Печатать книгуПечатать книгу

*§ 0-8. Сказы са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля сказаў са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 0-8. Сказы са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля сказаў са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Декабрь 2024, 02:52

Практыкаванне 1

Прачытайце сказы з твораў З. Марозава. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры зваротках.

1. Кароль санетаў, велічны Петрарка, табе мае прачулыя радкі. 2. Маўклівы суразмоўца мой, Максім, я да цябе звяртаюся душою. 3. Бацькоўскі край, падчас выпрабаванняў не адштурхні, сагрэй бароў дыханнем маю душу, што ў цемру забрыла. 4. Ой краю родны, песенны, лясны, сюды прыехаў я невыпадкова. 5. О Беларусь, слязіначка планеты, дзе шмат пяшчоты светлай і тугі. 6. Табе я прысвячаю свой вянок, мая Радзіма, сэрцу дарагая. 7. Бацькоўскі кут, не раз ты мной апеты, няма на свеце лепшае красы. 8. О Беларусь! Табой узгадаваны, з удзячнасцю, паклонам і пашанай табе я прысвячаю свой вянок. 9. Тваё святло, старонка дарагая, у пералівах спеўнай збажыны. 10. О Беларусь, дай мудрасці сынам, дзён светлых дзецям і пяшчоты любым. 11. Люблю цябе, мой свеце жураўліны, калі страсаюць жухлае лісцё пад ногі мне журлівыя рабіны.

Вызначце, чым выражаны звароткі. Развітыя ці неразвітыя яны?
Складзіце схемы 4-га і 10-га сказаў.

Зваротак

Зваротак — слова або спалучэнне слоў, што называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаецца той, хто гаворыць: Спі, мой хлопчык, спі, мой слаўны, спі, мой залаты. У шчаслівы час, мой сыне, нарадзіўся ты (П. Глебка).
Асноўная сінтаксічная прымета зваротка тая, што ён не з’яўляецца членам сказа, хаця мае цесную сэнсавую і інтанацыйную сувязь са зместам сказа. Граматычную незалежнасць зваротка пацвярджае тое, што ён можа выносіцца за межы сказа: Мілы браце! У чужой хаце не нажыць табе багацця (Я. Колас).
У беларускай мове зваротак выражаецца не толькі назоўнікам у назоўным склоне (іншымі часцінамі мовы ў ролі назоўніка), але і формай старажытнага клічнага склону (пераважна ў мастацкім і гутарковым стылях): Дзякуй, хлопча, за ўвагу, надта рады, мой каток! (Я. Колас); Шумі, шумі, зялёны гаю, хоць трошкі сэрца супакой (М. Зарэцкі).
Разві́тая або неразві́тая структура зваротка залежыць ад мэты, зместу паведамлення.
На пісьме зваротак з а ў с ё д ы  в ы д з я л я е ц ц а знакамі прыпынку:
1. У пачатку, у канцы сказа зваротак аддзяляецца коскай, у сярэдзіне сказа выдзяляецца коскамі з абодвух бакоў: Шмат хто табе, Радзіма, прызнаваўся ў любві (М. Танк).
2. Калі зваротак стаіць у пачатку сказа і вымаўляецца з клічнай інтанацыяй, то пасля яго ставіцца клічнік: Мова! Як сонца маё беларускае, ты свецішся словам кожным (Я. Янішчыц).
3. Калі перад звароткам стаіць выклічнік і займеннік ты або вы, то в ы д з я л я е ц ц а  к о с к а м і толькі з в а р о т а к: Ой ты, маё сонца, як жа свеціш ясна! (Я. Купала).
4. Часціца о ад зваротка к о с к а й  н е  а д д з я л я е ц ц а: О Радзіма, табою напоўнена сэрца да краю (П. Панчанка).

Практыкаванне 2

Разгледзьце табліцу. На яе аснове падрыхтуйце паведамленне на тэму «Зваротак і знакі прыпынку пры ім» па наступным плане:

1. Лексіка-семантычная роля зваротка ў сказе.
2. Структура і спосаб выражэння зваротка.
3. Месца зваротка ў сказе.

Складзіце сказы, у якіх зваротак знаходзіўся б у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа. Запішыце іх.
Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго сказа, складзенага вамі.

Практыкаванне 3

Спішыце сказы, расстаўце, дзе неабходна, знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку, звароткі падкрэсліце. Раскажыце: а) якой часцінай мовы выражаны зваротак; б) развіты ён ці неразвіты; в) згодна з якім правілам зваротак выдзяляецца менавіта гэтымі знакамі прыпынку.

1. Жывеш не вечна чалавек перажыві ж у момант век (М. Багдановіч). 2. Хмаркі залатыя! Вы — прастору дзеці, ходзіце вы вечна па ўсім белым свеце (Я. Колас). 3. Вы шуміце, шуміце нада мною бярозы калышыце люляйце свой напеў векавы (Н. Гілевіч). 4. Вітаю вас як блізкіх родных старыя хвоі на палях (Я. Колас). 5. Прырода-маці мы твая часцінка (П. Панчанка). 6. Дыміся бульбай край маленства… (Р. Барадулін). 7. Ты чуеш дружа мой як плачуць журавы над зарывам асенніх журавін? (П. Панчанка). 8. Я з Мінска паклон перадаць табе рад i народу твайму горад-сад горад-брат (П. Панчанка). 9. Гэй ты братка Новы годзе што з сабою нам нясеш? (Цётка). 10. Не тужы ты Нёман адзінока па красуні Прыпяці шырокай (А. Русак).

