*§ 4-1. Даданыя члены сказа. Віды дапаўнення, азначэння, акалічнасці. Сінтаксічная роля інфінітыва. Тэкстаўтваральныя функцыі даданых членаў сказа ў тэкстах-апісаннях, тэкстах-апавяданнях

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст, вызначце яго тып. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай тэксту. Вызначце ролю азначэнняў у тэксце. Выпішыце спачатку сказы з дапасаванымі, потым — з недапасаванымі азначэннямі. Вызначце, чым выражаны азначэнні.

Калі толькі прыехаў у вёску, то не мог надыхацца. Півоні распускаліся, красавалі рознакаляровыя і дробныя кветачкі на агародзе, у палісадніках, пры плоце. Куды ні зірнеш — кветкі. Пах кветак змяніў водар травы. Спачатку толькі што скошанай — зялёнай, потым — падвялай, нарэшце — сухой. Пах травы шчыльны, насычаны. Хоць пі яго. Асабліва моцным быў той пах перад дажджом, калі вяскоўцы кідаліся як мага хутчэй згрэбці сена, скласці ў копкі, а потым пазвозіць у пуні ці ў стагі побач з хатамі.
Пах кветак і травы змяніў водар ліпы, што расце пры дарозе. Наша вялікая старая ліпа не цвіла ў гэтым годзе. Пахла кветкамі ліпы тыдзень. Пах рабіўся слабейшым штодня. Нарэшце ён выпетрыўся зусім... Пасля ліпы запахла гарачай зямлёй, сухой травой і пяском.
Цяпер вёска пахне яблыкамі. Яблыкі падаюць на дарогу. Іх абтрасаюць. Іх здаюць у краму. Раней здавалі ягады. А ў вёсцы пахла варэннем. Пах ягаднага варэння салодкі...
Грыбамі пакуль не пахне. Ранішнія і вячэрнія туманы пахнуць яблыкамі (Паводле У. Сцяпана).

Вызначце галоўныя члены і спосабы іх выражэння ў выдзеленых сказах.
Вызначце ў 3-м абзацы тып сказаў па наяўнасці галоўных членаў (двухсастаўныя/аднасастаўныя), від аднасастаўных сказаў.
Раскрыйце значэнне слова выпетрыцца.