Печатать книгуПечатать книгу

*§ 0-11. Складаназлучаныя сказы, асноўныя віды, будова, знакі прыпынку

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 0-11. Складаназлучаныя сказы, асноўныя віды, будова, знакі прыпынку
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 13 Май 2024, 20:06

Практыкаванне 141

Прачытайце прапанаваныя азначэнні. Суаднясіце іх з адпаведнымі тэрмінамі.

а) ... — сказ, у якім сэнсава-граматычныя часткі аб’яднаны ў сэнсавае, інтанацыйнае цэлае з дапамогай злучальных злучнікаў;
б) ... — сказ, які складаецца з дзвюх або больш частак, аб’яднаных у сэнсавае, інтанацыйнае і структурна-граматычнае адзінства;
в) ... — сказ, у якім адна састаўная частка падпарадкоўваецца другой з дапамогай падпарадкавальнага злучніка або злучальнага слова;
г) ... — сказ, у якім часткі аб’яднаны ў адно цэлае сэнсава і інтанацыйна (без злучнікаў і злучальных слоў);
д) ... — сказ, які складаецца з трох і больш частак, аб’яднаных рознымі відамі сувязі: злучальнай, падпарадкавальнай, бяззлучнікавай.

Складаназлучаны сказ

Практыкаванне 142

Прачытайце. Перадайце змест кожнага абзаца з дапамогай складаназлучаных сказаў.

Як вядома, простыя сказы больш характэрныя для гутарковага маўлення, складаныя часцей ужываюцца ў кніжнай мове. Гэта зразумела: кніжная мова адлюстроўвае складаныя, рознабаковыя сувязі прадметаў і з’яў у іх прычынна-выніковай залежнасці. Ва ўсіх стылях складаныя сказы выкарыстоўваюцца па-рознаму. Так, доказна-лагічны характар выкладу ў навуковым тэксце патрабуе складаназалежных сказаў з даданымі часткамі ўмовы і прычыны, а таксама з даданымі азначальнымі часткамі — для азначэння паняццяў і ілюстравання з’яў. У мастацкім стылі пераважаюць складаназалежныя сказы з даданымі часткамі часу і даданымі азначальнымі.
Выбар аўтарам таго ці іншага тыпу сказа — складанага ці простага, складаназалежнага ці складаназлучанага, злучнікавага ці бяззлучнікавага — вызначаецца ў першую чаргу сэнсавымі і стылістычнымі асаблівасцямі кантэксту.
Памылкі ў пабудове складаных сказаў могуць быць звязаны з парушэннем парадку слоў у аднародных даданых частках: у іх павінен захоўвацца прамы ці адваротны парадак. Няўдалым можна лічыць такі сказ: Міхал падышоў да акна і ўбачыў казачнае відовішча, дзе снегавая роўнядзь зіхацела пад промнямі зімовага сонца, дзе дрэвы застылі пад цяжкім інеем і задумліва спыніла свой ход рака. У трэцяй аднароднай частцы варта выкарыстаць прамы парадак слоў: рака задумліва спыніла свой ход.
Распаўсюджаныя памылкі ў пабудове складаных сказаў звязаны з тым, што ў якасці аднародных спалучаюцца член сказа і даданая частка: Міхась быў зачараваны тым, якія змены адбыліся ў прыродзе і зімовай прыгажосцю. Правільна: Міхась быў зачараваны зменамі, якія адбыліся ў прыродзе, і зімовай прыгажосцю. Або: Міхась быў зачараваны тым, якія змены адбыліся ў прыродзе і як прыгожа стала навокал (В. Кузьміч).

Пісьмова адкажыце на пытанні:
1. Чаму складаныя сказы часцей ужываюцца ў кніжнай мове?
2. Ад чаго залежыць выбар аўтарам тыпу сказа?
3. Якія тыповыя памылкі сустракаюцца пры ўжыванні складаных сказаў?

Практыкаванне 142-1

Прачытайце тэкст. У гонар юбілею якой падзеі быў створаны парк Пісьменнікаў? Чаму ён быў закладзены побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі?

