§ 42. Вугальная і крэмніевая кіслоты, іх солі

Вытворчасць будаўнічых матэрыялаў на аснове сілікатаў і карбанатаў

Прыродныя сілікаты і карбанаты служаць асновай для вытворчасці цэменту, бетону, шкла.

Цэмент атрымліваюць спяканнем вапняку CaCO3 і гліны, адна з састаўных частак якой — каалініт, які ўключае аксіды SiO2 і Al2O3.

ul

У працэсе спякання сумесі вапняку СаСО3 і каалініту Al2[Si2O5](OH)4 утвараецца складаная сумесь бязводных солей — сілікатаў і алюмінатаў кальцыю. Нагадаем, што пры змешванні такой тонка здробненай сумесі з вадой адбываецца гідратацыя, утварэнне крышталегідратаў, зрастанне асобных часцінак адна з адной (схопліванне) і атрыманне цвёрдага трывалага матэрыялу — цэментавага каменю.

Бетон вырабляюць з сумесі пяску, цэменту і вады. Дадаючы ў такую сумесь шлак, атрымліваюць шлакабетон. Калі свежапрыгатаванай сумессю заліваюць металічны каркас, то пры зацвярдзенні атрымліваюцца жалезабетонныя канструкцыі. Пры выкарыстанні ў якасці напаўняльніку газападобных рэчываў атрымліваюць пенабетон.

Шкло ўжываюць у будаўнічай сферы (шкленне вокнаў, вітражоў, дзвярэй, аранжарэй), у аптычнай прамысловасці, медыцыне, машынабудаванні, прыборабудаванні, сучаснай архітэктуры, электроніцы, побыце. Як адзначана вышэй у параграфе, сыравіна для вытворчасці шкла («варэння шкла») — карбанаты натрыю і кальцыю, а таксама аксід крэмнію(IV), гэта значыць крышталічная сода, мел або вапняк і кварцавы пясок (Na2CO3, CaCO3, SiO2). Як ужо адзначалася ў § 41, у састаў шкла ўваходзяць аксіды натрыю, кальцыю і крэмнію ў мольных суадносінах 1 : 1 : 6.

Для надання шклу асаблівых уласцівасцей у зыходную сумесь уводзяць дабаўкі. Так, для яго афарбоўвання выкарыстоўваюць розныя аксіды: СuO надае блакітны колер, FeO — зялёны, СоO — ад блакітнага да сіне-фіялетавага. Глушыцелі памяншаюць празрыстасць шкла, робяць яго матавым. Наклейванне палімерных плёнак павялічвае трываласць. Арміраванне металічным дротам надае дэкаратыўныя ўласцівасці і перашкаджае ўтварэнню вялікіх асколкаў пры растрэскванні. Варта адзначыць магчымасць шматразовай перапрацоўкі шкла.