§ 52. Хімічная прамысловасць Рэспублікі Беларусь у інтарэсах устойлівага развіцця краіны
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Хімія. 11 клас |
Книга: | § 52. Хімічная прамысловасць Рэспублікі Беларусь у інтарэсах устойлівага развіцця краіны |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Суббота, 21 Декабрь 2024, 04:48 |
Хімічная прамысловасць — найважнейшы сектар эканомікі Беларусі. Ён забяспечвае функцыянаванне іншых галін гаспадарчага комплексу, эканамічную бяспеку, абараназдольнасць, а ў выніку — устойлівае развіццё краіны і годны ўзровень жыцця насельніцтва.
Нашу краіну часта называюць «краінай вялікай хіміі». Такой яна стала ў 60–70-я гады ХХ стагоддзя, калі намаганнямі палітыкаў і вучоных, інжынераў і будаўнікоў у нас у краіне з’явіліся магутныя хімічныя прадпрыемствы, навукова-даследчыя інстытуты і вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія рыхтуюць хімікаў-даследчыкаў і хімікаў-тэхнолагаў.
Асноўныя галіны хімічнай прамысловасці Беларусі — гэта горна-хімічная (вытворчасць калійных угнаенняў), нафтахімічная (перапрацоўка нафты) і асноўная хімія (вытворчасць мінеральных угнаенняў, хімічных валокнаў і нітак, сінтэтычных смол і пластычных мас, гуматэхнічных вырабаў і інш.).
Хімічныя рэчывы і хімічныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца не толькі непасрэдна ў хімічнай прамысловасці, але і ў вытворчасці шкла, керамікі, паперы, фарбаў, металічных пакрыццяў і ў многіх іншых прамысловых працэсах.
Найбуйнейшыя хімічныя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь
Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуськалій» (г. Салігорск) з’яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў. У склад кожнага з чатырох рудаўпраўленняў уваходзіць руднік, дзе здабываюць калійную руду, і абагачальная фабрыка для яе перапрацоўкі і выпуску прадукцыі (мал. 120).
Акрамя калійных угнаенняў у выглядзе хларыду калію з дабаўкамі, ААТ «Беларуськалій» вырабляе тэхнічны хларыд натрыю, павараную соль NaCl, гіпахларыт натрыю NaClO для вырабу дэзынфекцыйных і адбельвальных сродкаў, саляную кіслату (35 % HCl), гідраксід калію KOH.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Нафтан» (г. Наваполацк) — буйны нафтаперапрацоўчы і нафтатэхнічны комплекс, які выпускае розныя віды паліва, змазачныя алеі і бітумы, вадародныя вуглевадароды і прадукты нафтахіміі. У 2008 годзе ААТ «Нафтан » было рэарганізавана шляхам далучэння да яго ААТ «Палімір» (мал. 121).
На ААТ «Палімір» ажыццяўляецца піроліз вуглевадароднай сыравіны (бензіну і лёгкіх вуглевадародных фракцый) з атрыманнем поліэтылену, акрылавага валакна, прадуктаў арганічнага сінтэзу і вуглевадародных фракцый. Прадукцыя прадпрыемства знаходзіць прымяненне ў вытворчасці кабелю і ўпаковачных матэрыялаў, дываноў, тэкстыльных тканін і трыкатажных вырабаў, штучнага футра, а таксама бытавой хіміі і іншых прадуктаў. Шэраг арганічных злучэнняў, што прапануе ААТ «Палімір», з’яўляецца таксама сыравінай для далейшага сінтэзу разнастайных спецыяльных хімічных прадуктаў.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» вырабляе экалагічна чыстыя аўтабензіны, дызельнае паліва для наземнай і судавой тэхнікі, топачны мазут, звадкаваныя газы для камунальна-бытавога спажывання і іншых мэтаў, нафтавыя бітумы (дарожны, дахавы, будаўнічы), парафіны, неабходныя для вырабу мыйных сродкаў і бялкова-вітамінных кармоў, серную кіслату, тэхнiчную серу (мал. 122).