Парк Пісьменнікаў

У Мінску ёсць унікальнае месца, якога няма больш ні ў адным горадзе свету, — парк Пісьменнікаў. Ён з’явіўся ў лістападзе 2017 года побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, і яго стварэнне стала знакавай падзеяй у гонар 500-годдзя беларускага кнігадрукаваннясл.
Беларускія пісьменнікі, бібліятэкары, супрацоўнікі музеяў і выдавецтваў прынялі ўдзел у высакароднай справе — пасадцы дрэў. Парк упрыгожылі дуб, рабіна, ясень, клён, хвоя, а маладзенькія яблынькі было даверана высадзіць маладым літаратарам.
Дзякуючы ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Мінску з’явіўся своеасаблівы цэнтр сустрэч аматараў кнігі. Стварэнне парку Пісьменнікаў сведчыць пра духоўнасць беларусаў, разуменне імі ролі кнігі, значнасці чытання, якая ўсё больш узрастае ў сучасным свеце.
Пасаджаныя ў парку Пісьменнікаў дрэвы ўжо зашумелі сваёй лістотай. Тут расце «жывая» кніга, а таксама ўстаноўлены камень у гонар стварэння парку.
Саюз пісьменнікаў Беларусі плануе ўстанавіць у парку Пісьменнікаў скульптуру, прысвечаную «чалавеку, які чытае». Падобныя скульптуры ўпрыгожваюць розныя гарады, і настаў час беларускай сталіцы займець свой варыянт такога помніка (Паводле А. Стэльмах).

Чаму аўтар называе стварэнне парку Пісьменнікаў знакавай падзеяй?
Выпішыце з тэксту складаназлучаныя сказы, падкрэсліце граматычныя асновы. Назавіце сродкі сувязі граматычных частак. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі. Пабудуйце схемы сказаў.
Знайдзіце ў тэксце запазычаныя словы з арфаграмамі — спалучэннямі галосных. Растлумачце іх правапіс.
Выкажыце свае прапановы па добраўпарадкаванні тэрыторыі парку Пісьменнікаў (напрыклад, алеі ў гонар пісьменнікаў, кампазіцыі, прысвечаныя літаратурным героям, і інш.). Раскажыце, якой вам уяўляецца скульптура, прысвечаная «чалавеку, які чытае».

Назоўнік парк у форме роднага склону адзіночнага ліку ўжываецца з канчаткам , калі мае значэнні ‘зялёныя насаджэнні’ (стварэнне парку Пісьменнікаў), ‘сукупнасць транспартых сродкаў’ (трактар з парку сельскагаспадарчых машын); з канчаткам , калі мае значэнне ‘месца стаянкі транспарту’ (пад’ехаць да тралейбуснага парка).

Практыкаванне 143

Дайце вусную характарыстыку сказам, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх. Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі складаназлучаных сказаў.

1. Чароды на зялёных берагах апошняю гадуюцца травою, і слівыф сыта луснулі ў баках, аб’еўшыся і сонцам, і зямлёю. 2. Цэлы век вісіць вясёлка над краінай мокрай гэтай, і глядзяць спакойна коні на нябесны дзіўны мост. 3. Толькі я перапоўнены сумам, зросся я з гэтай весняй зямлёй не птушыным сэрцам бяздумным, а трывожнай людской душой. 4. Цягнікі заспявалі, заплакалі, дым змяшалі з парайм лагчын, па мастах над вадою адтакалісл, іскры кінулі ў зорную сіньсл. 5. І сівела, звінела ад кропель рака, і ў гарачым святле плылі сінія песенькі жаўрука над карычневай песняй раллі. 6. Даўнія вежы суровыя з сухім палыномм і ўзлётам, сатканыя з нашай любові, са скалаў, тугі і журботы. 7. Адышло ты, каханне, у сівыя палі, і пагаслі, выцвілі фарбы зямлі, як стары сялянскі ручнік. 8. Сёння выпаў, як кветкі акацыі, сакавіцкі апошні снег. 9. Усе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз (У. Караткевіч).

Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго простага ўскладненага сказа.
Ці згодны вы з жыццёвым падагульненнем паэта, выказаным у апошнім сказе? Чаму?
Выпішыце вобразнае азначэнне вясёлкі з другога сказа, растлумачце яго сэнс. Як называюцца падобныя выразы ў мовазнаўчай навуцы?

Практыкаванне 143-1

Запішыце складаназлучаныя сказы, размеркаваўшы іх на групы паводле сэнсавых адносін паміж часткамі. Устаўце, дзе трэба, прапушчаныя літары, раскрыйце дужкі. Падкрэсліце граматычныя асновы. Пабудуйце схемы сказаў.

1. Вецер дз..муў, і шумеў па(?)над Нёманам бор (М. Танк). 2. У жнівен..скі дзень з(?)ранку вуліца дрэмле, затое поле поўніцца жыц..ём (І. Мележ). 3. С..ло спала, і толькі ў некалькіх хатах гарэла св..тло (А. Кудравец). 4. Ці абзавуцца ў небе гусі, ці дзяц..л грукне па с..сне (Г. Бураўкін). 5. Па(?)малу гутарку мы ра..пачалі, а шмат аб чым пагутарыць было (Я. Купала). 6. Формы жыц..я абм..жаваны, само ж жыц..ё (н..)мае граніц (Я. Колас). 7. Дзень толькі пачынаўся, і сп..шацца (н..)было куды (В. Карамазаў). 8. Ці то со..нца свеціць, ці то мес..ц ясны вам см..ецца з неба вес..ла і шчас..на (Я. Купала). 9. Маўчала воз..ра ў тумане, ды вербы плакалі ў цішы (П. Трус). 10. Дарога была пустэльная і ціхая, затое лес поўніўся птушыным р..знагалоссем (Т. Хадкевіч). 11. Дзеці ў гэта верылі шчыра, і таму свята набывала ўжо асаблівую та..мнічую прыгажосць (С. Давідовіч). 12. Жаўранкаў (н..)відаць у ц..мяным небе, а толькі песня звініцьф, цярушыцца на траву, на кветкі (Я. Брыль).

Практыкаванне 143-2

Прачытайце тэкст. З якой мэтай шапаваламі быў створаны катрушніцкі лемезень?

Творчасць майстроў-шапавалаў

У Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці пражываюць нашчадкі майстроў валюшнага промыслу — шапавалы, якія вырабляюць валёнкі, маге́ркі (невялікія лёгкія мужчынскія шапкі), асобныя прадметы адзення з аўчыны. Менавіта валенне шапак абумовіла назву гэтых майстроў.
Вырабы дрыбінскіх шапавалаў вылучаюцца высокай якасцю, трываласцю і зручнасцю. Майстры захоўваюць сакрэты свайго рамяства і перадаюць іх у сем’ях ці ў школе, створанай пры мясцовым музеі. Для захавання гэтых сакрэтаў яны прыдумалі і выкарыстоўваюць умоўную мову, што мае назву «катрушніцкі лемезень» (катру́ха — назва магеркі на гэтай мове, лемезень — тайная мова). Катрушніцкі лемезень утрымлівае каля тысячы слоў і перадае трынаццацьм паняційных груп (Паводле Л. Анцух).

Назавіце сродкі сувязі сказаў у тэксце.
Укажыце слова, паходжанне якога тлумачыцца ў тэксце: а) магерка; б) шапавал; в) лемезень.
Знайдзіце ў тэксце складаназалежныя сказы, перабудуйце іх у складаназлучаныя з далучальнымі адносінамі паміж часткамі. Запішыце.
Растлумачце пастаноўку дужак у сказах тэксту.

Практыкаванне 143-3

Прачытайце тэкст. У якім сказе заключаецца яго асноўная думка?

Нагода наведаць Дрыбін

У сталіцы шапавалаў — гарадскім пасёлку Дрыбін — ладзіцца вясёлы рэгіянальны фестываль народнай творчасці, промыслаў і рамёстваў «Дрыбінскія таржкі».

У Дрыбіне кірмаш гудзе,
Няма месца анідзе.
Госці едуць з усіх канцоў
Паглядзець на малайцоў.

