§ 52. Хімічная прамысловасць Рэспублікі Беларусь у інтарэсах устойлівага развіцця краіны

Найбуйнейшыя хімічныя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь

img
ААТ «Беларуськалій»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуськалій» (г. Салігорск) з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў. У склад кожнага з чатырох рудаўпраўленняў уваходзіць руднік, дзе здабываюць калійную руду, і абагачальная фабрыка для яе перапрацоўкі і выпуску прадукцыі (мал. 120).

img
Мал. 120. ААТ «Беларуськалій»

Акрамя калійных угнаенняў у выглядзе хларыду калію з дабаўкамі, ААТ «Беларуськалій» вырабляе тэхнічны хларыд натрыю, павараную соль NaCl, гіпахларыт натрыю NaClO для вырабу дэзынфекцыйных і адбельвальных сродкаў, саляную кіслату (35 % HCl), гідраксід калію KOH.

img
Мал. 121. ААТ «Палімір»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Нафтан» (г. Наваполацк) — буйны нафтаперапрацоўчы і нафтатэхнічны комплекс, які выпускае розныя віды паліва, змазачныя алеі і бітумы, вадародныя вуглевадароды і прадукты нафтахіміі. У 2008 годзе ААТ «Нафтан » было рэарганізавана шляхам далучэння да яго ААТ «Палімір» (мал. 121).

На ААТ «Палімір» ажыццяўляецца піроліз вуглевадароднай сыравіны (бензіну і лёгкіх вуглевадародных фракцый) з атрыманнем поліэтылену, акрылавага валакна, прадуктаў арганічнага сінтэзу і вуглевадародных фракцый. Прадукцыя прадпрыемства знаходзіць прымяненне ў вытворчасці кабелю і ўпаковачных матэрыялаў, дываноў, тэкстыльных тканін і трыкатажных вырабаў, штучнага футра, а таксама бытавой хіміі і іншых прадуктаў. Шэраг арганічных злучэнняў, што прапануе ААТ «Палімір», з’яўляецца таксама сыравінай для далейшага сінтэзу разнастайных спецыяльных хімічных прадуктаў.

img
ААТ «Мазырскі нафтапера­працоўчы завод»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» вырабляе экалагічна чыстыя аўтабензіны, дызельнае паліва для наземнай і судавой тэхнікі, топачны мазут, звадкаваныя газы для камунальна-бытавога спажывання і іншых мэтаў, нафтавыя бітумы (дарожны, дахавы, будаўнічы), парафіны, неабходныя для вырабу мыйных сродкаў і бялкова-вітамінных кармоў, серную кіслату, тэхнiчную серу (мал. 122).

img
ААТ «Гродна Азот»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Гродна Азот» — адно з вядучых хімічных прадпрыемстваў, якое вырабляе азотныя мінеральныя ўгнаенні для сельскай гаспадаркі (аміяк, карбамід, карбаміда-аміячныя сумесі, сульфат амонію), а для хімічнай галіны краіны — капралактам, неабходны для атрымання хімічных валокнаў і нітак, а таксама метанол, азотную і серную кіслоты і іншыя віды прадукцыі (мал. 123).

У склад ААТ «Гродна Азот» уваходзіць «Завод Хімвалакно» — адно з вядучых прадпрыемстваў у СНД па вытворчасці нітак тэхнічнага прызначэння і кордных тканін з поліаміду-6 і адзінае ў СНД па вырабе высокатрывалых нітак (мал. 124).

img
Мал. 122. ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод»
img
Мал. 123. ААТ «Гродна Азот»
img
Мал. 124. Філіял «Завод Хімвалакно»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельскі хімічны завод» з’яўляецца найбуйнейшым у краіне прадпрыемствам, якое выпускае фосфарзмяшчальныя мінеральныя ўгнаенні (амафос, азотна-фосфарна-калійныя ўгнаенні, аманізаваны суперфасфат), а таксама прадукцыю неарганічнага сінтэзу (серная кіслата, сульфат натрыю, фтарыд алюмінію, крыаліт, аэрасіл, або дыаксід крэмнію) (мал. 125).

Адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўхімвалакно» ўяўляе сабой комплекс вытворчасцей, звязаных адзіным тэхналагічным цыклам — ад атрымання зыходнай сыравіны (дыметылтэрафталату, поліэтылентэрафталату) да выпуску гатовай прадукцыі (поліэфірныя валокны, ніткі, нятканыя палотны) і вытворчасці на іх аснове тавараў народнага спажывання (мал. 126).

img
Мал. 125. ААТ «Гомельскі хімічны завод»
img
Мал. 126. ААТ «Магілёўхімвалакно»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Светлагорск Хімвалакно». У склад прадпрыемства ўваходзяць завод штучнага валакна і завод поліэфірных тэкстыльных нітак (мал. 127).

img
Мал. 127. ААТ «Светлагорск Хімвалакно»
img
ААТ «Светлагорск Хімвалакно»

Завод штучнага валакна вырабляе матэрыялы тэхнічнага прызначэння (вугляродныя і тэрмаўстойлівыя, нятканыя з поліпрапілену).

img
ААТ «Белшына»

Завод поліэфірных тэкстыльных нітак выпускае прадукцыю, якая выкарыстоўваецца ў вырабе тканін рознага прызначэння (плаццевыя, гарнітурныя, мэблевыя, тэхнічныя, для спецадзення), тэкстыльна-галантарэйных вырабаў (гардзіннацюлевыя вырабы і карункі, пальчаткі, вяроўкі, шнуры, стужкі), нятканых матэрыялаў, дывановых вырабаў, штучнага футра, трыкатажнага палатна для спартыўных вырабаў і хатняга тэкстылю, разнастайнага абіўнога матэрыялу для салонаў аўтамабіляў.

img
Мал. 128. ААТ «Белшына»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Белшына» (г. Бабруйск) — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў у СНД па вытворчасці шын для легкавых, грузавых, велікагрузных аўтамабіляў, будаўніча-дарожных і пад’ёмна-транспартных машын, электратранспарту, аўтобусаў, трактароў і сельскагаспадарчых машын (мал. 128).

img
ААТ «Лакафарба»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Лакафарба» (г. Ліда) — вядучае прадпрыемства ў Рэспубліцы Беларусь па вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў рознага прызначэння: эмаляў, лакаў, грунтоў, фарбаў для разметкі дарог, водна-дысперсійных фарбаў, фасадных фарбаў (мал. 129).

img
ААТ «Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў»

Адкрытае акцыянернае таварыства «Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў» (мал. 130) выпускае вырабы з пластмас вытворчага прызначэння, тавары народнага спажывання, поліэтыленавую плёнку, поліэтыленавыя і поліпрапіленавыя трубы.

img
Мал. 129. ААТ «Лакафарба»
img
Мал. 130. ААТ «Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў»

Акрамя пералічаных буйных хімічных вытворчасцей, у Рэспубліцы Беларусь паспяхова функцыянуюць прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам бытавой хіміі, мыйных і касметычных сродкаў. Сярод іх ААТ «Брэсцкі завод бытавой хіміі», «Беліта-Вітэкс», «Модум» (г. Мінск) і іншыя.

На аснове хімічнай і біяхімічнай тэхналогій у нашай краіне шырокае развіццё атрымала фармацэўтычная галіна, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай, масавай вытворчасцю лекавых прэпаратаў, прызначаных для прафілактыкі і лячэння хвароб. Асноўныя прадпрыемствы фармацэўтычнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь — РУП «Белмедпрэпараты» (г. Мінск), ААТ «Барысаўскі завод медпрэпаратаў», ААТ «Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў», СП ТАА «Фармлэнд» (г. Мінск), СААТ «Лекфарм» (г. Лагойск). На фармацэўтычных прадпрыемствах краіны вырабляецца каля 1,6 тысячы розных лекавых сродкаў.

Развіццё любой прамысловай хімічнай вытворчасці немагчыма без навуковага суправаджэння, інавацыйных распрацовак і фундаментальных даследаванняў. Гэтым у нашай краіне займаюцца навукова-даследчыя інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, галіновыя навукова-даследчыя інстытуты і профільныя кафедры вышэйшых навучальных устаноў.