*§ 4-1. Даданыя члены сказа. Віды дапаўнення, азначэння, акалічнасці. Сінтаксічная роля інфінітыва. Тэкстаўтваральныя функцыі даданых членаў сказа ў тэкстах-апісаннях, тэкстах-апавяданнях

Практыкаванне 8

Прачытайце тэкст, вызначце яго тып. Падбярыце назву ў адпаведнасці з асноўнай думкай тэксту. Запішыце тэкст, раскрываючы дужкі. Падкрэсліце даданыя члены сказа, вызначце іх віды і спосабы выражэння. 

Шурык Карончык, (не)маладога веку мужчына, калоў на падворку дровы і (не)заўважаў вакол сябе (ні)чога і (ні)кога. Нават (не)звярнуў увагі на чорна-рудую хмару, прынесеную парывістым ветрам аднекуль здаля. З хмары пырснулі першыя кроплі дажджу. Схамянуўся ён толькі ад навальніцы і суцэльнага вадаспаду, за якім нельга было разгледзець суседавай хаты. У той хаце (не)калі жыў дзед Сцяпан — добры, шчыры чалавек, спагадлівы да дзяцей і дарослых. Ён вечна з рання да вечара ўвіхаўся каля вулляў у пчалярскай масцы. Колькі было ў яго тых вулляў, (ні)хто з вяскоўцаў (не)лічыў. Дзед заўсёды шчодра частаваў вяскоўцаў. Як выгане мёд, падзываў Шурыка і кожны раз казаў: «Занясі, унуча, людзям мёду і перадай ад мяне ласку — каб іх (ні)колі пчолы (не)джалілі». І Шурык ахвотна разносіў дзедаў мёд па хатах.
Мёд пчолы бралі з высокай, разгалістай, у два абхваты, ліпы. Яна спрадвеку расла пры дзедавай хаце, пасаджаная некалі яго продкамі. Пад ліпай у летнюю спёку Шурык разам са сваімі аднагодкамі часта бавіў час у цяньку, чакаючы дзедавага пачастунку. Яго доўга чакаць (не)даводзілася. Сцяпан (не)ўзабаве выносіў ім у місцы кавалкі сотавага мёду. І яны частаваліся, раз-пораз бегаючы да калодзезя праганяць вадой шчымлівую ў горле слодыч...
Так было кожнае лета, пакуль быў жывы дзед Сцяпан. Добра было і дзецям, і дарослым. Ён (ні)кому (не)шкадаваў мёду і платы (не)браў (Паводле І. Канановіча).

Вызначце ролю азначэнняў (прыдаткаў) і акалічнасцей у тэксце.
Выпішыце прыналежныя прыметнікі.