Назавіце сказы, у якіх звароткі выражаны формай старажытнага клічнага склону.

Практыкаванне 4

З прапанаванымі словамі, словазлучэннямі складзіце і запішыце сказы, каб у адных прапанаваныя словы былі дзейнікам, а ў другіх — звароткам.

Родная Беларусь, беларуская зямля, дарагія вучні, слаўныя дзеці, шаноўныя настаўнікі, дарагі сябра, лю́бая матуля, любімая(-ы) сястра (брат), мілы дружа, паважаны чытач (глядач).

Звярніце ўвагу!

Звярніце ўвагу!

Звароткі з’яўляюцца адным з моўных сродкаў выражэння экспрэсіі. Называючы адрасата маўлення, зваротак уваходзіць у састаў сказа і разам з іншымі яго членамі абслугоўвае мову як сродак зносін. Звароткі садзейнічаюць стварэнню пэўнага каларыту, экспрэсіўнасці, уводзяць чытача ў эмацыянальную сферу выказвання.

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Растлумачце, з якой мэтай аўтар выкарыстоўвае звароткі ў тэксце.

Наша Бацькаўшчына!

Шпарка бегаеш ты, шэры воўк! Дуж ты на ногі, ходак на бягню, цягуч у дарозе. Але дарма… Бо не аббегаць табе, скараход-жывадзёр, за ўвесь ваўчыны век твой усіх прастораў старонкі нашае, не пратаптаць сцежак па ўсіх лясах нашых дрымучых. Не! Блудзіш і ты ў машка́х1-купінках нашых.
І ты, буцян2 магутнакрылы, бусел-чарнагуз3! Відзеў ты піраміды фараонаў егіпецкіх, у шкляной, бліскучай люстраной вадзе Ніла гістарычнага глядзеўся ты, прыгажун. Цераз нашага прадзеда, Дуная мнагаводнага, ляцеў ты, даўганогі, і многа старонак з рознымі людзьмі нянашынскай веры, і гаворкі, і аблічча відзеў ты! Але — дарма! Бо ніколі не выхадзіць ні табе, ні буслянятам тваім балот нашае зямелькі. Ніколі не красавацца табе бясконцай і неабгляднай уздоўжкі і ўшыркі стужкай палёў нашых разнаколерных, нашых лясоў зялёна-сініх, нашых рэчак ціхаводных, што вербалозам ды краскамі абраслі.
Бліскаеш ты, маланка-бліскаўка, скрозь усё неба божае бліскаеш, аж з краю ў край. Зверху ўніз рассякаеш ты, не ўгледзець калі, велізарнае бяздонне нябеснае. А дарма… Бо ніколі не асвяціць табе адразу старонкі нашае патаемнае! (М. Гарэцкі).

1машкі — імхі
2буцян — літаратурная форма бацян
3чарнагуз — абл. белы бусел (калі крылы бусла складзены, ствараецца ўражанне, што задняя частка птушкі чорная)

Назавіце формы слоў, якія не адпавядаюць сучасным нормам беларускай мовы.
Знайдзіце ў тэксце прыдаткі. Растлумачце, чым яны адрозніваюцца ад звароткаў.
Выпішыце з тэксту кароткія прыметнікі. Дайце ім граматычную характарыстыку.
Разгледзьце фотаздымак Браслаўскіх азёр. Карыстаючыся інфармацыяй з розных крыніц, падрыхтуйце рэкламны тэкст пра гэтыя мясціны для турыстаў розных узростаў. Выкарыстоўвайце звароткі.

Паслухаем мовазнаўцаў

Зваротак выкарыстоўваецца ва ўсіх стылях мовы. У афіцыйным стылі зваротак з’яўляецца лаканічным і яркім прыёмам вылучэння адрасата, у яго ролі выступаюць уласныя імёны, назвы асоб па прафесіі, пасадзе і г. д. Як правіла, такі зваротак ставіцца ў пачатку выказвання.
У гутарковым стылі зваротак звычайна ставіцца ў сярэдзіне сказа або ў канцы яго. У ролі зваротка шырока выкарыстоўваюцца словы з неканкрэтным лексічным значэннем: дружа, брат, родны, шаноўны і інш. Пры дапамозе іх перадаюцца сардэчнасць, спагада, пяшчота, ласка, іронія і г. д. У дыялогу персанажаў, рытарычных зваротах лірычных герояў сустракаецца форма былога клічнага склону, якая надае выказванню ў адных выпадках зняважлівы характар, у другіх — прастамоўна-фамільярны, у трэціх — падкрэслена ветлівы, у іншых — паэтычна ўзнёслы (Паводле Ф. С. Шумчыка, Т. Я. Старасценка, В. В. Урбан).

Практыкаванне 6

Прачытайце. Назавіце зваротак. З якой мэтай аўтар паўтарае яго ў тэксце?

