§ 51. Роля хіміі ў развіцці цывілізацыі

Прадукцыя хімічнай прамысловасці

Сярод прадукцыі хімічнай прамысловасці вылучаюць базавыя хімікаты, прадукты жыццезабеспячэння, спецыяльныя хімікаты і хімікаты бытавога прызначэння (мал. 119).

img
Мал. 119. Задачы, якія вырашае хімія ў інтарэсах устойлівага развіцця цывілізацыі

Базавыя хімікаты ўяўляюць сабой арганічныя рэчывы — прадукты перапрацоўкі нафты, прыроднага газу, а таксама неарганічныя рэчывы і ўгнаенні, атрыманыя з мінеральнай сыравіны.

Арганічныя рэчывы — этылен, прапілен, бензол, талуол, метанол, вінілхларыд, стырол, бутадыен і г. д. — з’яўляюцца зыходным матэрыялам для вытворчасці пластмас, штучных валокнаў і іншых больш складаных арганічных рэчываў. Найбольш запатрабаваныя такія палімеры, як поліэтылен, полівінілхларыд, поліпрапілен, полістырол, поліэтылентэрафталат.

Напрыклад, поліэтылен выкарыстоўваецца ў вытворчасці ўпаковачнай плёнкі, кантэйнераў і труб; полівінілхларыд — у вырабе трубаправодаў, аконных рам, сайдынгу; поліпрапілен з’яўляецца сыравінай для гэтых жа вырабаў, а таксама тканінных і дывановых пакрыццяў; полістырол ужываецца ў вытворчасці бытавой тэхнікі, дэталей аўтамабіляў, цацак і тавараў для адпачынку.

Поліэтылентэрафталат — адзін з самых распаўсюджаных палімераў. Ён неабходны для вырабу бутэлек і ўпакоўкі прадуктаў, тэкстыльных валокнаў, дэталей аўтамабіляў, выкарыстоўваецца як дыэлектрык у вытворчасці электратэхнічнага абсталявання. З яго робяць пратэзы клапанаў сэрца і сасудаў, штучныя звязкі і сухажыллі, ніткі, якія прымяняюцца ў хірургічных аперацыях.

Да буйнатанажных неарганічных хімікатаў адносяць аміяк, каменную соль (NaCl), хлор, каўстычную (NaOH) і кальцыніраваную соду (Na2CO3), серную, азотную, фосфарную, саляную кіслоты, дыаксід тытану і пераксід вадароду, фосфарныя, азотныя і калійныя мінеральныя ўгнаенні, сродкі для хімічнай меліярацыі глеб, прэпараты для дэзынфекцыі.

Прадукцыяй нафтахіміі з’яўляюцца розныя віды паліва — бензін, газа, дызельнае паліва, мазут.

Хімічныя працэсы выкарыстоўваюць таксама ў вытворчасці цэменту, шкла, керамікі, металаў.

Хімічныя прадукты жыццезабеспячэння чалавека і жывёл — гэта вітаміны і лекавыя прэпараты, рэактывы для дыягностыкі захворванняў.

Спецыяльныя хімікаты — гэта рэчывы і матэрыялы, прызначаныя для вырабу электронных і электратэхнічных прылад, ачышчальных сродкаў, ахоўных пакрыццяў, клеяў, герметыкаў, каталізатараў, харчовых дабавак і шмат чаго іншага.

Хімікаты бытавога прызначэння выкарыстоўваюцца ў вытворчасці мыйных сродкаў і сродкаў асабістай гігіены, парфумерыі і касметыкі. Гэта ўсё тое, з чым мы сутыкаемся паўсядзённа.

Наш свет хутка насычаецца прадуктамі хімічнай прамысловасці, для абыходжання з якімі на вытворчасці і ў побыце патрабуецца высокі ўзровень хімічных ведаў. Няўмелае ўжыванне рэчываў прыроднага і тэхнагеннага паходжання можа не толькі нашкодзіць людзям, якія знаходзяцца побач, але і мець глабальныя наступствы для ўсяго грамадства і прыроды. Таму без засваення хімічных ведаў нельга захаваць статус члена сучаснага грамадства.

Асноўныя задачы, якія вырашаюцца хіміяй у інтарэсах устойлівага развіцця цывілізацыі, адлюстраваны на малюнку 119.

З ужываннем некаторых хімічных рэчываў у паўсядзённым жыцці чалавецтва вы пазнаёміліся, вывучаючы матэрыял раздзелаў VI і VII. Напрыклад, хларыд натрыю і воцатная кіслата выкарыстоўваюцца ў прыгатаванні і кансервацыі ежы. Крышталегідраты сульфатаў медзі(II) і жалеза(II) выкарыстоўваюць у раслінаводстве як антысептычныя сродкі, а таксама як фунгіцыды — сродкі для барацьбы з грыбковымі захворваннямі раслін. Для павышэння ўрадлівасці кіслай глебы ў яе ўносяць мел або даламітавую муку. Гіпахларыт натрыю выкарыстоўваюць для дэзынфекцыі памяшканняў.