Так вобразна напісала пра галоўных герояў таржкоў — шапавалаў — мясцовая паэтэса Людміла Лісава.
Валёнкі на любы густ вырабы з воўны тут заўсёды хіты продаж.. . А яшчэ шмат ар..гінальных тавараў прапануюць ганчары майстры па саломапляценн.. кавалі. Цікавыя гульні забавы конкурсы пес..ні і танцы ствараюць с..вяточны настрой. У фірмен..ых крамах фестывал.. можна пакаштаваць «жывую в..ду» на травах стравы беларус..кай нацы..нальнай кухні мёд на любы смак.
Фестываль «Дрыбінскія таржкі» праводзіцца ў традыцыях старадаўніх кірмашоў і накіраваны на папулярызацыю культурных каштоўнасцейсл беларускага народа (Паводле Н. Зігулі).

Падбярыце сінонімы да слова таржок.
Запішыце выдзелены абзац тэксту, перабудаваўшы простыя сказы ў складаназлучаныя. Устаўце, дзе трэба, прапушчаныя літары, пастаўце знакі прыпынку. Пабудуйце схемы складаназлучаных сказаў, вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі.
Карыстаючыся прыведзенай у тэксце інфармацыяй, раскажыце, з якой нагоды варта наведаць Дрыбін.

Практыкаванне 143-4

Прачытайце тэксты. Якой тэмай яны аб’яднаны?

І. Для многих художников, работающих в жанре городской скульптуры, книга и человек читающий ассоциируются со студенчеством. Например, идея создания памятника студентке возле Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины принадлежит студентам архитектурного факультета. Благодаря их творчеству университет, а вместе с ним и город получили замечательный подарок. Буквально в трёх метрах от входа в университет на бордюре появилась каменная девушка. Красавица читает, ест яблоко и строит глазки прохожим, а они улыбаются в ответ.
ІІ. Запечатлены в камне и киевские студенты. Скульптурная композиция находится на территории университета «Крок». Молодые люди делают домашнее задание, однако парень смотрит не в учебник, а на подругу. Кажется, учебный процесс в этот момент волнует его меньше всего. Воплотить идею помогла фотография студентов-первокурсников, готовящихся к экзаменам.
ІІІ. Перед Саратовским государственным социально-экономическим университетом находится скульптура «Студент». На стопке книг сидит студент, уставший за годы учёбы в университете. Символическая фигура известна каждому жителю Саратова, а в народе памятник прозвали «Ночь перед экзаменом».
ІV. В бельгийском городе Лёвене есть скульптура студента, выполненная в весёлой манере, и эта необычная композиция вызывает улыбку. Бельгийский студент-читатель настолько перезанимался в ночь перед экзаменом, что вынужден поливать себя кока-колой (По С. Моисеевой).

Знайдзіце ў кожным тэксце складаназлучаныя сказы. Запішыце іх па-беларуску. Пабудуйце схемы сказаў, вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі.
Раскрыйце сэнс фразеалагізма, ужытага ў першым тэксце.
Разгледзьце фотаздымкі. Карыстаючыся прыведзенай у тэкстах інфармацыяй, вызначце, у якіх гарадах знаходзяцца гэтыя помнікі.

Сцісла перакажыце па-беларуску змест тэкстаў, аб’яднаўшы іх у адзін тэкст пад назвай «Помнікі студэнтам-чытачам». Запішыце пераклад-пераказ.

Слоўнік
ассоциироваться — асацыіравацца, асацыявацца
замечательный — цудоўны, выдатны
запечатлеть — адлюстраваць, увасобіць
воплотить — увасобіць, ажыццявіць
стопка — тут: стос

Практыкаванне 144

Прачытайце табліцу. З апорай на інфармацыю, змешчаную ў ёй, раскажыце пра пастаноўку знакаў прыпынку ў складаназлучаных сказах. На кожны пункт правіла запішыце прыклады з практыкавання 146.

