*§ 4-2. Аднасастаўныя сказы, іх віды і спосабы выражэння галоўнага члена ў іх. Размежаванне няпоўных і аднасастаўных сказаў. Сэнсава-стылістычная роля аднасастаўных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 15

Прачытайце тэкст. Выпішыце аднасастаўныя сказы. Зрабіце іх поўны сінтаксічны разбор.

Кастрычніцкай парой мне найбольш падабаецца адно цудоўнае прыроднае дзейства – танец ападаючай лістоты. Любавацца ім магу бясконца. У сонечныя дні ад жоўта-залатога хараства імгненна яснее і маладзее свет, а нябесны блакіт цешыць крыштальнай празрыстасцю. У такія хвіліны хочацца, не абцяжарваючы галаву думкамі, куды-небудзьм ісці або ехаць. Хочацца ўдосталь налюбавацца прыгажосцю роднай зямлі...
Залатая мяцеліца – развітальны падарунак восені перад блізкім сезонам дажджоў, слоты і халадоў. Ні прыродзе, ні чалавеку ад яго, на жаль, нікуды не дзецца.
Варта прыняць гэты час і пастарацца перажыць «прыцемкі года», не страціўшы душэўнай гармоніі і раўнавагі. Для іх захавання патрэбна бачыць незвычайнае ў будзённым.
Добрае слова, сказанае своечасова. Шчырая ўсмешка, падораная незнарок. Незабыўныя ўражанні ад прачытанай кнігі ці прагледжанага фільма. Водар яблычнага пірага... Гэтыя і іншыя маленькія радасці не толькі ўзнімуць настрой, але і расфарбуюць шэрыя восеньскія дні яркімі колерамі.
А ліст, які ападае, стане ўвасабленнем надзеі і вечнага абнаўлення жыцця (Паводле І. Матусевіч).

Растлумачце пастаноўку працяжнікаў у сказах тэксту.