Край мой беларускісл, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, —
Дай жа прыгарнуцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне напіцца, дай!
Той вады гаючай
З той крыніцы вечнай,
Дзе ад ран балючых
Ты арлоў вылечваў, —
Дай жа мне напіццасл, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне паслухаць, дай!
Як на лад пявучы
Старажытнай мовы
Тут гамоняць пушчы,
Там шумяць дубровы, —
Дай жа мне паслухаць, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне прайсціся, дай!
Па тваіх прасторах,
Па шляхах бясконцых,
Уначы — пры зорах,
Раніцойм — пры сонцы, —
Дай жа мне прайсціся, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай мне наглядзецца, дай!
На твае на пожні,
На лугі ды рэчкі,
Каб у час апошні
Ўзяць з сабой навекі, —
Дай жа наглядзецца, дай!
                                    Н. Гілевіч.

Якую ролю адыгрываюць дзеясловы ў тэксце ў форме загаднага ладу? Як яны ўтварыліся?
Растлумачце значэнне слова пожня праз падбор аднакаранёвых.
Якія формы старажытнага клічнага склону выкарысталі б вы пры звароце да роднага краю?
Выпішыце з тэксту словы, якія з’яўляюцца прыкладам пераходу дзеепрыметнікаў у прыметнікі.
Вывучыце верш і запішыце яго па памяці.

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль. Аргументуйце сваю думку. Складзіце план, перакажыце тэкст паводле плана. Сказы-прыклады, якія ілюструюць розніцу паміж звароткам і іншымі сінтаксічнымі з’явамі, запішыце. Зрабіце іх сінтаксічны разбор.

Для таго каб адрозніць зваротак і адасоблены прыдатак, трэба ўлічваць наступнае.сн Па-першае, зваротак, у адрозненне ад адасобленых прыдаткаў, не выконвае ацэначнай функцыі, а толькі называес асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца. Па-другое, прыдаткі звычайна маюць аднолькавую граматычную форму з паяснёным словам. Зваротак, наадварот, выражаецца назоўнікам у назоўным склоне (ці клічнай формай): Гуслям, княжа, (зваротак) не пішуць законаў (Я. Купала). Ах, сны, летуценніф мае залатыя, (прыдатак) які ж вы саткалі ўзор! (П. Глебка).
Звароткі трэба таксама адрозніваць ад назоўніка ў назоўным склоне (ці іменнага словазлучэння), які не выражае звароту, а акрэслівае тэму паведамленням, што раскрываецца ў наступным кантэксце (сказе): «Пакуты слова»… У паняцце гэтае трэба ўключыць іменна тыя пакуты, калі мне хочацца працавацьсл, а я не магу (Я. Брыль). (Паводле В. Рагаўцова).

Сказы са звароткамі

Мэта сказаў са звароткамі — засяродзіць увагу слухачоў (чытачоў) на прадмеце паведамлення, перадаць загад, просьбу, пажаданне таго, хто гаворыць. Называючы адрасата, зваротак разам з іншымі членамі сказа ўдзельнічае ў камунікатыўнай функцыі маўлення.
Выбар пэўнай формы зваротка прама або ўскосна адлюстроўвае адносіны да субяседніка, абумоўленыя ўзроставымі, сацыяльнымі, асабістымі кантактамі, а таксама эмацыянальным станам таго, хто гаворыць, узроўнем яго маўленчай культуры.
Асноўная сфера ўжывання сказаў са звароткамі:
а) вуснае або пісьмовае дыялагічнае маўленне:
— Добрага дня, сейбіты! — раздаўся голас Андрэя Сцяпанавіча.
— Добры дзень, брыгадзір! — дружна пачулася ў адказ;
б) мова аратарскіх выступленняў: Шаноўныя настаўнікі, дазвольце павіншаваць вас з прафесійным святам;
в) маўленне дзелавога характару: Калегі, пачынаем пасяджэнне кафедры;
г) мова прыватнай і афіцыйнай перапіскі, дзе зваротак з’яўляецца формулай, з якой пачынаецца пісьмо: Дарагія мае сямейнікі, нарэшце з’явілася хвілінка напісаць вам;
д) мова паэтычных твораў: Ах, восень, восень, ты пад сонцам неапісальнай пекнаты (П. Броўка).

Практыкаванне 109

Прачытайце. З апорай на тэкст дапішыце наступны сказ: Стылістычныя асаблівасці сказаў са звароткамі заключаюцца ў тым, што ... .

Зваротак часцей за ўсё ўжываецца, каб звярнуць увагу чытача ці слухача. У стылістычным плане розныя віды зваротка з’яўляюцца адным з найбольш выразных граматычных сродкаў мовы. У афіцыйным стылі яго выкарыстанне з’яўляецца лагічным, бо дазваляе дакладна абазначыць адрасата. У гутарковым стылі зваротак — адзін з абавязковых элементаў, які дае магчымасць выразна праілюстраваць адносіны суразмоўнікаў або стаўленне аўтара да адрасата.
У мастацкім творы, асабліва ў вершы, звароткі з’яўляюцца элементам рытарычных зваротаў. Пры іх дапамозе выражаецца безліч чалавечых пачуццяў — пяшчота, любоў, расчараваннесл, ухваленне, захапленне і г. д. У мастацкім і публіцыстычным маўленні развітыя звароткі становяцца сродкам ацэначнай характарыстыкі персанажаў і стылізацыі іх мовы: Зямелька мая, мая родная, запала ж ты ў душу (В. Шахаб).

