§ 45.1. Атрыманне металаў электролізам водных раствораў солей

Пытанні, заданні, задачы

1. Якія з рэчываў — каменная соль, цукар, медны купарвас, гліцэрына, серная кіслата — могуць падвергнуцца электролізу ў водным растворы?

2. Растлумачце, чаму алюміній нельга атрымаць электролізам воднага раствору яго хларыду.

3. Прывядзіце ўраўненні рэакцый на электродах пры электролізе воднага раствору сульфату нікелю(II).

4. Параўнайце прадукты электролізу расплаву і воднага раствору хларыдаў натрыю, нікелю(II) і медзі(II). Прывядзіце адпаведныя ўраўненні хімічных рэакцый.

5. Пры электролізе воднага раствору хларыду натрыю без падзелу электродных прастор можна атрымаць гіпахларыт натрыю. Прывядзіце магчымыя ўраўненні электродных працэсаў і хімічных рэакцый у растворы.

6. Прадукцыяй цэха мембраннага электролізу ААТ «Беларуськалій» з’яўляюцца водны раствор гідраксіду калію і саляная кіслата. Прывядзіце ўраўненні рэакцый, якія ляжаць у аснове атрымання гэтых рэчываў.

7. Як зменіцца канцэнтрацыя катыёнаў і аніёнаў у водных растворах CuCl2, Na2SO4, KI, NaOH, HCl пры электролізе? Прывядзіце адпаведныя ўраўненні рэакцый.

8. У якасці лабараторнага спосабу дэзынфекцыі вады выкарыстоўваецца электроліз воднага раствору хларыду натрыю ў партатыўных электралізёрах. Растлумачце працэсы, на якіх заснаваны гэты спосаб дэзынфекцыі вады.

9. Сырцом для атрымання цынку з’яўляецца руда, якая ўтрымлівае цынкавую падманку (ZnS). Прадукт яе абпалу раствараюць у сернай кіслаце і пасля некалькіх стадый ачысткі ад прымесей (Cu2+, Fe2+, Fe3+ і інш.) падвяргаюць электролізу. Прывядзіце ўраўненні хімічных рэакцый, якія ілюструюць усе асноўныя стадыі атрымання цынку.

10. Аксід марганцу(IV) атрымліваюць электролізам раствору сульфату марганцу(II) у прысутнасці сернай кіслаты. Падумайце, якія працэсы працякаюць на электродах і прывядзіце ўраўненні адпаведных рэакцый.