 3. Няспынна ідзе наперад жыццё і няспынна чароўна мяняецца воблік роднага краю (К. Кірэенка). 4. Дзень ніяк не хацеў саступаць месца вечару і неба доўга заставалася ясным і светлым (Я. Колас). 5. На палетках каласіцца маладое жыта і сінім морам разліваецца густы лён (І. Грамовіч). 6. То дождж вадаспадам сцякае то снег да асфальту прымёрз (П. Панчанка). 7. Над зямлёй быццам навісаў цяжар і павевы ветру насычаныя пахамі расцвіўшай грэчкі і свежаскошанага сена былі густыя цягучыя (Т. Хадкевіч). 8. Было бяскрайняе зорнае неба а пад ім — спакойная і цёплая вада (Я. Брыль). 9. Узыдзіце на адкрытую пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі і вам разгорнецца велічная панарама горада. 10. Над вадой ля берага ціха спіць асока ды лаза зялёная жаліцца-шуміць (М. Багдановіч). 11. Вечарэе і пахне кветкамі (М. Лынькоў). 12. Струменіць Нёман срэбраводны ў сваіх прыўдалых берагах а ў лозах ветрык вее ўзгодны і ходзіць шум па чаратах (Я. Колас). 13. Ёсць ворагі і ёсць сябры (А. Куляшоў). 14. Ніхто не зможа вычарпаць крыніцы а ёй самой ніколі не спыніцца (С. Грахоўскі). 15. Хто раскрые мудрасць жыцця і хто дасць адказы на ўсе пытанні? 16. Вільготны змрок спаўзае на лугі і гасне захаду журботная ўсмешка (Я. Колас). 17. Над галавой зіхацелі асеннія зоркі і свяціў месячык-поўня (І. Шамякін).

Пракаменціруйце ўжыванне ў сучаснай літаратурнай мове выдзеленага слова.