Растлумачце правапіс канчаткаў назоўнікаў у родным склоне.
Выпішыце з тэксту простыя ўскладненыя сказы і зрабіце іх сінтаксічны разбор.
Выпішыце словы, што адпавядаюць правілу «Правапіс канчаткаў назоўнікаў у форме меснага склону адзіночнага ліку».

Практыкаванне 110

Ці згодны вы з думкай, што наша ўспрыманне мастацкага тэксту залежыць ад ступені яго разумення? Прачытайце верш-прысвячэнне А. Багамолавай «Максіму Багдановічу». Растлумачце, чаму аўтар ужывае розныя формы звароту да паэта. Якім чынам эмацыянальны настрой верша падтрымліваецца паўторамі, знакамі прыпынку? Што вы ведаеце пра зборнік «Вянок» паэта?

Добрай раніцы табе, Максімка!
Добры дзень табе, Максім!
Вечар добры табе, Максіме!
125 гадоў ты побач з намі ўсімі.
І жывеш ты ў вершах,
І ніхто не ведае,
які верш твой лепшы.
...Гэта ж трэба было так, гэта ж трэба
без сварак і звадак
ляцець да неба!
Гэта ж трэба было так казаць
Пра родныя нівы і родныя хаты...
І пра пяскі далёкае егіпецкай зямлі...
І так садзіць не ў Беларусі
Васількі заўзята,
Каб праз гады яны і прарасталі, і цвілі!..
Гэта ж трэба было так,
Гэта ж трэба...

Якую ролю адыгрываюць паэтычныя радкі, набраныя курсівам?
Паразважайце, якія моўныя сродкі дапамагаюць стварыць эстэтычна вартасныя вобразы.
Выпішыце з тэксту сказ з рознымі відамі сувязі. Пабудуйце яго схему.

Практыкаванне 111

Разгледзьце схемы сказаў са звароткамі. Раскажыце пра пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах са звароткамі.

1. З! ... !
2. ... , з, ... .
3. ... , з?
4. Эх, з, ... .
5. Эх ты, з, ... .
6. О з, ... !

Месца звароткаў у сказе. Знакі прыпынку ў сказах са звароткамі

Звароткі разам са словамі, якія да іх адносяцца, выдзяляюцца коскамі незалежна ад таго, якое месца займаюць у сказе: Мама, заставайся маладою, запаветнай песняю зямною... (Г. Дашкевіч); Шумі, сасна, пад ветрам рэзкім, твой шум — жыццё чужой душы (Р. Баравікова); Вы выйшлі ўдалеч, маладыя, вам доўга крочыць праз гады (П. Броўка); Абудзіся, зямелькі гаючая сіла! (А. Канапелька).
Калі зваротак раздзяляецца на часткі іншымі словамі, то кожная з частак выдзяляецца коскамі: Не плач жа, бярозка, не лі свае слёзы, красуня... (А. Куляшоў); Сонейка, як ты свеціш, яснае!
Калі звароткі стаяць у пачатку або ў канцы сказа і вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй, пасля іх ставіцца клічнік: Дзеці! Даражыце блаславеннем бацькоў, яно найдаражэйшая спадчына (У. Ліпскі); Беларуская мова! Ты ў сэрцах моладзі (З часопіса«Маладосць»); Ты ў працы мяне, беларуса, натхняеш, маё беларускае слова — крышталь! (П. Пруднікаў).
Выклічнікі пры зваротках аддзяляюцца коскамі, калі яны не маюць падкрэсленай клічнай інтанацыі: Э, мой хлопчыку, каб замак мог, як людзі, гаварыць! (Я. Колас); Эх, Іван, Іван! Самага галоўнага ты так і не разгадаў (І. Навуменка); Эх, матулечка, не трэба сумаваць.
Заўвага 1. Выклічнікі перад асабовымі займеннікамі коскамі не аддзяляюцца: Эх ты, жыццё, жыццё людское! (Я. Колас).
Заўвага 2. Не аддзяляецца коскай ад зваротка часціца о: О Беларусь, мая калыска, жыццё маё, прытулак мой! З гарачаю любоўю нізка схіляюся перад табой (П. Глебка).
Пасля выклічніка пры зваротку ставіцца клічнік, калі выклічнік вымаўляецца з адпаведнай інтанацыяй: Ах! Мікіта! Які ты малайчына, што адведаў хворага!

Практыкаванне 112

Прачытайце верш. Вызначце яго асноўную думку. Назавіце звароткі. Чым яны выражаны? Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры зваротках.

Роднаму слову

Я хачу, каб ты жыло, маё харошае,
трапяткое, мужнае і сціплае...
Ведаю, што не куплю цябе за грошы я,
шапаткое, мудрае і мілае...

Я хачу, каб выспела ты, гожае,
у душы маёй прывабнай песняю,
каб мелодыя плыла прыгожая
і гаіла далеч думкай весняю.

                                З. Калкоўская.

Практыкаванне 113

Прачытайце сказы. Спішыце, расстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку. Растлумачце іх пастаноўку.

