Печатать книгуПечатать книгу

*§ 4-2. Аднасастаўныя сказы, іх віды і спосабы выражэння галоўнага члена ў іх. Размежаванне няпоўных і аднасастаўных сказаў. Сэнсава-стылістычная роля аднасастаўных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 4-2. Аднасастаўныя сказы, іх віды і спосабы выражэння галоўнага члена ў іх. Размежаванне няпоўных і аднасастаўных сказаў. Сэнсава-стылістычная роля аднасастаўных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 27 Апрель 2024, 11:04

Практыкаванне 1

 Прачытайце тэкст. Вызначце яго тэму і асноўную думку.

Беларусь, ты не забыта.
У душы, як Божы знак:
Хата… Канюшына… Жыта…
Бульба… Бусел… Шпак…
Мроя… Хлопец закаханы…
Цемра… Шлях дамоў…
Беларусь, ты збудавана
З беларускіх слоў!

                      Л. Дайнека.

Назавіце двухсастаўныя і аднасастаўныя сказы. Вызначце від аднасастаўных сказаў. Абгрунтуйце мэтазгоднасць іх ужывання ў тэксце.
Выпішыце з тэксту кароткі дзеепрыметнік. Пакажыце, як ён утварыўся.
Складзіце схему апошняга сказа.

Аднасастаўныя сказы, іх віды і спосабы выражэння галоўнага члена ў іх

Практыкаванне 2

Разгледзьце схему. Запішыце ўласныя прыклады на ўсе віды аднасастаўных сказаў.
З дапамогай схемы па памяці ўзнавіце азначэнне пэўна-асабовага, няпэўна-асабовага, абагульнена-асабовага, безасабовага, назыўнога сказаў.

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Раскажыце пра ролю аднасастаўных сказаў у тэкстах розных стыляў.

Аднасастаўныя сказы больш экспрэсіўныя і дынамічныя, чым двухсастаўныя (апошнія ўжываюцца ва ўсіх стылях мовы).
Безасабовыя сказы часцей выкарыстоўваюцца для характарыстыкі псіхічнага і фізічнага стану чалавека, з’яў прыроды, дзеянняў і працэсаў, якія адбываюцца незалежна ад утваральніка: Дужа хацелася заплакаць, калі б былі слёзы (В. Быкаў); Удзень зноў было ціха. Моцна захаладала (І. Шамякін). Безасабовыя сказы таксама ўжываюцца ў афіцыйным стылі (пры афармленні пратаколаў, пастаноў, афіцыйных паведамленняў і г. д.).
Няпэўна-асабовыя сказы выражаюць факты, падзеі, пры гэтым суб’ект дзеяння невядомы ці не называецца: — Ну як камуна? — запытаў Пятрок. — Сарганізавалі ўжо? — Пастанавіліся Гужа раскулачыць, — сказала яна (Сцепаніда) аб іншым (І. Мележ); Моцна спалохалася, калі Мінск пачалі бамбіць… — На Камароўцы лаўкі грабяць! (І. Шамякін).
У абагульнена-асабовых сказах дзеянне, абазначанае галоўным членам сказа, можа адносіцца да кожнай асобы. Такія сказы выражаюць вывад, павучэнне, а таму шырока выкарыстоўваюцца ў вуснай народнай творчасці: Не чапай чужога і не бойся нікога; На Бога спадзявайся, але і сам старайся; Выказанага слова да губы не вернеш.
Намінатыўныя сказы толькі называюць прадметы або з’явы. Яны надзвычай лаканічныя, кароткія. У афіцыйным стылі намінатыўныя сказы звычайна выкарыстоўваюцца для канкрэтызацыі адрасата: Беларусь. Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка». У творах мастацкай літаратуры пры дапамозе намінатыўных сказаў дэтальна перадаецца апісанне асяроддзя, падзей, ствараюцца наглядныя малюнкі прыроды: Бор. Сасновыя шаты. Ды верас. Ды мох. Чалавек барадаты. Цяпельца. Дымок (А. Куляшоў). (Паводле Ф. С. Шумчыка, Т. Я. Старасценка, В. В. Урбан).

Прывядзіце прыклады выкарыстання аднасастаўных сказаў у тэкстах афіцыйнага стылю.
З якіх твораў І. Мележа і І. Шамякіна прыведзены цытаты?

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку.

