§ 30. Галагены

Пытанні, заданні, задачы

1. Укажыце:

  • а) сімвалы элементаў галагенаў;
  • б) формулы простых рэчываў галагенаў;
  • в) біялагічную ролю кожнага з галагенаў;
  • г) па тры прадукты харчавання, якія ўтрымліваюць у значнай колькасці фтор, бром, ёд.

2. Для рада рэчываў F2 — Cl2 — Br2 — I2 пакажыце заканамернасць змены:

  • а) тэмпературы плаўлення;
  • б) тэмпературы кіпення;
  • в) актыўнасці ў рэакцыі з вадародам;
  • г) актыўнасці ў рэакцыі з металамі. Дайце тлумачэнні.

3. Разлічыце адносную шчыльнасць хлору па паветры.

4. Балон змяшчае 15 кг вадкага хлору. Разлічыце яго колькасць.

5. Складзіце формулы электронных канфігурацый атамаў фтору і хлору. Пакажыце падабенства і адрозненне ў электроннай будове гэтых атамаў.

6. Бром масай 4 г растварылі ў вадзе аб’ёмам 250 см3. Разлічыце масавую долю брому ў бромавай вадзе.

7. Складзіце ўраўненні рэакцый:

  • а) хлору з жалезам, натрыем, ёдыдам натрыю, этанам;
  • б) брому з жалезам, алюмініем, ёдыдам натрыю, бензолам;
  • в) бромавай вады з ёдыдам алюмінію, этыленам, фенолам, анілінам.

8. У балоне змяшчаецца звадкаваны хлор масай 50 кг. Вызначце, які аб’ём зойме хлор пры н. у.

9. Вызначце хімічную формулу солі, у якой масавая доля калію складае 31,836 %, хлору — 28,980 %, кіслароду — 39,184 %. Вызначце ступені акіслення атамаў.

10. У пранумараваных прабірках знаходзяцца растворы фенолу, ёдыду натрыю, хларыду калію. Прапануйце план распазнання рэчываў з дапамогай аднаго рэактыву. Складзіце ўраўненні адпаведных рэакцый.