1. Эх зіма Палютавала? (Г. Пашкоў). 2. Дабранач табе Белавежскаяф пушча і вежа каменнаясл і ўвесь родны край (Л. Валасюк). 3. Суседка мая ́ У акно зазірнула зноў лета (В. Дэбіш). 4. Шчасця мы Радзіма дарагая не шукаем за мяжой (М. Маляўка). 5. Летуценніца-вясна паглядзі мне ў вочы!.. (І. Карэнда). 6. Дарагі Іване Дзён колькі як збіраюся напісаць табе (Я. Скрыган). 7. Мілае сонца табе я здзівіласясн (Н. Маеўская). 8. Да сустрэчы да новай сустрэчы наша маці-зямля Беларусь! (С. Валодзька). 9. Ну браткі вось гэта служба дык служба (Ядвігін Ш.). 10. Эх луг шырокі Як жывы ты праменнем сонейка заліты (Я. Колас). 11. О мая Урсула ты аднойчы паспачувала адзінокай дзікай грушы ў полі (Г. Марчук). 12. Кувай зязюля мілая кувай не за сябе прашу — за родны край (М. Маляўка). 13. Маміна слова ласка твая без меж. Толькі ты мяне на зямлі трымаеш і да мамы мяне павядзеш... (Р. Барадулін). 14. Зямля маіх бацькоў табе я прысягаю, тут кожны каласок з любоўю абдымаю (А. Ралькевіч). 15. О Беларусь Мяне ты ўзрасціла (А. Грачанікаў). 16. Спявай івалга загойвай нашы душэўныя раны (Г. Марчук).

Практыкаванне 114

Спішыце прыказкі, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.

1. Дружба дружба цяжкая твая служба! 2. Не журыся тата будзе й наша свята. 3. Будзь сынок тату сынком, а тата — да смерці табе тата. 4. Гадуй маці дзеці будзеш шчасце меці. 5. Не бядуй сынок што кепска паслаўся, абы добра выспаўся. 6. Вазьмі Даніла што нам няміла. 7. Паглядзі сава якая сама.

Растлумачце сэнс прыказак.

Практыкаванне 115

Складзіце сказы са звароткамі па схемах на адну з тэм: «Беражыце прыроду», «Захоўвайце правілы дарожнага руху», «Захоўвайце правілы паводзін на вадзе».

1. З! ... ! 2. ... , з, ... ! 3. ... , з!

Практыкаванне 116

Напішыце сачыненне на тэму «Мой запавет нашчадкам», выкарыстоўваючы сказы са звароткамі.

Практыкаванне 117

Прачытайце ўрывак з пісьма Рыгора Барадуліна да сваёй маці.

Дарагая любая мамачка!

Даўно не пісаў табе, даўно не пытаў, як кукуе адна мая зязюлька баравая, шэрая.
Родная мамачка хацеў каб Новы год прайшоў дужа добра але не заўсёды тое бывае, што хочаш... Прабач мая дарагая залатая, палавіна серабра, калі што не так сказаў калі што не так зрабіў. Забегаўся, замітусіўся. Даруй дарагая Акуліна Андрэеўна за ўсё дрэннае за ўсё непрыемнае што ты бачыла ад мяне...
Рукі твае, галаву тваю цалую.

Рыгорка.

Назавіце сказы са звароткамі. Звярніце ўвагу на словы, якімі паэт называе сваю маці.
Спішыце выдзеленыя сказы, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку. Растлумачце іх пастаноўку.
Напішыце пісьмо сябру, бацькам, сваякам. Выкарыстайце звароткі.

Практыкаванне 118

Прачытайце. Пісьмова адкажыце на пытанне: Якія экспрэсіўныя сродкі сінтаксічнага ўзроўню дапамагаюць асэнсаваць змест тэксту, яго эстэтычнае ўспрыманне?

Экспрэсіўныя сродкі сінтаксічнага ўзроўню разнастайныя і па структуры, і па функцыі. Гэта і шматпрыназоўнікавасць, і аднародныя члены сказа, градацыя, назоўны ўяўлення, і парцэляцыя, рытарычнае пытанне і іншыя. Увогуле экспрэсіўны сінтаксіс вызначаецца багаццем стылістычных фігур, якія ўкладзены ў арыгінальную форму, ствараюць эстэтычна вартасныя вобразы (В. Гуліцкая).

Растлумачце змест выдзеленых сінтаксічных тэрмінаў з дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў або выдання: Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў: у 12 т. Том 7. Беларуская мова / рэдкал. : У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.] — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2017. — 496 с.

Практыкаванне 119

Якія звароткі выкарыстоўваем мы ў сваім маўленні? Бывае, што надакучліва-трафарэтныя зайчык мой, коцік мой, лісічка мая... А вось мовазнаўца І. Саматыя назвала зваротак «самым яркім этыкетным знакам». Чаму? Адкажыце на пытанне пасля прачытання наступнага тэксту.

