Печатать книгуПечатать книгу

*§ 0-10. Сказы з параўнальнымі зваротамі, іх сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 0-10. Сказы з параўнальнымі зваротамі, іх сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 4 Май 2024, 21:35

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Растлумачце, чаму ён так называецца.

                                                    Вечны запавет

Задзівіць серп маладзіковы
І клёна дальні сілуэт.
Душа, як тайны, прагне слова,
Бо кожны чалавек — паэт.
Бы вецер, абляцець гатовы
Зарэччы, пушчы — цэлы свет,
Душа, як волі, прагне слова,
Бо кожны чалавек — паэт.
Ззяць сонцам, бы штандар барвовы,
Між зораў, што вышэй ранет…
Душа, як тайны, прагне слова,
Бо кожны чалавек — паэт.
Калі кахаць — не напалову,
Вітаць — і выраі, і квет…
Душа, як ласкі, прагне слова,
Бо кожны чалавек — паэт.
Дзе праца, плён, там і абновы,
І гэты вечны запавет:
Душа, як шчасця, прагне слова
Пераўтвараць на шчасце свет!..
                                       А. Лойка.

Знайдзіце ў тэксце параўнанні. Вызначце іх ролю ў тэксце. Успомніце з урокаў літаратуры, што такое рэфрэн. Чым ён адрозніваецца ад параўнання?

Параўнанне. Параўнальныя звароты

У аснове параўнання ляжыць супастаўленне дзвюх з’яў з мэтай іх характарыстыкі адной праз другую. Параўнальныя канструкцыі падзяляюцца на злучнікавыя і бяззлучнікавыя. Злучнікавыя канструкцыі ўводзяцца ў просты ці складаны сказ пры дапамозе злучнікаў як, нібы, бы, як бы, быццам, як быццам, што, усё роўна як, усё роўна што і інш.
У саставе простага сказа параўнальныя злучнікавыя канструкцыі прадстаўлены параўнальнымі зваротамі. Параўнальныя звароты могуць быць развітыя і неразвітыя. Неразвітыя параўнальныя звароты складаюцца з аднаго слова: Ляжыць ён, як віцязь, у стоптаным жыце (М. Сурначоў). А развітыя параўнальныя звароты — з двух і больш слоў: Іржавы серп пад стрэшкаю гнілой, згарбелы, як матулі-вёскі доля (З. Марозаў).
Параўнальныя звароты могуць паясняць розныя члены сказа: Ручнічок закінула на плячо, выбегла сонейка, як дзяўчо (Д. Бічэль) (параўнальны зварот паясняе дзейнік); Адны з іх круглыя, як броўны (Я. Колас) (параўнальны зварот паясняе выказнік); Ці ўспомніцца, ці ўспомніцца рака і жоўты плёс? Мяне, нібы палонніцу, ты цераз кладку нёс (Я. Янішчыц) (параўнальны зварот паясняе дапаўненне); У яе былі прыгожыя цёмна-карыя вочы, з глыбіні якіх высвечвала нешта бурштынавае, быццам мёд (І. Чыгрынаў) (параўнальны зварот паясняе азначэнне); Мікола браў мяне лёгка, нібы ляльку, на рукі і танцаваў (В. Супрунчук) (параўнальны зварот паясняе акалічнасць).
Аднак у большасці сваёй параўнальныя звароты паясняюць выказнік: Агонь блішчыць, як воўча вока (Я. Колас); Нездарма кажуць: «Мужчына чырванее, як рак, жанчына чырванее, як мак» (Л. Дайнека).
У саставе складаназалежнага сказа параўнальныя злучнікавыя канструкцыі пададзены даданай параўнальнай часткай: І вось ужо святлее наўкол, ажывае душа, нібы кветка на сонцы (Л. Дайнека).
Бяззлучнікавыя параўнальныя канструкцыі прадстаўлены дапаўненнем у форме творнага склону: Чыстым золатам звісаюць кісці спелага аўса (А. Мілюць); І сястрыцай дольнай жураўліха скіне блаславёнае пяро (Я. Янішчыц); Скажы, чаму мне голас твой звініць чароўнаю струной? (А. Мілюць).

Паслухаем мовазнаўцаў

Параўнанні — гэта адна з граматычных форм канкрэтнага, наглядна-вобразнага адлюстравання рэчаіснасці. Пры дапамозе іх больш дакладна і маляўніча характарызуюцца прадмет, з’ява, дзеянне… Ужыванне некалькіх параўнальных злучэнняў у адным сказе набывае характар мастацкага прыёму. Павялічваючы колькасць прадметаў і з’яў, з якімі супастаўляецца адзін прадмет, аўтар дасягае дзвюх мэт: па-першае, павялічвае разнастайнасць паэтычных фарбаў апісання, па-другое, паглыбляе пазнанне самога прадмета апісання, што і дае магчымасць чытачу бачыць яго ў розных супастаўленнях з іншымі прадметамі жывым, канкрэтным, затрымаць на ім увагу: Стаяць, бы куль, бы лялька нейка, глядзець на пана, як той Лыска (Я. Колас) (Паводле А. Базыленка).

