*§ 0-10. Сказы з параўнальнымі зваротамі, іх сэнсава-стылістычная роля і тэкстаўтваральныя магчымасці

Параўнанне. Параўнальныя звароты

У аснове параўнання ляжыць супастаўленне дзвюх з’яў з мэтай іх характарыстыкі адной праз другую. Параўнальныя канструкцыі падзяляюцца на злучнікавыя і бяззлучнікавыя. Злучнікавыя канструкцыі ўводзяцца ў просты ці складаны сказ пры дапамозе злучнікаў як, нібы, бы, як бы, быццам, як быццам, што, усё роўна як, усё роўна што і інш.
У саставе простага сказа параўнальныя злучнікавыя канструкцыі прадстаўлены параўнальнымі зваротамі. Параўнальныя звароты могуць быць развітыя і неразвітыя. Неразвітыя параўнальныя звароты складаюцца з аднаго слова: Ляжыць ён, як віцязь, у стоптаным жыце (М. Сурначоў). А развітыя параўнальныя звароты — з двух і больш слоў: Іржавы серп пад стрэшкаю гнілой, згарбелы, як матулі-вёскі доля (З. Марозаў).
Параўнальныя звароты могуць паясняць розныя члены сказа: Ручнічок закінула на плячо, выбегла сонейка, як дзяўчо (Д. Бічэль) (параўнальны зварот паясняе дзейнік); Адны з іх круглыя, як броўны (Я. Колас) (параўнальны зварот паясняе выказнік); Ці ўспомніцца, ці ўспомніцца рака і жоўты плёс? Мяне, нібы палонніцу, ты цераз кладку нёс (Я. Янішчыц) (параўнальны зварот паясняе дапаўненне); У яе былі прыгожыя цёмна-карыя вочы, з глыбіні якіх высвечвала нешта бурштынавае, быццам мёд (І. Чыгрынаў) (параўнальны зварот паясняе азначэнне); Мікола браў мяне лёгка, нібы ляльку, на рукі і танцаваў (В. Супрунчук) (параўнальны зварот паясняе акалічнасць).
Аднак у большасці сваёй параўнальныя звароты паясняюць выказнік: Агонь блішчыць, як воўча вока (Я. Колас); Нездарма кажуць: «Мужчына чырванее, як рак, жанчына чырванее, як мак» (Л. Дайнека).
У саставе складаназалежнага сказа параўнальныя злучнікавыя канструкцыі пададзены даданай параўнальнай часткай: І вось ужо святлее наўкол, ажывае душа, нібы кветка на сонцы (Л. Дайнека).
Бяззлучнікавыя параўнальныя канструкцыі прадстаўлены дапаўненнем у форме творнага склону: Чыстым золатам звісаюць кісці спелага аўса (А. Мілюць); І сястрыцай дольнай жураўліха скіне блаславёнае пяро (Я. Янішчыц); Скажы, чаму мне голас твой звініць чароўнаю струной? (А. Мілюць).