Наша мова створана для пяшчоты, якая з веку ў век, з пакалення ў пакаленне перадавалася ў вібрацыях гукаў, мяккасці, мілагучнасці выразаў. І нездарма замілаваннем напоўнены самыя цёплыя словы, якімі мы ласкава называем блізкіх: татка, матулечка, бабулька, дзядок, браточак, сястрыца.
Наватм звычайныя звароты да чужых людзей беларусы ператваралі ў прыклад найвышэйшай пашаны. Нашы землякі здаўна любілі ўжываць словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, якія здольныя рабіць цуд, яднаючы розных людзей: браток ты мой, даражэнькі, сябровачка, суседачка, спадарынька. Гэтыя выразы прыйшлі ў беларускую літаратуру — скарбніцу ласкавых слоў.
Асабліва дапаможа гэта слоўнае багацце закаханымм. Калі пачытаць лепшых беларускіх паэтаў, то пяшчота стане часткай душы, якая назапасіць ласкавых, прыгожых слоў на кожны новы дзень. Як называць ЯЕ? Князёўна, панначка, ясачка, ласачка, красуня, бярозка, ластаўка легкакрылая, зорачка спагадная, сонейка яснае, шыпшына, кветачка, лілея, гаспадынька... Ці хаця б працытаваць У. Караткевіча: «Ты — нечаканая радасць. Ты — ночы ласкавай крок».
Знойдуцца словы і для ЯГО: міленькі, лю ́бы, каханы, галубочак мой, анёл ясны, саколік, князюхна, ясакар, ясны пан, уладар, волат, гаспадар, галава...
Нашы продкі далікатна вызначалі пачуцці, таму і не задаволіліся адным словам люблю, а стварылі сваё, адмысловае кахаю. Любіць можна ўсіх, а вось кахаць дзяўчыну, хлапчыну, сваю палавіну.
Дарыце ім радасць прыемных слоў штодня, і вы зразумееце, якую чароўную сілу мае ласкавае слова, калі яно сказана на роднай мове!сн

Назавіце сказы з адасобленымі членамі. Растлумачце знакі прыпынку ў іх.
У словах, пазначаных тлустым шрыфтам, вызначце націск.
Вызначце слова і як часціну мовы ў апошніх сказах.
Назавіце сказы з простым дзеяслоўным, састаўным дзеяслоўным і састаўным іменным тыпам выказніка.

Пабочныя канструкцыі

Практыкаванне 8

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Сфармулюйце і запішыце асноўную думку тэксту. 

На жаль, частка сучасных працэсаў у галіне лексікі — адкрытае i яўнае сведчанне зніжэння агульнай культуры грамадства, узмацнення яго варварызацыі. Такім, на нашу думку, з’яўляецца ўжыванне нецэнзурнай лексікі. Яе выкарыстанне ў публічным маўленні аб’ектыўна падмацоўвае пазіцыі вульгарызмаў. Шматкроп’е, якое ўводзіць журналіст з тым, каб чытач сам узнаўляў у памяці нецэнзурны выраз, шумавыя накладкі на нецэнзурныя словы або празрыстыя намёкі на лаянкавую лексіку — усё гэта спробы парушэння табу.
Вядома, што забарона на ўжыванне пэўных слоў абумоўлена не толькі сацыяльна-палітычнымі, але i гістарычнымі, культурнымі i этычнымі фактарамі, якія дзейнічаюць на працягу доўгага часу. Варта падкрэсліць, што адмаўленне ад табу небяспечна па многіх прычынах. Як вядома, лаянкавыя словы — гэта форма вербальнай агрэсіі, зневажальных адносін не толькі да непасрэдных удзельнікаў размовы, але i да ўcix, хто яе чуе (Л. Выгонная).

Выпішыце сказы з пабочнымі канструкцыямі. Растлумачце іх ролю ў маўленні. Абгрунтуйце пастаноўку знакаў прыпынку.
Зрабіце сінтаксічны разбор аднаго сказа з пабочнымі канструкцыямі.
Выкажыце сваё меркаванне адносна ўжывання ненарматыўнай лексікі.
Выпішыце запазычаныя словы, вусна растлумачце іх значэнне.

Практыкаванне 9

Прачытайце. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры пабочных словах.

1. Ноч. Вясна. Шэкспір. Санеты. Лёгкі шолах пад акном… Можа, гэта цень Джульеты завітаць жадае ў дом (З. Марозаў). 2. Як вядома, героі казак вельмі часта з’яўляюцца на свет у выніку тых ці іншых надзвычайных праяў або маюць на сабе які-небудзь надзвычайны знак (Я. Колас). 3. Напэўна, кожны чалавек — ад прыроды чалавек. Жыццё робіць з яго генія або злыдня (В. Быкаў). 4. — Уяўляеце, барвінак расце тут з васямнаццатагам стагоддзя! — раскрыла задуменныя вочы Аленка (Л. Адамовіч). 5. На шчасце, Колас меў пры сабе сшыткі з паэмаю і ахвотна згадзіўся пачытацьсн (Я. Дыла). 6. Сапраўды, там, ля скал, рухаліся чорныя кропкі (Я. Маўр). 7. Тэорыя, тэорыя… Нідзе і ні ў чым, мусіць, яна не бывае такою бездапаможнаю, як у каханні (З. Прыгодзіч).

Знайдзіце сярод прапанаваных сказаў назыўныя. Растлумачце, чым выражаны галоўныя члены ў іх.

Практыкаванне 10

Прачытайце сказы, выпісаныя з газеты «Звязда». Раскажыце пра ролю пабочных слоў у публіцыстычным стылі.

1. На шчасце значную ўвагу конкурс кінапраектаў аддаў дакументальным фільмам: у спісе ўтрымліваюцца цэлыя дванаццаць заявак. 2. Несумненна найбольшы патэнцыял развіцця адносін ляжыць у вобласці прыкладання вялізнага інвестыцыйнага патэнцыялу. 3. З іншага боку Пекін таксама можна і трэба зразумець. 4. Праўда праглядае жаданне надаць дзеі філасафічнасці. 5. Такім чынам далейшае эканамічнае аб’яднанне з Мінскам, Астаной і Ерэванам з’яўляецца адназначна перспектыўным.

