§ 3.3. Асновы

Асновы — складаныя рэчывы, якія складаюцца з атамаў металаў і гідраксагруп ОН. Гідрат аміяку NH3 H2O таксама з’яўляецца асновай.

Шчолачы — растваральныя ў вадзе асновы; гэта моцныя электраліты, пры іх дысацыяцыі ў якасці аніёнаў утвараюцца толькі гідраксід-іоны.

Агульныя ўласцівасці шчолачаў — іх уздзеянне на індыкатары і ўтварэнне солей у рэакцыях з кіслотамі, кіслотнымі і амфатэрнымі аксідамі, амфатэрнымі гідраксідамі і солямі.

Нерастваральныя асновы ўзаемадзейнічаюць з кіслотамі, пры награванні раскладаюцца на аксід і ваду.

Амфатэрныя асновы нерастваральныя ў вадзе, узаемадзейнічаюць з кіслотамі і растворамі шчолачаў.

Шчолачы атрымліваюць электролізам водных раствораў солей, а таксама ўзаемадзеяннем шчолачных і шчолачназямельных металаў і іх аксідаў з вадой.

Нерастваральныя ў вадзе асновы атрымліваюць уздзеяннем шчолачаў на растворы солей металаў.