*§ 0-8. Сказы са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля сказаў са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сказы са звароткамі

Мэта сказаў са звароткамі — засяродзіць увагу слухачоў (чытачоў) на прадмеце паведамлення, перадаць загад, просьбу, пажаданне таго, хто гаворыць. Называючы адрасата, зваротак разам з іншымі членамі сказа ўдзельнічае ў камунікатыўнай функцыі маўлення.
Выбар пэўнай формы зваротка прама або ўскосна адлюстроўвае адносіны да субяседніка, абумоўленыя ўзроставымі, сацыяльнымі, асабістымі кантактамі, а таксама эмацыянальным станам таго, хто гаворыць, узроўнем яго маўленчай культуры.
Асноўная сфера ўжывання сказаў са звароткамі:
а) вуснае або пісьмовае дыялагічнае маўленне:
— Добрага дня, сейбіты! — раздаўся голас Андрэя Сцяпанавіча.
— Добры дзень, брыгадзір! — дружна пачулася ў адказ;
б) мова аратарскіх выступленняў: Шаноўныя настаўнікі, дазвольце павіншаваць вас з прафесійным святам;
в) маўленне дзелавога характару: Калегі, пачынаем пасяджэнне кафедры;
г) мова прыватнай і афіцыйнай перапіскі, дзе зваротак з’яўляецца формулай, з якой пачынаецца пісьмо: Дарагія мае сямейнікі, нарэшце з’явілася хвілінка напісаць вам;
д) мова паэтычных твораў: Ах, восень, восень, ты пад сонцам неапісальнай пекнаты (П. Броўка).