Спішыце сказы, расстаўляючы знакі прыпынку. Абгрунтуйце іх пастаноўку.
Растлумачце, на чым дазваляюць акцэнтаваць увагу чытача выкарыстаныя ў сказах пабочныя словы.
Запішыце выдзеленыя назоўнікі ў форме меснага склону адзіночнага ліку.

Практыкаванне 11

Разгледзьце табліцу. На яе аснове са словамі аднак, бадай, відаць, вядома складзіце па два сказы, каб у адным выпадку адзінкі выступалі як пабочныя, у другім — з’яўляліся членамі сказа (або злучнікам, часціцай).

Устаўныя канструкцыі

Устаўныя канструкцыі — сінтаксічныя адзінкі, якія дапаўняюць, паясняюць, удакладняюць інфармацыйны змест сказа ці яго асобных членаў. Такія канструкцыі звязаны са сказам сэнсава і інтанацыйна: вымаўляюцца паніжаным тонам і паскораным тэмпам. На пісьме ўстаўныя канструкцыі афармляюцца дужкамі або працяжнікамі.
Паводле структуры ўстаўныя канструкцыі падзяляюцца:
•на ўстаўныя словы: Яблык апісаў над Кастусём дугу (пералёт!) і мякка ўпаў на пясок (Ф. Янкоўскі);
•устаўныя спалучэнні слоў: На глухіх паўстанках (пяць далёкіх вёрст) будзе слацца ельнік лапкамі напрост (П. Броўка);
•устаўныя сказы: Прыснілася, што сею жыта (чамусьці часта сны такія сняцца) (М. Танк).

Практыкаванне 12

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце да тэксту загаловак.

З якою ахвотаю садзіліся рабіць урокі! Раскладаеш на акне — шырокі падаконніксл доўга быў для мяне пісьмовым сталом — новыя кнігі, новыя сшыткі (усё новае!) і садзішсяф на лаўку. Радуешся цеплыні падаконніка — ласкавае сонца на пачаткум восені добра грэесн.
Новыя кнігі і сшыткі прыходзілі да нас, праўда, потым, ужо ў старшых класахсн. А спачатку — адзін буквар на тры вёскі. І мы, не ведаючым яшчэ ўсіх літар і не ўмеючы пісаць, мусілі кожны дзень перапісваць урокі, каб потым ужо вучыццас чытаць. А які экзатычны выглядсл мелі нашы сшыткіф! Мы самі рабіліс іх са старых газет, са шпалéраў, з рознакаляровыхсл кавалкаў абгортачнай паперы… Рэзкі пах мелу і наша бурае, падобнае на зямлю, чарніла, якое мы самі варылі з ваўчыных ягад — крышынніку…
І для нас не было тут нічога дзіўнага. Тады, у цяжкія пасляваенныя гады, не было дзіўна, што настаўніца (а гэта званне ў вёсках заўсёды ставілася высока) хадзіла ў бурках, а не ў модных чаравічках. У той час, калі ўсе хадзілі босыя, гэта было нават нейкім шыкам (Паводле Я. Сіпакова).

Якія факты сведчаць пра ўмовы вучобы ў пасляваенныя гады? Чаму настрой тэксту светлы, урачысты, а тэкст не пакідае змрочнага, сумнага ўражання, хаця гаворка ў ім ідзе пра вучобу ў цяжкія пасляваенныя гады?
Выпішыце сказы з устаўнымі канструкцыямі, растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў іх.

Паслухаем мовазнаўцаў

Пабочныя і ўстаўныя канструкцыі выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях маўлення. Функцыянальная актыўнасць гэтых адзінак тлумачыцца перш за ўсё іх здольнасцю разнастайна перадаваць сэнсавыя і эмацыянальныя адценні.
У мове мастацкай літаратуры пабочныя канструкцыі часта выкарыстоўваюцца для стварэння моўнай характарыстыкі персанажаў.
Устаўныя канструкцыі ў мастацкіх творах выкарыстоўваюцца як сродак стварэння шматпланавасці, разгорнутасці паведамлення (Паводле дапаможніка «Стылістыка беларускай мовы»).

Практыкаванне 13

Спішыце сказы, расстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку.

1. Хоць як не дзіва! дом гэты выстаяў пад громам навальніц (М. Танк). 2. Тэўтон з Рыгі Браціла не ведаў ягонае імя быў высокі, танклявы ў поясе, але шыракагруды (Л. Дайнека). 3. Раптам ну быццам нехта павярнуў чараўнічае кола! з ночы замурзанае неба ажывілася... (К. Кірэенка). 4. У садках іх мелі не ўсе вяскоўцы паспелі яблыкі, грушы (Ф. Янкоўскі). 5. Можа, буйная рыбіна ўдарыла хвастом, а можа і Белавалоду так падалося, птушка, узлятаючы, шкрабнула паверхню вады моцным крылом (Л. Дайнека).

Назавіце сказ з пабочным словам.

Практыкаванне 14

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце да тэксту загаловак.