Адкрытае акцыянернае таварыства «Гродна Азот» — адно з вядучых хімічных прадпрыемстваў, якое вырабляе азотныя мінеральныя ўгнаенні для сельскай гаспадаркі (аміяк, карбамід, карбаміда-аміячныя сумесі, сульфат амонію), а для хімічнай галіны краіны — капралактам, неабходны для атрымання хімічных валокнаў і нітак, а таксама метанол, азотную і серную кіслоты і іншыя віды прадукцыі (мал. 123).
У склад ААТ «Гродна Азот» уваходзіць «Завод Хімвалакно» — адно з вядучых прадпрыемстваў у СНД па вытворчасці нітак тэхнічнага прызначэння і кордных тканін з поліаміду-6 і адзінае ў СНД па вырабе высокатрывалых нітак (мал. 124).
Адкрытае акцыянернае таварыства «Гомельскі хімічны завод» з’яўляецца найбуйнейшым у краіне прадпрыемствам, якое выпускае фосфарзмяшчальныя мінеральныя ўгнаенні (амафос, азотна-фосфарна-калійныя ўгнаенні, аманізаваны суперфасфат), а таксама прадукцыю неарганічнага сінтэзу (серная кіслата, сульфат натрыю, фтарыд алюмінію, крыаліт, аэрасіл, або дыаксід крэмнію) (мал. 125).
Адкрытае акцыянернае таварыства «Магілёўхімвалакно» ўяўляе сабой комплекс вытворчасцей, звязаных адзіным тэхналагічным цыклам — ад атрымання зыходнай сыравіны (дыметылтэрафталату, поліэтылентэрафталату) да выпуску гатовай прадукцыі (поліэфірныя валокны, ніткі, нятканыя палотны) і вытворчасці на іх аснове тавараў народнага спажывання (мал. 126).
Адкрытае акцыянернае таварыства «Светлагорск Хімвалакно». У склад прадпрыемства ўваходзяць завод штучнага валакна і завод поліэфірных тэкстыльных нітак (мал. 127).
Завод штучнага валакна вырабляе матэрыялы тэхнічнага прызначэння (вугляродныя і тэрмаўстойлівыя, нятканыя з поліпрапілену).
Завод поліэфірных тэкстыльных нітак выпускае прадукцыю, якая выкарыстоўваецца ў вырабе тканін рознага прызначэння (плаццевыя, гарнітурныя, мэблевыя, тэхнічныя, для спецадзення), тэкстыльна-галантарэйных вырабаў (гардзіннацюлевыя вырабы і карункі, пальчаткі, вяроўкі, шнуры, стужкі), нятканых матэрыялаў, дывановых вырабаў, штучнага футра, трыкатажнага палатна для спартыўных вырабаў і хатняга тэкстылю, разнастайнага абіўнога матэрыялу для салонаў аўтамабіляў.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Белшына» (г. Бабруйск) — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў у СНД па вытворчасці шын для легкавых, грузавых, велікагрузных аўтамабіляў, будаўніча-дарожных і пад’ёмна-транспартных машын, электратранспарту, аўтобусаў, трактароў і сельскагаспадарчых машын (мал. 128).
Адкрытае акцыянернае таварыства «Лакафарба» (г. Ліда) — вядучае прадпрыемства ў Рэспубліцы Беларусь па вытворчасці лакафарбавых матэрыялаў рознага прызначэння: эмаляў, лакаў, грунтоў, фарбаў для разметкі дарог, водна-дысперсійных фарбаў, фасадных фарбаў (мал. 129).
Адкрытае акцыянернае таварыства «Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў» (мал. 130) выпускае вырабы з пластмас вытворчага прызначэння, тавары народнага спажывання, поліэтыленавую плёнку, поліэтыленавыя і поліпрапіленавыя трубы.
Акрамя пералічаных буйных хімічных вытворчасцей, у Рэспубліцы Беларусь паспяхова функцыянуюць прадпрыемствы, якія займаюцца вырабам бытавой хіміі, мыйных і касметычных сродкаў. Сярод іх ААТ «Брэсцкі завод бытавой хіміі», «Беліта-Вітэкс», «Модум» (г. Мінск) і іншыя.
