*§ 4-2. Аднасастаўныя сказы, іх віды і спосабы выражэння галоўнага члена ў іх. Размежаванне няпоўных і аднасастаўных сказаў. Сэнсава-стылістычная роля аднасастаўных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 14

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і жанр.

Дзяцей няма…

— Сведкам, як ваша імя і прозвішча?
— Мікола Касаты.
— Колькі гадоў?
— Восемдзесят два.
— Дзеці ёсць?
— Нямашака.
— Сакратар, запішыце, што дзяцей няма. Ну, расказвайце, Касаты, што вам вядома ў гэтай справе.
— Іду я, значыцца, са сваім сынам Гаўрылам…
— Пачакайце. Вы ж казалі, што ў вас дзяцей няма.
— Але, няма.
— Ну, кажыце далей.
— Іду я з сынам Гаўрылам праз поле…
— З сынам Гаўрылам? Вы ж кажаце, што ў вас дзяцей няма.
— Ну, няма.
— А Гаўрыла?
— Якое ж гэта дзіця? Яму ўжо пяцьдзясят гадоў стукнула (Народны гумар).

Вызначце няпоўныя сказы. Раскажыце пра іх ролю ў гутарковым маўленні.
Выпішыце з тэксту размоўнае слова, падбярыце да яго адпаведнік, які з’яўляецца агульнаўжывальным словам.
Запішыце назоўнікі дзіця, сведка, Мікола, Гаўрыла ў формах творнага і меснага склонаў адзіночнага ліку.