§ 2. Простыя і складаныя рэчывы. Рэчывы малекулярнай і немалекулярнай будовы

Простыя і складаныя рэчывы

Па элементным саставе рэчывы дзеляць на простыя і складаныя.

Простыя рэчывы складаюцца з атамаў аднаго элемента, складаныя — з атамаў некалькіх элементаў.

З атамаў аднаго і таго ж элемента можа быць утворана некалькі розных па ўласцівасцях простых рэчываў. Так, элемент фосфар утварае рэчывы белы фосфар Р4, чырвоны Рчырвоны і чорны Рчорны, кісларод — уласна кісларод О2 і азон О3. Простыя рэчывы аднаго і таго ж хімічнага элемента называюць яго алатропнымі формамі (мадыфікацыямі).

Паняцце «простае рэчыва» нельга атаясамліваць з паняццем «хімічны элемент». Уласцівасці простага рэчыва — шчыльнасць, тэмпературы плаўлення, кіпення і інш. — адносяцца да ўстойлівай сістэмы або сукупнасці часціц рэчыва. Хімічны элемент мае характарыстыкі асобнага атама — зарад ядра, памеры атама, электраадмоўнасць, ступені акіслення і інш. З атамаў хімічных элементаў, а не з простых рэчываў складаюцца складаныя рэчывы: глюкоза складаецца з такіх элементаў, як вадарод, кісларод, вуглярод.

Нагадаем, што і простыя рэчывы, і асобныя атамы, як правіла, называюцца гэтак жа, як і адпаведны хімічны элемент, і абазначаюцца такімі ж сімваламі. Напрыклад, простае рэчыва медзь, хімічны элемент медзь і атам медзі абазначаюцца сімвалам Cu; простае рэчыва азот N2, элемент азот N і атам азоту N.

Пры наяўнасці алатропных мадыфікацый простыя рэчывы могуць мець розныя назвы. Напрыклад, элемент вуглярод С утварае простыя рэчывы з назвамі: графіт (Сграфіт), алмаз (Салмаз), фулерэн (С60).

Састаў і простага, і складанага рэчываў адлюстроўвае хімічная формула — умоўны запіс саставу рэчыва з дапамогай хімічных сімвалаў і лікавых індэксаў, які паказвае якасны і колькасны састаў рэчыва. Якасны састаў вызначаецца відам атамаў элементаў, якія ўтвараюць дадзенае рэчыва, а колькасны састаў паказвае суадносіны элементаў па ліку атамаў. Напрыклад, хімічная формула карбанату кальцыю СaСO3 паказвае, што рэчыва складанае, складаецца з элементаў кальцыю, вугляроду і кіслароду (якасны састаў), а суадносіны атамаў кальцыю, вугляроду і кіслароду ў рэчыве 1 : 1 : 3 паказваюць колькасны састаў.

Колькасныя суадносіны атамаў у рэчыве можна ўстанавіць рознымі метадамі. Так, суадносіны атамаў вугляроду і вадароду ў метане роўныя 1 : 4 і яго хімічная формула СН4, у бензоле гэтыя суадносіны роўныя 1 : 1, але, як вам вядома, яго хімічная формула С6Н6. Правамерна задаць пытанне: чаму ў хімічнай формуле бензолу індэксы 6 і 6, а не 1 і 1? Чаму ў хімічнай формуле простага рэчыва вадарод Н2 індэкс 2, а формула медзі Сu індэксаў не ўтрымлівае? Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, паўторым вядомыя вам звесткі пра будову рэчыва.