Чаму аўтар называе Якуба Коласа гаспадаром? Што сімвалізуе ніва ў вершы?
Выпішыце з тэксту аднасастаўныя сказы. Вызначце іх тып і спосабы выражэння выказніка.
Знайдзіце ў тэксце дзеясловы ў неазначальнай форме. Утварыце ад іх і запішыце магчымыя формы дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў.

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст, замяняючы неазначальную форму дзеясловаў формай 2-й асобы множнага ліку загаднага ладу. Вызначце стыль тэксту. Падбярыце да яго загаловак. Каму можа быць адрасаваны гэты тэкст?

1.Прамова павінна быць падрыхтавана і папярэдне прадумана.
2.План выступлення размяшчаецца на адным баку ліста паперы; яго не варта пісаць на некалькіх лістах.
3.Калі прыйдзе час выступаць, упэўнена (падысці) да месца, з якога
павінны гаварыць.
4.(Стаяць) прама, разгарнуўшы плечы. Галаву (трымаць), трохі прыпадняўшы падбародак. Ногі павінны быць прыкладна на шырыні плеч. Не (прыціскаць) рукі да жывата, не (заломліваць) іх, не (счапляць) пальцы рук, не (закладваць) рукі за спіну, не (трымаць) рукі ў кішэнях, не (заплятаць) нагу за нагу.
5.Жэстыкуляцыя аратара павінна быць умеранай. (Трымаць) рукі вольна, не (махаць) рукамі, але і не (выцягваць) іх па швах.
6.(Вызначаць) гучнасць голасу ў адпаведнасці з аб’ёмам памяшкання і велічынёй аўдыторыі. Не (спрабаваць) перакрычаць аўдыторыю.
7.Голас (пускаць) не ўніз і не ўверх, а проста перад сабой над галовамі аўдыторыі.
8.Не (карыстацца) мікрафонам без крайняй неабходнасці. Мікрафон
абцяжарвае непасрэдны кантакт з аўдыторыяй.
9.Стаўшы перад аўдыторыяй, (усміхнуцца) і (паглядзець) на людзей.
10.(Зрабіць) невялікую пачатковую паўзу і (акінуць) поглядам аўдыторыю.
11.Плаўна (уступаць) у прамову. Не (пачынаць) занадта энергічна, інакш вам не хопіць сіл завяршыць прамову, а слухачам — вытрываць яе да канца.
12.(Гаварыць) спакойна і ўпэўнена, гучна і выразна, захоўваючы мерны тэмп (100-200 слоў у мінуту). Не (спрабаваць) змясціць максімум інфармацыі ў мінімум часу.
13.Падчас прамовы (глядзець) на аўдыторыю, паслядоўна фіксуючы поглядам групы людзей.
14.(Гаварыць) па магчымасці каротка.
15.(Выкарыстоўваць) толькі літаратурныя словы і выразы. (Імкнуцца) ужываць як мага менш замежных слоў.
16.(Прамаўляць) звязаныя фразы.
17.Не (баяцца) рэплік з залы. (Рэагаваць) або не (рэагаваць) на іх па абставінах і зыходзячы з вашых інтарэсаў.
18.Завяршэнне прамовы павінна быць энергічным і аптымістычным.
(Паказаць) уздымам голасу і інтанацыяй, што вы сказалі ўсё патрэбнае, і не (забыць) падзякаваць аўдыторыі за ўвагу (Паводле дапаможніка «Рыторыка»).

Раскажыце, якіх правіл вы прытрымліваецеся пры падрыхтоўцы прамовы.
Вызначце ў тэксце аднасастаўныя сказы. Ахарактарызуйце іх паводле асноўных прымет. Абгрунтуйце мэтазгоднасць ужывання ў тэксце скáзаў вызначанага тыпу.
Пакажыце, як утварыліся дзеепрыслоўі з тэксту. Якую ролю яны адыгрываюць у сказах?
Якім сінонімам можна замяніць слова аратар?

Практыкаванне 6

 Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Абгрунтуйце сваю думку.

