§ 51. Роля хіміі ў развіцці цывілізацыі

Сувязь хіміі з рознымі галінамі навукі і тэхнікі

Хімія дзякуючы сваёй стваральнай ролі была і застаецца значнай часткай сусветнай культуры. Яшчэ Парацэльс (1493–1541 гг.) адзначаў: «Хімік — гэта булачнік, калі ён пячэ хлеб, вінароб, калі ён робіць віно, ткач, калі ён тчэ сукно… Трэці слуп медыцыны ёсць хімія, бо без яе нельга прыгатаваць лекі…». Гэтую ж думку працягнуў М. В. Ламаносаў (1711–1765 гг.) вядомымі словамі: «Шырока распасцірае хімія рукі свае ў справы чалавечыя». Свет, у якім мы цяпер жывём, шмат у чым вызначаецца творчымі намаганнямі хімікаў па вывучэнні і сінтэзе хімічных рэчываў.

Хімічныя веды — аснова развіцця хімічных тэхналогій. Яны выкарыстоўваюцца ў машынабудаванні, нафтаперапрацоўцы, чорнай і каляровай металургіі, індустрыі будаўнічых матэрыялаў, шкла, керамікі, палімераў, лакаў і фарбаў, харчовай і фармацэўтычнай прамысловасці, у вырабе тавараў паўсядзённага попыту, у аграпрамысловым і абаронным комплексах.

Дасягненні ў хіміі нярэдка з’яўляюцца базай для развіцця сумежных з хіміях прыродазнаўчых навук і тэхнічных галін навукі: біялогіі, медыцыны, электронікі, металургіі і інш.