На аснове хімічнай і біяхімічнай тэхналогій у нашай краіне шырокае развіццё атрымала фармацэўтычная галіна, звязаная з даследаваннем, распрацоўкай, масавай вытворчасцю лекавых прэпаратаў, прызначаных для прафілактыкі і лячэння хвароб. Асноўныя прадпрыемствы фармацэўтычнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь — РУП «Белмедпрэпараты» (г. Мінск), ААТ «Барысаўскі завод медпрэпаратаў», ААТ «Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў», СП ТАА «Фармлэнд» (г. Мінск), СААТ «Лекфарм» (г. Лагойск). На фармацэўтычных прадпрыемствах краіны вырабляецца каля 1,6 тысячы розных лекавых сродкаў.
Развіццё любой прамысловай хімічнай вытворчасці немагчыма без навуковага суправаджэння, інавацыйных распрацовак і фундаментальных даследаванняў. Гэтым у нашай краіне займаюцца навукова-даследчыя інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, галіновыя навукова-даследчыя інстытуты і профільныя кафедры вышэйшых навучальных устаноў.
Хімічная прамысловасць — найважнейшы сектар эканомікі Рэспублікі Беларусь.
Да асноўных галін хімічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь адносяцца горна-хімічная (атрыманне калійных угнаенняў), нафтахімічная (перапрацоўка нафты) і асноўная хімія (вытворчасць мінеральных угнаенняў, хімічных валокнаў і нітак, сінтэтычных смол і пластычных мас, гуматэхнічных вырабаў).
Пытанні, заданні, задачы
1. Чаму нашу краіну называюць «краінай вялікай хіміі»?
2. Назавіце хімічныя прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь, на якіх вырабляюць бензін, мінеральныя ўгнаенні, палімерныя плёнкі, штучнае валакно.
3. Назавіце прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь, на якіх вырабляюць лекавыя прэпараты, бытавыя хімікаты.
4. Прывядзіце вядомыя вам звесткі аб прамысловым атрыманні хлоравадароду, салянай і фосфарнай кіслот, а таксама адпаведныя ўраўненні хімічных рэакцый.
5. На якім прадпрыемстве ў Беларусі вырабляецца азотная кіслата? У аснове гэтай вытворчасці ляжыць атрыманне аміяку, з якога затым сінтэзуюць азотную кіслату. Прывядзіце магчымыя ўраўненні хімічных рэакцый.
6. Прывядзіце вядомыя вам звесткі аб прамысловым атрыманні мінеральных угнаенняў у Рэспубліцы Беларусь, а таксама адпаведныя ўраўненні хімічных рэакцый.
7. Сульфат амонію можа быць атрыманы з выкарыстаннем сульфату кальцыю, газападобных аміяку і СО2. Прывядзіце магчымыя ўраўненні хімічных рэакцый.
8. Напішыце ўраўненні рэакцый, з дапамогай якіх можна ажыццявіць наступныя ператварэнні:
P → P2O5 → Ca3(PO4)2 → CaHPO4 → H3PO4.
9. У ААТ «Гродна Азот» у вытворчасці аміяку выкарыстоўваюцца агрэгаты магутнасцю 1650 т аміяку ў суткі. Разлічыце мінімальныя аб’ёмы азоту і прыроднага газу (н. у.), якія спатрэбяцца для атрымання такой колькасці аміяку. Канверсію метану з утварэннем вадароду і чаднага газу лічыць поўнай (гл. с. 160).
10. У працэсе вытворчасці вадкіх азотных угнаенняў выкарыстоўваюць водныя растворы солей. Да ліку такіх угнаенняў адносяцца сумесі канцэнтраваных раствораў карбаміду (NН2)2СО і аміячнай салетры NH4NO3. Разлічыце масы 80%-нага раствору карбаміду і 70%-нага раствору салетры, якія трэба ўзяць, каб прыгатаваць адну тону вадкага ўгнаення, калі масавая доля (NH2)2CO ў ім павінна складаць 29,48 %, а NH4NO3 — 39,77 %. Вызначце масавую долю азоту ў такім угнаенні.