*§ 4-1. Даданыя члены сказа. Віды дапаўнення, азначэння, акалічнасці. Сінтаксічная роля інфінітыва. Тэкстаўтваральныя функцыі даданых членаў сказа ў тэкстах-апісаннях, тэкстах-апавяданнях

Практыкаванне 14

Прачытайце тэкст, вызначце яго тып. Спішыце тэкст. Падкрэсліце даданыя члены сказа, вызначце іх ролю ў тэксце.

Беларусь нездарма называюць «Сінявокай». Самы буйны брыльянт у серабрыстым россыпе азёр і рэк знаходзіцца ў Мядзельскім раёне. Гэта возера Нарач.
Паданне гаворыць, што даўным-даўно тут жыў ляснік з прыгажуняй дачкой Нарай. Кахала яна смелага і моцнага юнака. Аднойчы юнак падарыў Нары люстэрка і сказаў, што ў ім яна ўбачыць свой лёс. Паглядзелася дзяўчына, але нічога не зразумела. Яна ўбачыла толькі возера ды чайку, якая лунала над хвалямі...
Аднойчы мясцовы князь задумаў ажаніцца і загадаў слугам схапіць прыгажуню. Закаханыям ўцяклі. Юнак схаваў Нару і адвёў пагоню за сабою, але не вярнуўся. Даведаўшыся пра яго гібель, дзяўчына ў роспачы выпусціла люстэрка. Там, дзе ўпалі серабрыстыя асколкі, заблішчэлі азёры. Нарач — самае вялікае возера. А дзяўчына ператварылася ў чайку. Яна дагэтуль кружыць над вадой і кліча каханага (З часопіса «Беларусь»).

Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра легенду аб паходжанні аднаго з геаграфічных аб’ектаў (возера, ракі, горада, вёскі) Беларусі.