Яна магла б быць сапраўднай набелісткай. Прынамсі, мела на гэта ўсе шансы, прычым двойчы — у 1905-м і 1909-м. Хто яшчэ з нашых майстроў пяра мог бы гэтым пахваліцца?
Зрэшты, яна б не хвалілася. Яна, Эліза Ажэшка, была сарамлівай і сціплай. Сапраўды, яна марыла пра прызнанне і славу. Але ўсё ж бянтэжылася перад мэтрамі ўзроўню Талстога. Яму і прайграла сваю першую Нобелеўку. За Талстога, вядома ж, шчыра парадавалася.
Паміж імі існуе нейкая зага..кавая літаратурная і чалавечая сувязь якая штурхае на пошукі падрабязнасцей. Як Леў Міхайлавіч а..гукаўся на творы Элізы Ажэшкі а ён адгукаўся!? Колькі іх надрукавана ў талстоўска-чарткоўскім «Пасрэдніку» па ўсім зразумела што н..мала!? За які твор ён паставіў ёй «плохо…2» па сваёй звы..цы ацэн..ваць працы літаратараў баламі між іншым свой твор надрукаваны ў тым жа часопісе ён ацаніў «неважно…3»? Урэшце рэшт пісаў ён прадмову да яе «Хам..» ці не? Тэма «Ажэшка — Талстой» вельмі прыцягвае. Але калі Талстой безумоўна зорка першай в..лічыні і блі..чыць у сузор’.. то Ажэшка адзінокая вандроўніца-камета светлы але досыць туманны аб’ект які цягне за сабой такі ж светлы туманны шлейф… Ра..гадаць гэты шлейф… Хіба атрымаецца? Зрэшты недзе яна пісала: «Аптычным прыборам які найбольш пав..лічвае прадметы з’яўляецца іх та..мнічасць».
Яна не мае патрэбы ў штучным павелічэнні. Яна без аніякіх аптычных прыбораў вялікая. Чуеце (чытаеце гэтыя радкі) тыя, хто сцвярджае, нібыта не належыць яна да класікаў беларускай літаратуры? Чытайце — і знойдзеце. Чытайце яе творы — і знойдзеце яе нашым класікам.
Тое, што пісала яна, актуальнае для нас праз стагоддзі. Ёй не трэба было зазіраць у будучыню — дастаткова было зазірнуць у чалавека (С. Воцінава).

Чаму аўтар сцвярджае, што Э. Ажэшка з’яўляецца класікам беларускай літаратуры?
Дакажыце мэтазгоднасць ужывання пабочных слоў і ўстаўных канструкцый у тэксце.
Спішыце другі абзац тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары і расстаўляючы неабходныя знакі прыпынку. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку пры пабочных словах і ўстаўных канструкцыях.
Разгледзьце фотаздымак Дома-музея Элізы Ажэшкі. Карыстаючыся рознымі крыніцамі, раскажыце пра яго.

Адрозненне пабочных сказаў ад устаўных

Каб адрозніць пабочныя сказы ад устаўных, трэба памятаць:
Пабочныя сказы часта называюць крыніцу паведамлення, указваюць на сувязь з іншымі паведамленнямі, выражаюць адносіны моўцы да выказанай думкі, маюць агульную ацэнку паведамлення (як кажуць, на мой погляд, як мы спадзяваліся, здаецца, галоўнае, самае галоўнае, напрыклад, скажам і інш.): Рэчка, як нам здавалася, пачынала мялець (І. Навуменка).
Пабочныя сказы вызначаюцца запланаваным характарам выкарыстання ў маўленні. Іх граматыка і інтанацыя звязаны з граматыкай і інтанацыяй усяго сказа: Рады я. Маё жаданне, бачу я, спаўняецца (П. Броўка).
Устаўныя сказы перадаюць дадатковыя паведамленні, звесткі, заўвагі, розныя ўдакладненні, тлумачэнні: Амаль хлопчыкам (было яму ўсяго сямнаццаць) Васіль Быкаў сустрэў вайну (П. Панчанка).
Граматычна і інтанацыйна ўстаўныя сказы выдзелены з асноўнага сказа. Яны як бы нечакана з’яўляюцца ў маўленні, разрываючы сувязі паміж словамі: Маленькую даніну — зарынкі родных слоў — прымі, сястрыца Ніна, на шчырую любоў (С. Панізнік).

Практыкаванне 15

Прачытайце, захоўваючы правільную інтанацыю. Выпішыце асобна сказы з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Расстаўце знакі прыпынку і абгрунтуйце іх пастаноўку.

1. І Костусь мушу я прызнацца ўжо ўмеў на дошцы распісацца (Я. Колас). 2. Добра знаёмая мне настаўніца не ведаю дзе яна і што з ёю расказвала пра былую суседку. 3. Шумнаю, гаманліваю грамадою а было іх чалавек пятнаццаць накіраваліся яны ў бок возера (Я. Колас). 4. Спрадвеку як людзі сцвярджаюцьс праз бор наш гасцінец ляжаў (М. Калачынскі). 5. Настаўнік убачыўшы панну Марыну а гэта была яна мімаволі спыніўся (Я. Колас). 6. Трапіўшы ў даволі сталым узросце на Палессе Якуб Колас тады настаўнік Кастусь Міцкевіч палюбіў гэты край назаўсёды. 7. Праўду кажуць што касіць справа не абы-якая, мужчынская справа (І. Мележ).