Знакі прыпынку Умовы выбару знакаў прыпынку Прыклады
Коска Перад злучальнымі злучнікамі, што звязваюць часткі сказа                                                     
Кропка з коскай Адна з частак або ўсе часткі развітыя, маюць свае знакі прыпынку
Працяжнік Другая частка паказвае на вынік або хуткую змену падзей

К о с к а  н е  с т а в і ц ц а:
калі ёсць агульнае слова (агульны член сказа, пабочнае слова, часціца);
часткі з’яўляюцца назыўнымі сказамі;
часткі з’яўляюцца безасабовымі сказамі

Знакі прыпынку ў складаназлучаных сказах

Часткі складаназлучаных сказаў аддзяляюцца коскай, кропкай з коскай, працяжнікам.
К о с к а  с т а в і ц ц а паміж часткамі складаназлучаных сказаў, якія аб’яднаны адзіночнымі злучнікамі:
• спалучальнымі і, ды (у значэнні ‘і’), дый (ды і): Чалавек — складаная істота, і яго нялёгка зразумець (Л. Галубовіч). [ ], і [ ]; У камінку гудзе вятрыска, і бор за вокнамі шуміць (Р. Баравікова). [ ], і [ ];
• супраціўнымі а, але, ды (у значэнні ‘але’), ж (жа), аж, аднак, затое, толькі: Чорны яшчэ толькі пачынаў, а крытыка ўжо ахрысціла яго «беларускім Дастаеўскім» (М. Тычына). [ ], а [ ]; У печцы трашчалі дровы, але настылы за зіму пакоік награваўся марудна (І. Навуменка). [ ], але [ ]; А навокал белая цішыня, толькі дрэвы патрэскваюць ад марозу (Л. Валасюк). [ ], толькі [ ]; Залева* пакрысе слабела, затое вецер штохвіліны перамяняўся (Я. Конеў). [ ], затое [ ];
• размеркавальнымі або (альбо), ці: Бягуць дні вельмі хутка, або неўтаймавана ляцяць гады. [ ], або [ ].
Заўвага. К о с к а  н е  с т а в і ц ц а паміж часткамі складаназлучанага сказа, якія звязаны адзіночнымі злучнікамі і, ды (у значэнні ‘і’), або, ці, калі:
• у сказе ёсць агульны член, агульная часціца або пабочнае слова, якія адносяцца як да першай, так і да другой часткі: Вясной светлы сок прарывае бяросту і рэкі сплаўляюць у мора свой панцыр (П. Панчанка). [ ] і [ ]; Толькі вецер гудзеў ды гнуліся дрэвы да долу. [ ] ды [ ]; Сапраўды, прапанаванае заданне было нескладанае і выканалі яго ўсе вучні. [ ] і [ ];
• часткі з’яўляюцца безасабовымі, няпэўна-асабовымі або назыўнымі сказамі: Светла ды марозна. [ ] ды [ ]; Аб’явілі пасадку і падалі трап. [ ] і [ ]; Яркае сонца ці дождж. [ ] ці [ ];
• часткі маюць форму пытальных, пабуджальных або клічных сказаў: Прадукцыя гэтага прадпрыемства карыстаецца попытам і людзі з ахвотай набываюць тавары новай маркі? [ ] і [ ]? Колькі прыгажосці і колькі экспрэсіі! [ ] і [ ]!
К о с к а  н е  с т а в і ц ц а, калі дзейнік у другой частцы выражаны займеннікам сам: Валянцін добра ведае гэты горад і сам можа быць нашым гідам. [ ] і [ ].
К о с к а  с т а в і ц ц а паміж часткамі складаназлучаных сказаў, якія аб’яднаны паўторнымі злучнікамі і — і, ні — ні, то — то, не то — не то, або (альбо) — або (альбо), ці — ці, ці то — ці то: І лугавая птушка кліча, і ад травы салодкі пах змывае горкі пыл з аблічча і застывае на губах (Р. Баравікова). І [ ], і [ ]; І звоны гучаць, і гром шырыцца, і цішыня ляжыць (К. Чорны). І [ ], і [ ], і [ ]. Ні колас на ніве не ўскалыхнецца, ні ліст на дрэве не ўзварухнецца (М. Багдановіч). Ні [ ], ні [ ]; То ўспыхнуць яркія фарбы пад промнямі сонца, то зашарэе за акном (Т. Стадольнік). То [ ], то [ ]; Ці ён забыўся на яе словы, ці нейкія думкі адцягвалі ад песні (М. Лынькоў). Ці [ ], ці [ ]; Ці то дождж секане, нібы шротам, па твары, ці то спёка абпаліць знарок усяго (В. Максімовіч). Ці то [ ], ці то [ ].
К р о п к а  з  к о с к а й  с т а в і ц ц а паміж часткамі складаназлучанага сказа, якія звязваюцца паміж сабой:
• злучнікамі але, толькі, аднак і іншымі, калі гэтыя часткі разгорнутыя і (або) маюць свае знакі прыпынку: Вада ў крыніцы пульсавала, званіла, як званочак; аднак людзі не заўважалі яе. [ ]; аднак [ ];
• злучнікам а, калі састаўныя часткі разгорнутыя і маюць свае знакі прыпынку: Вясна пачалася рана; а пад канец мая ўжо красавалі, пераліваючыся рознымі фарбамі, кветкі позняга лета. [ ]; а [ ];
• злучнікамі і, ды (у значэнні ‘і’), калі яны аб’ядноўваюць дзве састаўныя часткі, якія без гэтых злучнікаў былі б самастойнымі сказамі, раздзеленымі кропкай: Вільготнымі грудамі жаўцела пры дарозе гліна; і гэта яна навеяла Пілату надзвычайны настрой (К. Чорны). [ ]; і [ ]; Неўпрыкмет распусціліся коцікі, збіраючы вакол сябе пчол; ды навокал стаяў прыемны водар. [ ]; ды [ ].
Паміж часткамі складаназлучанага сказа с т а в і ц ц а  п р а ц я ж н і к, калі:
• у другой частцы падкрэсліваецца вынік у адносінах да першай: А будзе хлеб — і будуць песні (Л. Галубовіч). [ ] — і [ ]; Сонца шчыруе — і лета цвіце (В. Ярац). [ ] — і [ ];
• у сказе перадаецца нечаканасць, хуткая змена з’яў або падзей: Адна хвіліна — і машына чакала ля пад’езда. [ ] — і [ ]; Момант — і Сцёпкава постаць знікае з Аленчыных вачэй (Я. Колас). [ ] — і [ ];
• у сказе перадаецца супрацьпастаўленне: Мікіта ў чарговы раз праглядаў матэрыял — і яму зноў і зноў не падабалася (А. Беланожка). [ ] — і [ ].

