*§ 4-2. Аднасастаўныя сказы, іх віды і спосабы выражэння галоўнага члена ў іх. Размежаванне няпоўных і аднасастаўных сказаў. Сэнсава-стылістычная роля аднасастаўных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 6

 Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Абгрунтуйце сваю думку.

У 2020 годзе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі абвясцілі набор на новыя спецыяльнасці, у асноўным звязаныя з тэхналогіямі, праграмаваннем і эканомікай.
Так, напрыклад, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт запрасіў абітурыентаў на дзве новыя спецыяльнасці: «Вытворчасць вырабаў на аснове трохмерных тэхналогій» (інжынерны факультэт) і «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» (факультэт эканомікі і права). Будучых інжынераў прымаюць на дзённую форму.
На факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну БДТУ студэнтаў чакаюць на спецыяльнасці «Лясная інжынерыя і лагістычная інфраструктура ляснога комплексу».
У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце на факультэце эканомікі і бізнес-кіравання толькі для дзённай формы навучання абітурыентам прапануецца запатрабаваная спецыяльнасць «Эканоміка электроннага бізнесу». Тут вывучаюцца як эканамічныя, так і тэхнічныя дысцыпліны.
З 2020 года ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава ажыццяўляецца набор на спецыяльнасці «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (знешнеэканамічныя сувязі)», «Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)». Усяго ж у ВДУ абітурыентам прапануецца 28 розных спецыяльнасцей.
Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны адкрыў набор на тры новыя спецыяльнасці: «Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)», «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)» і «Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)». Пра асаблівасці набору можна даведацца на сайце ўніверсітэта.
На дзённай форме навучання ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы абітурыентам прапануюцца чатыры новыя спецыяльнасці: «Штучны інтэлект», «Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы ў машынабудаванні», «Дызайн віртуальнага асяроддзя», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць».
На факультэце матэматыкі і прыродазнаўства Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова з’явіліся дзве спецыяльнасці: «Медыка-біялагічная справа» і «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». Форма навучання — поўная дзённая. Акрамя дзённай формы, плануецца набор і на завочную скарочаную для выпускнікоў каледжа па гэтым жа профілі.
У 2020 годзе ў Палескім дзяржаўным універсітэце створаны пяты факультэт — інжынерны, мэта якога — падрыхтоўка кадраў для развіцця інжынірынгавага напрамку эканомікі краіны. Прапануюцца спецыяльнасці «Прамысловае рыбаводства (тэхналогія перапрацоўкі рыбнай прадукцыі)», «Інфармацыйныя тэхналогіі фінансава-крэдытнай сістэмы», «Садова-паркавае будаўніцтва (ландшафтнае будаўніцтва)».
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт на юрыдычным факультэце адкрывае набор на спецыяльнасць «Мытная справа». На старшых курсах можна выбраць спецыялізацыі «Прававое забеспячэнне мытнай дзейнасці», «Эканамічнае забеспячэнне мытнай дзейнасці» і атрымаць кваліфікацыю «Спецыяліст мытнай справы». Форма навучання — поўная дзённая (Паводле інфармацыі прэс-цэнтра Міністэрства адукацыі).

Выпішыце з тэксту аднасастаўныя сказы. Раскажыце пра асаблівасці іх ужывання ў тэксце. Падкрэсліце галоўныя члены сказа. Вызначце, чым яны выражаны.
Растлумачце напісанне слоў праз злучок.
Абгрунтуйце пастаноўку двукроп’я ў сказах.
Разгледзьце фотаздымак. Якія агульныя рысы можна знайсці на эмблемах беларускіх універсітэтаў?