*§ 4-2. Аднасастаўныя сказы, іх віды і спосабы выражэння галоўнага члена ў іх. Размежаванне няпоўных і аднасастаўных сказаў. Сэнсава-стылістычная роля аднасастаўных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 11

Прачытайце і прааналізуйце тэкст. Пра што ў ім гаворыцца? Якая асноўная думка тэксту? Ці прыводзіць аўтар у тэксце аргументы? Якімі вывадамі можна было б закончыць тэкст?

Замалёўка-ўспамін. Уражанні маладога музыкі ад арганных гукаў

…Заста..цца некалькі хвілін. Людзі паступова напаўняюць залу. Яны з кожным крокам набліжаюцца да арган.. . Хвіліна. Таемная здаецца з а..ценнем ра..чараванасці. У думках — вось яна мара мая… Не веру што маё першае спаткан..е з арганам так хутка спраўдзіцца музычнае імгнен..е якога я так чакаў больш не будзе чымс..ці ўзвышаным і н..знаёмым. Спраўдзіц..а і ўсё. Музыка! Таемная моц арган.. ра..крыта. Здаецца.
Холад наплывае хвалямі. Здаецца, па ўсёй маёй скуры — колкія дрыжыкі-мурашы.
Арганная музыка… Музыка лёгкіх. Выдыхаю дрыготкае паветра. Гэта арганічная шматлікая музыка-аксюмаран: радасць, бадзёрасць і глыбокая жалоба… Музыка дыялогаў…
Градацыя гукаў і пачуццяў: ад глыбока-сіняга да блакітна-шэрага. Пасля «Фантазіі до-мажор» (Сезар Франк) я вызначыў колер арганнай музыкі — цёмна-сіні. Трубы выдыхаюць гісторыі. Моцныя… Праз некалькі імгненняў павольныя, нібы казачныя. Здаецца, яркія гірлянды ўпрыгожваюць гэтую казку. Гукі-агеньчыкі. Мігатлівыя, неспакойныя, збіваюцца са свайго мігатлівага рытму…
У аргана сімвалічныя, узвышаныя гукі. Ганарлівы музычны інструмент, які не расслабляе.
Успамін, ідэя, сюжэт. Надзея. На новы свет (Паводле В. Ропат).

Выпішыце назыўныя сказы. Падкрэсліце ў іх граматычныя асновы.
Спішыце першы абзац тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары і расстаўляючы неабходныя знакі прыпынку.
Назавіце няпоўныя сказы. Па якіх прыметах яны адрозніваюцца ад поўных? Раскажыце пра ролю няпоўных сказаў у тэксце.