*§ 0-10. Сказы з параўнальнымі зваротамі, іх сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці

Паслухаем мовазнаўцаў

Параўнанні — гэта адна з граматычных форм канкрэтнага, наглядна-вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Пры дапамозе іх больш дакладна і маляўніча характарызуюцца прадмет, з’ява, дзеянне… Ужыванне некалькіх параўнальных злучэнняў у адным сказе набывае характар мастацкага прыёму. Павялічваючы колькасць прадметаў і з’яў, з якімі супастаўляецца адзін прадмет, аўтар дасягае дзвюх мэт: па-першае, павялічвае разнастайнасць паэтычных фарбаў апісання, па-другое, паглыбляе пазнанне самога прадмета апісання, што і дае магчымасць чытачу бачыць яго ў розных супастаўленнях з іншымі прадметамі жывым, канкрэтным, затрымаць на ім увагу: Стаяць, бы куль, бы лялька нейка, глядзець на пана, як той Лыска (Я. Колас) (Паводле А. Базыленка).