§ 3.3. Асновы

Наменклатура і класіфікацыя асноў

Назвы асноў складаюцца са слова «гідраксід» і назвы металу з указаннем яго ступені акіслення ў выпадку, калі яна пераменная: NaOH — гідраксід натрыю, Fe(OH)2 — гідраксід жалеза(II).

У аснове класіфікацыі асноў ляжаць розныя прыкметы.

1. Лік груп ОН. Па ліку груп ОН, якія прыходзяцца на адзін атам металу, адрозніваюць аднакіслотныя (NaOH, KOH, LiOH) і шматкіслотныя — Mg(OH)2, Ca(OH)2, Fe(OH)2 — асновы.

2. Растваральнасць у вадзе. Неарганічныя асновы — цвёрдыя рэчывы, за выключэннем гідрату аміяку NH3 H2O (мал. 6.3.). Па растваральнасці цвёрдыя асновы дзеляць на растваральныя (шчолачы) і нерастваральныя. Да шчолачаў адносяцца асновы, утвораныя металамі IA-групы (LiOH, NaOH і інш.) і шчолачназямельнымі металамі: Са(ОН)2, Sr(ОН)2, Ва(ОН)2. Дадзеныя пра растваральнасць асноў у вадзе прыведзены ў «Табліцы растваральнасці кіслот, асноў, солей» (гл. форзац падручніка).

3. Сіла электраліту. Вывучыўшы хімію ў 9-м класе, вы ўжо ведаеце, што па здольнасці дысацыіраваць на іоны ў растворах адрозніваюць моцныя і слабыя электраліты. Асновы дысацыіруюць на іоны металаў (або амонію NH subscript 4 superscript plus) і гідраксільныя групы ОН. Усе шчолачы з’яўляюцца моцнымі электралітамі. Да моцных электралітаў адносіцца нават маларастваральны Ca(OH)2.

Слабыя электраліты — усе нерастваральныя асновы, напрыклад Mg(OH)2, Cu(OH)2, Fe(OH)3 і растваральны NH3 H2O. Слабымі электралітамі з’яўляюцца гідраксіды, якія валодаюць амфатэрнымі ўласцівасцямі: Zn(OH)2, Be(OH)2, Cr(OH)3, Al(OH)3.

img
Мал. 6.3. Узоры асноў: а — гідраксід кальцыю, б — гідраксід натрыю, в — гідраксід медзі(II), г — гідраксід цынку, д — гідраксід алюмінію