*§ 0-8. Сказы са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля сказаў са звароткамі, пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі ў тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Паслухаем мовазнаўцаў

Зваротак выкарыстоўваецца ва ўсіх стылях мовы. У афіцыйным стылі зваротак з’яўляецца лаканічным і яркім прыёмам вылучэння адрасата, у яго ролі выступаюць уласныя імёны, назвы асоб па прафесіі, пасадзе і г. д. Як правіла, такі зваротак ставіцца ў пачатку выказвання.
У гутарковым стылі зваротак звычайна ставіцца ў сярэдзіне сказа або ў канцы яго. У ролі зваротка шырока выкарыстоўваюцца словы з неканкрэтным лексічным значэннем: дружа, брат, родны, шаноўны і інш. Пры дапамозе іх перадаюцца сардэчнасць, спагада, пяшчота, ласка, іронія і г. д. У дыялогу персанажаў, рытарычных зваротах лірычных герояў сустракаецца форма былога клічнага склону, якая надае выказванню ў адных выпадках зняважлівы характар, у другіх — прастамоўна-фамільярны, у трэціх — падкрэслена ветлівы, у іншых — паэтычна ўзнёслы (Паводле Ф. С. Шумчыка, Т. Я. Старасценка, В. В. Урбан).