Практыкаванне 2

Прачытайце верш. Чаму ён так называецца? З якой мэтай выдзяляюцца ў вершы словы розных часцін мовы?

Спішыце тэкст, устаўляючы прапушчаныя літары і расстаўляючы знакі прыпынку. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры параўнальных зваротах і аднародных членах сказа.
Знайдзіце ў тэксце параўнанне, выражанае назоўнікам у творным склоне.
Растлумачце значэнне слова палясоўе праз падбор аднакаранёвых.
Складзіце схемы двух апошніх сказаў.

Практыкаванне 3

Прачытайце сказы з паэмы Я. Коласа «Новая зямля». Запішыце асобнымі групамі сказы з параўнальнымі зваротамі і з даданай параўнальнай часткай, расстаўляючы знакі прыпынку.

1. Эх, скошан луг, — і зніклі краскі бы тыя чары мілай казкі. 2. А авадні як рой пчаліны сляпіцай лезуць да скаціны. 3. Гудуць драпежна тнуцьл балюча бы крапіва тая пякуча. 4. Набыць дабра не надта лёгка, яно як шклечка тое крохка. 5. А гэты ветрык дураслівы траве зялёнай чэша грывы ў садку жартуе з верабінай як голец-хлопец з той дзяўчынай. 6. А чыгунок бы пан пузаты кіпіць пыхціць шуміць заўзята бо не з вадою ён а з сокам. 7. Зашэпчуць краскі між сабою нібы дзяўчаты маладыя. 8. Стаяць вакол маўкліва хвоі бы служкісл ў панскім дзесь пакоі.

Знайдзіце ў сказах фразеалагізм, які мае значэнне ‘назойліва прыставаць; дакучаць’.
Выпішыце кароткі дзеепрыметнік. Ці адпавядае ён граматычным нормам сучаснай беларускай мовы?

Практыкаванне 4

Прачытайце верш. Вызначце яго асноўную думку.

Няпраўда, што жыццё складаецца з гадоў.
Яно — адзін міг.
З імгненняў і будуецца,
Як чалавек з атамаў,
Як вулей — з сотаў,
Як кіно — з кадраў.
Як альбом — з фотак...
Як жа падабраць тыя мігі,
каб не рассыпаліся?
Як жа сабраць тыя мігі,
каб вымасціць дарогу ў рай?
                                     У. Ліпскі.

Якой часцінай мовы з’яўляецца як у вершы? Вызначце, канструкцыі з як з’яўляюцца параўнальнымі зваротамі ці параўнальнымі часткамі складанага сказа.
Паспрабуйце адказаць на пытанні аўтара тэксту, выкарыстоўваючы параўнальныя канструкцыі.
Да якой групы лексікі адносіцца слова фотка?
Выпішыце з тэксту тры словы з арфаграмамі, напісанне якіх адпавядае фанетычнаму прынцыпу.
Растлумачце пастаноўку працяжніка ў сказах.

Практыкаванне 5

Спішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары і расстаўляючы знакі прыпынку.

1. Я вымурзаўся ўсё роўна нібы возячы салому з поля (В. Супрунчук). 2. Маўчаць на ўзме..ку поля валуны. Яны як патаемныя піс..мёны н..воляць праўду мудрай даўніны забытых жней і сейбітаў імёны (З. Марозаў). 3. Сонца свеціць — усё роўна як бы смяецца з..млі (К. Чорны). 4. Жар-птушка — мара кожнага паэта — н..улоўная як зорнае святло (З. Марозаў). 5. Таму відаць як слепакі блукаем найлепшай долі з век.. у век шукаем а праўду не а..рознім ад маны (З. Марозаў). 6. Ты [Каложа] на заходзе як поўдзень сонечны. Васьмівяковая, i заўтра — сённяшняя (Д. Бічэль). 7. «Яны нібы школьнікі на перапынку», — усм..хнулася Алеся (А. Якімовіч). 8. Матул..й вышываны ру..нічок нібы сама гісторыя жывая (З. Марозаў). 9. Яна па..шла шпарка і менш як праз гадзіну да..шла да Шпулькевічавага дом.. (К. Чорны). 10. Цэнтральны савет будзе збірацца не рад..ей як адзін раз у год («Звязда»). 11. Менш як праз хвіліну ён в..рнуўся (К. Чорны).

Практыкаванне 6

Устанавіце адпаведнасць паміж фразеалагізмамі і іх значэннямі.

Фразеалагізм     

1) Як фенікс з попелу
2) Як Піліп з канапель
3) (Скрывіцца) як серада на пятніцу
4) (Наесціся) як на дзяды

Значэнне

а) ‘нечакана, неспадзявана’
б) ‘быць незадаволеным’
в) ‘выдатна, уволю’
д) ‘сімвал неўміручасці, вечнага абнаўлення, адраджэння’

Якія фразеалагічныя адзінкі суадносяцца з параўнальнымі зваротамі, а якія — з даданымі параўнальнымі часткамі?
Карыстаючыся «Этымалагічным слоўнікам фразеалагізмаў», раскажыце пра паходжанне запісаных фразеалагічных адзінак.
З двума фразеалагізмамі складзіце сказы. Растлумачце пастаноўку/непастаноўку знакаў прыпынку.