§ 53. Ахова навакольнага асяроддзя ад шкоднага ўздзеяння хімічных рэчываў. «Зялёная хімія»

Барацьба з забруджвальнікамі навакольнага асяроддзя

Дасягненні навукі і тэхналогіі дазволілі стварыць камфортныя ўмовы для жыцця людзей. Аднак неапраўдана высокія тэмпы росту спажывання прывялі да празмерных нагрузак на навакольнае асяроддзе, да яго забруджвання і вычарпання прыродных рэсурсаў.

Да асноўных відаў забруджвальнікаў, якія ўплываюць на навакольнае асяроддзе, адносяць:

  • • адходы — бытавыя і прамысловыя, пабочныя прадукты прамысловасці (радыеактыўныя элементы, пластыкі, цяжкія металы са шчыльнасцю больш як 5 г/см3);
  • • адпрацаваныя газы — выхлапныя газы аўтамабіляў (NO, NO2, СО, вуглевадароды — прадукты няпоўнага згарання паліва), тэхналагічных установак цеплавых электрастанцый (СО2, СО, SO2, NO, NO2, О3), прадпрыемстваў металургіі, хімічнай прамысловасці і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў;
  • • бытавыя, гаспадарчыя і прамысловыя сцёкавыя вады, з якімі ў навакольнае асяроддзе паступаюць фасфаты (мыйныя і ачышчальныя сродкі, фосфарныя ўгнаенні і інш.), нітраты і іншыя азотзмяшчальныя злучэнні (мінеральныя ўгнаенні, экскрэменты чалавека і жывёл), іншыя солі (хларыды, сульфаты), цяжкія металы, паверхнева-актыўныя рэчывы (ПАР), пестыцыды.

Забруджвальнікі ўплываюць на стан навакольнага асяроддзя, яны небяспечныя для людзей, з’яўляюцца прычынай розных хвароб і генетычных мутацый. Тым не менш сучаснай цывілізацыі не абысціся без хімічнай прамысловасці.

Праблема заключаецца не ў стварэнні хімікамі «шкодных рэчываў», а ў тым, што людзі не заўсёды рацыянальна выкарыстоўваюць сінтэзаваныя рэчывы і хімічныя тэхналогіі. Такім чынам, менавіта хімікі павінны знайсці шляхі зніжэння шкоднага ўплыву, што наносяць прамысловыя прадпрыемствы і іншыя крыніцы забруджвання нашай планеты. У сувязі з гэтым магчымыя два шляхі:

  • 1) адсочваць паступленне шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе і абясшкоджваць або знішчаць іх, што з’яўляецца задачай экалагічнай хіміі;
  • 2) прадухіляць забруджванне асяроддзя, памяншаючы выпрацоўку прыродных багаццяў, што з’яўляецца задачай «зялёнай хіміі».

Кіруючыся першым шляхам, хімікі-аналітыкі і эколагі распрацоўваюць эфектыўныя метады маніторынгу вадаёмаў, глеб, паветра. Вучоныя і інжынеры-распрацоўшчыкі вынаходзяць, а хімічная прамысловасць выпускае шматлікія сарбенты, паглынальнікі, іонаабменныя смолы для ачысткі прамысловых і сцёкавых вод, паглынання шкодных газаў і пылу, якія выдзяляюцца прадпрыемствамі. Хімікі распрацоўваюць метады ўтылізацыі прамысловых і бытавых адходаў шляхам іх бяспечнага знішчэння або перапрацоўкі з мэтай паўторнага выкарыстання. Д. І. Мендзялееў у свой час пісаў: «У хіміі няма адходаў, а ёсць нескарыстаная сыравіна».

У якасці прыкладаў утылізацыі розных адходаў у Рэспубліцы Беларусь можна прывесці перапрацоўку металалому на Беларускім металургічным заводзе. Сёння ў прамысловых маштабах перапрацоўваюць макулатуру, вырабы з пластмас і шкла. Шлак ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць для вырабу будматэрыялаў (цэглы, чарапіцы). На беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах ёсць устаноўкі па ператварэнні серавадароду, які вылучаецца ў працэсе перапрацоўкі нафты ў атмасферу, у карысны прадукт — серную кіслату.

На Гомельскім хімічным заводзе фторавадарод, які ўзнікае ў працэсе раскладання апатытавага (фасфарытавага) канцэнтрату, ператвараюць у H2SiF6, AlF3, Nа3AlF6.