У 2020 годзе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі абвясцілі набор на новыя спецыяльнасці, у асноўным звязаныя з тэхналогіямі, праграмаваннем і эканомікай.
Так, напрыклад, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт запрасіў абітурыентаў на дзве новыя спецыяльнасці: «Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій» (інжынерны факультэт) і «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» (факультэт эканомікі і права). Будучых інжынераў прымаюць на дзённую форму.
На факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну БДТУ студэнтаў чакаюць на спецыяльнасці «Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу».
У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на факультэце эканомікі і бізнес-кіравання толькі для дзённай формы навучання абітурыентам прапануецца запатрабаваная спецыяльнасць «Эканоміка электроннага бізнесу». Тут вывучаюцца як эканамічныя, так і тэхнічныя дысцыпліны.
З 2020 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава ажыццяўляецца набор на спецыяльнасці «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)», «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)». Усяго ж у ВДУ абітурыентам прапануецца 28 розных спецыяльнасцей.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны адкрыў набор на тры новыя спецыяльнасці: «Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)». Пра асаблівасці набору можна даведацца на сайце ўніверсітэта.
На дзённай форме навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы абітурыентам прапануюцца чатыры новыя спецыяльнасці: «Штучны інтэлект», «Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы ў машынабудаванні», «Дызайн віртуальнага асяроддзя», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць».
На факультэце матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова з’явіліся дзве спецыяльнасці: «Медыка-біялагічная справа» і «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Форма навучання — поўная дзённая. Акрамя дзённай формы, плануецца набор і на завочную скарочаную для выпускнікоў каледжа па гэтым жа профілі.
У 2020 годзе ў Палескім дзяржаўным універсітэце створаны пяты факультэт — інжынерны, мэта якога — падрыхтоўка кадраў для развіцця інжынірынгавага напрамку эканомікі краіны. Прапануюцца спецыяльнасці «Прамысловае рыбаводства (тэхналогія перапрацоўкі рыбнай прадукцыі)», «Інфармацыйныя тэхналогіі фінансава-крэдытнай сістэмы», «Садова-паркавае будаўніцтва (ландшафтнае будаўніцтва)».
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычным факультэце адкрывае набор на спецыяльнасць «Мытная справа». На старшых курсах можна выбраць спецыялізацыі «Прававое забеспячэнне мытнай дзейнасці», «Эканамічнае забеспячэнне мытнай дзейнасці» і атрымаць кваліфікацыю «Спецыяліст мытнай справы». Форма навучання — поўная дзённая (Паводле інфармацыі прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі).

Выпішыце з тэксту аднасастаўныя сказы. Раскажыце пра асаблівасці іх ужывання ў тэксце. Падкрэсліце галоўныя члены сказа. Вызначце, чым яны выражаны.
Растлумачце напісанне слоў праз злучок.
Абгрунтуйце пастаноўку двукроп’я ў сказах.
Разгледзьце фотаздымак. Якія агульныя рысы можна знайсці на эмблемах беларускіх універсітэтаў?

 

Практыкаванне 7

Ад імя адміністрацыі аднаго з універсітэтаў складзіце запрашэнне на дзень адчыненых дзвярэй. Выкарыстоўвайце аднасастаўныя сказы.

Практыкаванне 8

Перабудуйце двухсастаўныя сказы ў безасабовыя. Як змяняюцца сэнс і структура сказаў?

1. Мы адпачываем весела. 2. Андрэй не спіць. 3. Міхась нездаровы. 4. Алеся хоча стаць балерынай. 5. Моладзь верыць у будучыню. 6. Антон хоча заняць першае месца па валейболе.

Запішыце перабудаваныя сказы. Падкрэсліце галоўны член у безасабовых сказах, назавіце спосаб яго выражэння.
•Растлумачце правапіс выдзеленых слоў. Сфармулюйце правілы, запішыце па 5-7 прыкладаў на адпаведныя арфаграмы.

Практыкаванне 9

Прачытайце. Выпішыце прыклады аднасастаўных сказаў на розныя спосабы выражэння галоўнага члена. Пры неабходнасці запішыце ўласныя прыклады.

