*§ 0-11. Складаназлучаныя сказы, асноўныя віды, будова, знакі прыпынку

Практыкаванне 151

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тып, асноўную думку. Што вы ведаеце пра ўюноў?

Уюн на буксіры

Невялікая плаціна перагарадзіла рэчку і на вадазліве ляжалі змацаваныя скобамі шпалы. Вада пакрывала плаціну менш чым на паўметра але плынь была даволі моцнай. Гэта адчувалася па кусціку нейкай зялёнай травы, які прырос да шпалы.
Не прыкмеціўшы акрамя кусціка нічога цікавага я збіраўся пайсці як раптам на воднай дарожцы мільгануў уюн. Няйначай зазяваўся і яго падхапіў паток. Уюн аднак імгненна павярнуўся супраць цячэння і з усёй сілы заюрыў хвастом. Ён павольна набліжаўся да краю плаціны, але неўзабаве стаміўся і, прысмактаўшыся да шпалы, замёр. Потым уюн паспрабаваў пераадолець плаціну яшчэ раз. Тугі струмень зноў падхапіў яго і ён ледзь паспеў утрымацца на тым жа месцы.
Прайшло некалькі хвілін. Для новага рыўка ўюну, відаць, не хапала сіл. Тут мне трапіў на вочы гладкі, доўгі, на палец таўшчыні прут. Я ўзяў яго і пачаў асцярожна набліжаць да ўюна...
Кажуць, той, хто топіцца, за саломіну схопіцца. Так і ўюн. Крыху счакаўшы ён прысмактаўся да прута і я асцярожна «павёў» яго супраць цячэння. Неўзабаве ўюн апынуўся па другі бок плаціны. Ён адразу пайшоў на глыбіню і нават не зірнуў на свайго памочніка. Ды я і не чакаў удзячнасці: гэта ж не казачная залатая рыбка, а звычайны ўюн (Паводле П. Саковіча).

З выдзеленых сказаў выпішыце складаназлучаныя, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.
Назавіце сказы, ускладненыя пабочнымі словамі.
Растлумачце выпадкі правапісу слоў, што адпавядаюць правілу «Правапіс не з рознымі часцінамі мовы».
Раскрыйце значэнні слоў буксір, плаціна.
Растлумачце сэнс ужытай у тэксце прыказкі.
Ці даводзілася вам выратоўваць звяроў, птушак?
Падрыхтуйце паведамленне пра такі выпадак.