§ 32.1. Азон

Фізічныя ўласцівасці і фізіялагічнае дзеянне

Азон — газ з рэзкім пахам, мае блакітны колер, у вадкім стане — сіні. Шчыльнасць азону пры н. у. у 1,5 разы большая за шчыльнасць кіслароду. Тэмпература кіпення –111,8 °С, што амаль на 70 °С вышэй, чым у кіслароду.

Азон вельмі таксічны. Яго адносяць да першага, самага высокага класа небяспекі. ГДК (гранічна дапушчальная канцэнтрацыя) азону ў паветры працоўнай зоны — 0,1 мг/м3. Характэрны пах азону пачынае адчувацца ўжо пры канцэнтрацыях 0,004–0,010 мг/м3, гэта значыць у шмат разоў ніжэйшых за гігіенічны нарматыў. Гэта важна для персаналу, які працуе з азонам. Прыборы, пры працы якіх генеруецца азон, варта выкарыстоўваць толькі ў памяшканнях з добрай вентыляцыяй.

Таксічнасць азону абумоўлена яго моцнай акісляльнай здольнасцю. Ён раздражняе і пашкоджвае тканкі органаў дыхання. Пры яго ўздзеянні на арганізм у выніку шэрагу рэакцый утвараюцца свабодныя радыкалы кіслароду. Тым не менш менавіта дзякуючы гэтым уласцівасцям азон валодае бактэрыцыдным, супрацьвірусным і супрацьгрыбковым дзеяннем.