Практыкаванне 145

Разгледзьце табліцу 1 у дадатку. Зрабіце вывад аб інтанацыйным афармленні складаназлучаных сказаў, паміж часткамі якіх ставіцца коска, кропка з коскай, працяжнік, звярнуўшы ўвагу на сэнсавыя адносіны паміж часткамі.

Практыкаванне 146

Прачытайце складаназлучаныя сказы. Спішыце, ставячы знакі прыпынку і ўстаўляючы прапушчаныя літары. Якія сказы могуць мець варыянты пунктуацыйнага афармлення? Чаму?

1. Згасае светлы дзень няўхільна і ноч сплывае ў іншы свет (В. Вабішчэвіч). 2. Перад ім праплывалі далёкія макаўкі лес.. а бліжнія травы ды кусты каціліся насустрач зялёнымі хвалямі (М. Бусько). 3. Пастаяла хмара над галавою і раптам шугануў магутны лівень (Г. Васілеўская). 4. І не трывожыў потым шолах лісця і не палохаў ветр.. стук (М. Маляўка). 5. Месячык то вынырваў з-за лё..кіх аблокаў то хаваўся за іх і тады лё..кая смуга ахутвала навакол..е (М. Даніленка). 6. Тут над вёскай яшчэ панавала цемра а над лесам неба паступова святлела набывала блакітны колер (В. Саковіч). 7. Уздоўж разбуранага ганк.. вакол сцен вясёла цвілі сінія і жоўтыя касачы і ў горад мы а..праўляліся з шыкоўным букетам лета (К. Камейша). 8. Яшчэ з вясны на дрэве ён [лісток] засох ды вецер не занёс яго ў пясок (У. Карызна). 9. У кустах спявалі пераклікалісяс птушкі а ў возер.. яно цьмяна блішчала ў цемр.. гуляючы плёскала рыба (А. Якімовіч). 10. Шукаеш хараства і яго няма... (М. Зарэцкі). 11. Рэ..кі моцны ўзмах рукі і мяч гулка падае па той бок сеткі (З. Прыгодзіч). 12. Быў ужо позні час абед.. але за сталом яшчэ сядзелі два знаёмыя перакла..чыку афіцэры (У. Федасеенка). 13. На двар.. неўпрыкмет пачало вечарэць а хутка і ў пакой упаўзла цемра (Я. Галубовіч).

