*§ 0-11. Складаназлучаныя сказы, асноўныя віды, будова, знакі прыпынку

Практыкаванне 142

Прачытайце. Перадайце змест кожнага абзаца з дапамогай складаназлучаных сказаў.

Як вядома, простыя сказы больш характэрныя для гутарковага маўлення, складаныя часцей ужываюцца ў кніжнай мове. Гэта зразумела: кніжная мова адлюстроўвае складаныя, рознабаковыя сувязі прадметаў і з’яў у іх прычынна-выніковай залежнасці. Ва ўсіх стылях складаныя сказы выкарыстоўваюцца па-рознаму. Так, доказна-лагічны характар выкладу ў навуковым тэксце патрабуе складаназалежных сказаў з даданымі часткамі ўмовы і прычыны, а таксама з даданымі азначальнымі часткамі — для азначэння паняццяў і ілюстравання з’яў. У мастацкім стылі пераважаюць складаназалежныя сказы з даданымі часткамі часу і даданымі азначальнымі.
Выбар аўтарам таго ці іншага тыпу сказа — складанага ці простага, складаназалежнага ці складаназлучанага, злучнікавага ці бяззлучнікавага — вызначаецца ў першую чаргу сэнсавымі і стылістычнымі асаблівасцямі кантэксту.
Памылкі ў пабудове складаных сказаў могуць быць звязаны з парушэннем парадку слоў у аднародных даданых частках: у іх павінен захоўвацца прамы ці адваротны парадак. Няўдалым можна лічыць такі сказ: Міхал падышоў да акна і ўбачыў казачнае відовішча, дзе снегавая роўнядзь зіхацела пад промнямі зімовага сонца, дзе дрэвы застылі пад цяжкім інеем і задумліва спыніла свой ход рака. У трэцяй аднароднай частцы варта выкарыстаць прамы парадак слоў: рака задумліва спыніла свой ход.
Распаўсюджаныя памылкі ў пабудове складаных сказаў звязаны з тым, што ў якасці аднародных спалучаюцца член сказа і даданая частка: Міхась быў зачараваны тым, якія змены адбыліся ў прыродзе і зімовай прыгажосцю. Правільна: Міхась быў зачараваны зменамі, якія адбыліся ў прыродзе, і зімовай прыгажосцю. Або: Міхась быў зачараваны тым, якія змены адбыліся ў прыродзе і як прыгожа стала навокал (В. Кузьміч).

Пісьмова адкажыце на пытанні:
1. Чаму складаныя сказы часцей ужываюцца ў кніжнай мове?
2. Ад чаго залежыць выбар аўтарам тыпу сказа?
3. Якія тыповыя памылкі сустракаюцца пры ўжыванні складаных сказаў?