1. Як дбаеш, то й павагу маеш (Прыказка). 2. На вуліцы стаяў гоман. 3. Люблю свой край, зялёны і спакойны (Г. Бураўкін). 4. Верасень. Дажджы. Сонца грэе слаба (І. Шамякін). 5. Дзень пачынаю думкаю пра цябе (Р. Барадулін). 6. Да чаго не дойдзеш, тое ў кніжцы знойдзеш (Прыказка). 7. Каціўся верасамі вясельны каравай: — Ой, дзеўка, абрусамі застолле накрывай! (Р. Барадулін). 8. Не сядзіцца ў хаце хлопчыку малому (Я. Колас). 9. Жыві і цэльнасці шукай, аб шыраце духоўнай дбай (М. Багдановіч). 10. Кідаю самыя неадкладныя справы і нібы без дай прычыны еду ў свой любы палескі край (С. Грахоўскі). 11. З набліжэннем вечара мароз узмацніўся. У такі час імкнёмся хутчэй дахаты, бо там утульна і цёпла (З часопіса «Родная прырода»). 12. І гэтай песні нельга стрымаць (П. Панчанка). 13. Звечара зорна, месячна (К. Чорны). 14. Кранеш адно — усплыве другое (Я. Колас).

Ці заўсёды аднасастаўныя сказы можна перабудаваць у двухсастаўныя? Чаму?

Практыкаванне 10

Прачытайце. Выпішыце 6-7 прыказак у форме аднасастаўных сказаў. Падкрэсліце галоўны член сказа ў выпісаных прыкладах. Як народная мудрасць вучыць адносіцца да мовы, да сказанага слова?

1. Ад праўды нікуды не дзенешсяф. 2. Без’языкагасл за адваката не бяруць. 3. Губа ні ў кога не замкнёнам. 4. Добрае слаўцо лепш, чым піўцо. 5. За доўгі язык не пахваляць. 6. З добрай песняйф жыць весялей. 7. З мора вады не выліць, з песні слова не выкінуць. 8. Конь вырвеццас — дагоніш і зловіш, а слова вырвецца — не зловіш. 9. Людскогаф языка не завяжаш. 10. На праўдзе свет стаіць. 11. На чужы рот гузіка не нашыеш. 12. Неф той багата ведае, хто багата гаворыць. 13. Не ўсякаму слову вер. 14. Няма тае хусты, каб завязаць людзям вусны. 15. Раз не было песень, то не было ім вяселля. 16. Усё казаць — ворагаў нажывацьс.

Практыкаванне 11

Прачытайце і прааналізуйце тэкст. Пра што ў ім гаворыцца? Якая асноўная думка тэксту? Ці прыводзіць аўтар у тэксце аргументы? Якімі вывадамі можна было б закончыць тэкст?

Замалёўка-ўспамін. Уражанні маладога музыкі ад арганных гукаў

…Заста..цца некалькі хвілін. Людзі паступова напаўняюць залу. Яны з кожным крокам набліжаюцца да арган.. . Хвіліна. Таемная здаецца з а..ценнем ра..чараванасці. У думках — вось яна мара мая… Не веру што маё першае спаткан..е з арганам так хутка спраўдзіцца музычнае імгнен..е якога я так чакаў больш не будзе чымс..ці ўзвышаным і н..знаёмым. Спраўдзіц..а і ўсё. Музыка! Таемная моц арган.. ра..крыта. Здаецца.
Холад наплывае хвалямі. Здаецца, па ўсёй маёй скуры — колкія дрыжыкі-мурашы.
Арганная музыка… Музыка лёгкіх. Выдыхаю дрыготкае паветра. Гэта арганічная шматлікая музыка-аксюмаран: радасць, бадзёрасць і глыбокая жалоба… Музыка дыялогаў…
Градацыя гукаў і пачуццяў: ад глыбока-сіняга да блакітна-шэрага. Пасля «Фантазіі до-мажор» (Сезар Франк) я вызначыў колер арганнай музыкі — цёмна-сіні. Трубы выдыхаюць гісторыі. Моцныя… Праз некалькі імгненняў павольныя, нібы казачныя. Здаецца, яркія гірлянды ўпрыгожваюць гэтую казку. Гукі-агеньчыкі. Мігатлівыя, неспакойныя, збіваюцца са свайго мігатлівага рытму…
У аргана сімвалічныя, узвышаныя гукі. Ганарлівы музычны інструмент, які не расслабляе.
Успамін, ідэя, сюжэт. Надзея. На новы свет (Паводле В. Ропат).

Выпішыце назыўныя сказы. Падкрэсліце ў іх граматычныя асновы.
Спішыце першы абзац тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары і расстаўляючы неабходныя знакі прыпынку.
Назавіце няпоўныя сказы. Па якіх прыметах яны адрозніваюцца ад поўных? Раскажыце пра ролю няпоўных сказаў у тэксце.