У адпаведнасці з якімі нормамі вы ўставілі прапушчаныя літары?

Практыкаванне 147

Спішыце прыказкі, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.

1. Пяць пальцаў на руцэ і ўсіх шкада. 2. Добрая слава ў кошыку ляжыць а благая па дарожцы бяжыць. 3. Дзіця забаўляецца а матцы сэрца разрываецца. 4. У гультая і страха цячэ і печ не пячэ. 5. Добрае доўга помніцца а кепскае ніколі не забудзеш. 6. З кута ў кут і вечар тут. 7. Лес чуе а поле бачыць.

Растлумачце сэнс прыказак.

Практыкаванне 148

Утварыце з двух простых сказаў пад лічбамі 1, 2, 3, 4 складаназлучаныя сказы. Бяззлучнікавыя складаныя сказы (пад лічбамі 5, 6) перабудуйце ў складаназлучаныя.
Сказы запішыце, афармляючы іх у адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі.
Вызначце сэнсавыя адносіны паміж часткамі складаназлучаных сказаў.

1. Выпаў першы снег. У гэты дзень дзяўчаты вырашылі набыць канькі. 2. Прыгожая і незабыўная маладосць. З гадамі прыходзіць да чалавека мудрасць. 3. Пабудавалі новы дом. У хуткім часе мы збіраемся пераехаць на новую кватэру. 4. Рыхтуючыся да заняткаў, Наталля наведала бібліятэку. Дзяўчына атрымала выдатную адзнаку. 5. Раскашавала бабіна лета — ва ўсіх людзей быў добры настрой. 6. Дзмітрый папрасіў брата дапамагчы рашыць складаную задачу па фізіцы — брат згадзіўся.

Практыкаванне 149

Дапішыце складаназлучаныя сказы. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

1. Пасля заканчэння школы кожны выбірае свой шлях...
2. Дождж ліў некалькі дзён...
3. Славіку падарылі цікавую кнігу...
4. Загучала прыемная мелодыя...
5. Гадзіннік паказваў недакладны час...
6. Пакойчык быў утульны...

Практыкаванне 150

Складзіце і запішыце складаназлучаныя сказы аб сваіх планах пасля заканчэння школы па наступных схемах:

1. [ ], і [ ].
2. [ ], ды (‘але’) [ ].
3. [ ] і [ ].
4. [ ], ці [ ].
5. [ ]; а [ ].
6. [ ] — і [ ].

Сфармулюйце пунктуацыйныя правілы, карыстаючыся якімі афармлялі складаназлучаныя сказы.
Паразважайце над праблемай выбару прафесіі. Раскажыце, якія перавагі і складанасці будучай прафесіі вы бачыце. Свае думкі запішыце, выкарыстаўшы складаназлучаныя сказы.

Практыкаванне 151

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тып, асноўную думку. Што вы ведаеце пра ўюноў?

