*§ 4-2. Аднасастаўныя сказы, іх віды і спосабы выражэння галоўнага члена ў іх. Размежаванне няпоўных і аднасастаўных сказаў. Сэнсава-стылістычная роля аднасастаўных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Раскажыце пра ролю аднасастаўных сказаў у тэкстах розных стыляў.

Аднасастаўныя сказы больш экспрэсіўныя і дынамічныя, чым двухсастаўныя (апошнія ўжываюцца ва ўсіх стылях мовы).
Безасабовыя сказы часцей выкарыстоўваюцца для характарыстыкі псіхічнага і фізічнага стану чалавека, з’яў прыроды, дзеянняў і працэсаў, якія адбываюцца незалежна ад утваральніка: Дужа хацелася заплакаць, калі б былі слёзы (В. Быкаў); Удзень зноў было ціха. Моцна захаладала (І. Шамякін). Безасабовыя сказы таксама ўжываюцца ў афіцыйным стылі (пры афармленні пратаколаў, пастаноў, афіцыйных паведамленняў і г. д.).
Няпэўна-асабовыя сказы выражаюць факты, падзеі, пры гэтым суб’ект дзеяння невядомы ці не называецца: — Ну як камуна? — запытаў Пятрок. — Сарганізавалі ўжо? — Пастанавіліся Гужа раскулачыць, — сказала яна (Сцепаніда) аб іншым (І. Мележ); Моцна спалохалася, калі Мінск пачалі бамбіць… — На Камароўцы лаўкі грабяць! (І. Шамякін).
У абагульнена-асабовых сказах дзеянне, абазначанае галоўным членам сказа, можа адносіцца да кожнай асобы. Такія сказы выражаюць вывад, павучэнне, а таму шырока выкарыстоўваюцца ў вуснай народнай творчасці: Не чапай чужога і не бойся нікога; На Бога спадзявайся, але і сам старайся; Выказанага слова да губы не вернеш.
Намінатыўныя сказы толькі называюць прадметы або з’явы. Яны надзвычай лаканічныя, кароткія. У афіцыйным стылі намінатыўныя сказы звычайна выкарыстоўваюцца для канкрэтызацыі адрасата: Беларусь. Установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка». У творах мастацкай літаратуры пры дапамозе намінатыўных сказаў дэтальна перадаецца апісанне асяроддзя, падзей, ствараюцца наглядныя малюнкі прыроды: Бор. Сасновыя шаты. Ды верас. Ды мох. Чалавек барадаты. Цяпельца. Дымок (А. Куляшоў). (Паводле Ф. С. Шумчыка, Т. Я. Старасценка, В. В. Урбан).

Прывядзіце прыклады выкарыстання аднасастаўных сказаў у тэкстах афіцыйнага стылю.
З якіх твораў І. Мележа і І. Шамякіна прыведзены цытаты?