Практыкаванне 12

Разгледзьце фотаздымак аргана ў Сафійскім саборы г. Полацка. Карыстаючыся інфармацыяй з розных крыніц, раскажыце пра стварэнне аргана, яго ролю і месца ў правядзенні міжнародных музычных фестываляў. Запішыце назвы твораў для аргана, якія суадносіліся б з назыўнымі сказамі.

Размежаванне няпоўных і аднасастаўных сказаў

Практыкаванне 13

Прачытайце. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку. Выпішыце няпоўныя сказы. Якія члены сказа ў іх прапушчаны?

1. Нідзе не чарнее поле — усё закрыта снегам (Я. Колас). 2. Зоркі — зернем навакол з перакуленае сеўніл (А. Вольскі). 3. Блізка зарыпеў снег — на вузкай сцежцы Андрэй заўважыўс аленя (У. Карпаў). 4. Спрэчка не была скончана — гэта разумеў кожны (Т. Хадкевіч). 5. Гусь ураннім выйшла з хаты, важна тупаес лужком. А за ёю — гусяняты, дзе падскокам, дзе трушком (А. Вольскі). 6. Пасееш учынак — пажнеш прывычку (Прыказка). 7. У справах цудоўных вялікага сына [Францыска Скарыны] — святлоф старажытнай адметнай краіны (В. Жуковіч).

Практыкаванне 14

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і жанр.

Дзяцей няма…

— Сведкам, як ваша імя і прозвішча?
— Мікола Касаты.
— Колькі гадоў?
— Восемдзесят два.
— Дзеці ёсць?
— Нямашака.
— Сакратар, запішыце, што дзяцей няма. Ну, расказвайце, Касаты, што вам вядома ў гэтай справе.
— Іду я, значыцца, са сваім сынам Гаўрылам…
— Пачакайце. Вы ж казалі, што ў вас дзяцей няма.
— Але, няма.
— Ну, кажыце далей.
— Іду я з сынам Гаўрылам праз поле…
— З сынам Гаўрылам? Вы ж кажаце, што ў вас дзяцей няма.
— Ну, няма.
— А Гаўрыла?
— Якое ж гэта дзіця? Яму ўжо пяцьдзясят гадоў стукнула (Народны гумар).

Вызначце няпоўныя сказы. Раскажыце пра іх ролю ў гутарковым маўленні.
Выпішыце з тэксту размоўнае слова, падбярыце да яго адпаведнік, які з’яўляецца агульнаўжывальным словам.
Запішыце назоўнікі дзіця, сведка, Мікола, Гаўрыла ў формах творнага і меснага склонаў адзіночнага ліку.

Практыкаванне 15

Прачытайце тэкст. Выпішыце аднасастаўныя сказы. Зрабіце іх поўны сінтаксічны разбор.

Кастрычніцкай парой мне найбольш падабаецца адно цудоўнае прыроднае дзейства – танец ападаючай лістоты. Любавацца ім магу бясконца. У сонечныя дні ад жоўта-залатога хараства імгненна яснее і маладзее свет, а нябесны блакіт цешыць крыштальнай празрыстасцю. У такія хвіліны хочацца, не абцяжарваючы галаву думкамі, куды-небудзьм ісці або ехаць. Хочацца ўдосталь налюбавацца прыгажосцю роднай зямлі...
Залатая мяцеліца – развітальны падарунак восені перад блізкім сезонам дажджоў, слоты і халадоў. Ні прыродзе, ні чалавеку ад яго, на жаль, нікуды не дзецца.
Варта прыняць гэты час і пастарацца перажыць «прыцемкі года», не страціўшы душэўнай гармоніі і раўнавагі. Для іх захавання патрэбна бачыць незвычайнае ў будзённым.
Добрае слова, сказанае своечасова. Шчырая ўсмешка, падораная незнарок. Незабыўныя ўражанні ад прачытанай кнігі ці прагледжанага фільма. Водар яблычнага пірага... Гэтыя і іншыя маленькія радасці не толькі ўзнімуць настрой, але і расфарбуюць шэрыя восеньскія дні яркімі колерамі.
А ліст, які ападае, стане ўвасабленнем надзеі і вечнага абнаўлення жыцця (Паводле І. Матусевіч).

Растлумачце пастаноўку працяжнікаў у сказах тэксту.