Уюн на буксіры

Невялікая плаціна перагарадзіла рэчку і на вадазліве ляжалі змацаваныя скобамі шпалы. Вада пакрывала плаціну менш чым на паўметра але плынь была даволі моцнай. Гэта адчувалася па кусціку нейкай зялёнай травы, які прырос да шпалы.
Не прыкмеціўшы акрамя кусціка нічога цікавага я збіраўся пайсці як раптам на воднай дарожцы мільгануў уюн. Няйначай зазяваўся і яго падхапіў паток. Уюн аднак імгненна павярнуўся супраць цячэння і з усёй сілы заюрыў хвастом. Ён павольна набліжаўся да краю плаціны, але неўзабаве стаміўся і, прысмактаўшыся да шпалы, замёр. Потым уюн паспрабаваў пераадолець плаціну яшчэ раз. Тугі струмень зноў падхапіў яго і ён ледзь паспеў утрымацца на тым жа месцы.
Прайшло некалькі хвілін. Для новага рыўка ўюну, відаць, не хапала сіл. Тут мне трапіў на вочы гладкі, доўгі, на палец таўшчыні прут. Я ўзяў яго і пачаў асцярожна набліжаць да ўюна...
Кажуць, той, хто топіцца, за саломіну схопіцца. Так і ўюн. Крыху счакаўшы ён прысмактаўся да прута і я асцярожна «павёў» яго супраць цячэння. Неўзабаве ўюн апынуўся па другі бок плаціны. Ён адразу пайшоў на глыбіню і нават не зірнуў на свайго памочніка. Ды я і не чакаў удзячнасці: гэта ж не казачная залатая рыбка, а звычайны ўюн (Паводле П. Саковіча).

З выдзеленых сказаў выпішыце складаназлучаныя, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.
Назавіце сказы, ускладненыя пабочнымі словамі.
Растлумачце выпадкі правапісу слоў, што адпавядаюць правілу «Правапіс не з рознымі часцінамі мовы».
Раскрыйце значэнні слоў буксір, плаціна.
Растлумачце сэнс ужытай у тэксце прыказкі.
Ці даводзілася вам выратоўваць звяроў, птушак?
Падрыхтуйце паведамленне пра такі выпадак.

Практыкаванне 152

Спішыце складаназлучаныя сказы, расстаўляючы, дзе трэба, знакі прыпынку.

1. Гаркавы смак жывіцы на губах і сонца спелае над галавой павісла (П. Панчанка). 2. Сляды гарачыні яшчэ на тварах носім ды паплылі ўжо дні ў залатую восень (П. Панчанка). 3. Няспынна ідзе наперад жыццё і няспынна чароўна мяняецца воблік роднага краю (К. Кірэенка). 4. Дзень ніяк не хацеў саступаць месца вечару і неба доўга заставалася ясным і светлым (Я. Колас). 5. На палетках каласіцца маладое жыта і сінім морам разліваецца густы лён (І. Грамовіч). 6. То дождж вадаспадам сцякае то снег да асфальту прымёрз (П. Панчанка). 7. Над зямлёй быццам навісаў цяжар і павевы ветру насычаныя пахамі расцвіўшай грэчкі і свежаскошанага сена былі густыя цягучыя (Т. Хадкевіч). 8. Было бяскрайняе зорнае неба а пад ім — спакойная і цёплая вада (Я. Брыль). 9. Узыдзіце на адкрытую пляцоўку Нацыянальнай бібліятэкі і вам разгорнецца велічная панарама горада. 10. Над вадой ля берага ціха спіць асока ды лаза зялёная жаліцца-шуміць (М. Багдановіч). 11. Вечарэе і пахне кветкамі (М. Лынькоў). 12. Струменіць Нёман срэбраводны ў сваіх прыўдалых берагах а ў лозах ветрык вее ўзгодны і ходзіць шум па чаратах (Я. Колас). 13. Ёсць ворагі і ёсць сябры (А. Куляшоў). 14. Ніхто не зможа вычарпаць крыніцы а ёй самой ніколі не спыніцца (С. Грахоўскі). 15. Хто раскрые мудрасць жыцця і хто дасць адказы на ўсе пытанні? 16. Вільготны змрок спаўзае на лугі і гасне захаду журботная ўсмешка (Я. Колас). 17. Над галавой зіхацелі асеннія зоркі і свяціў месячык-поўня (І. Шамякін).

Пракаменціруйце ўжыванне ў сучаснай літаратурнай мове выдзеленага слова.