*§ 4-1. Даданыя члены сказа. Віды дапаўнення, азначэння, акалічнасці. Сінтаксічная роля інфінітыва. Тэкстаўтваральныя функцыі даданых членаў сказа ў тэкстах-апісаннях, тэкстах-апавяданнях

Практыкаванне 6

Прачытайце тэкст. Выпішыце сказы з прыдаткамі. Растлумачце напісанне прыдаткаў і пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з прыдаткамі.

Сынковіцкая царква

Непадалёку ад горада Слоніма можна пабачыць адно з самых дзівосных збудаванняў на Беларусі — Сынковіцкую царкву. Яна высокая, амаль дастае да аблокаў. Сцены — з чырвонай старадаўняй цэглы, нібыта абпалены полымем шматлікіх войнаў, што пракаціліся па нашай шматпакутнай зямлі. Цяжка адарваць вочы ад гэтага надзвычай прыгожага помніка дойлідства.
Сынковіцкая царква — царква-крэпасць. Сведчаннем таму з’яўляюцца маўклівыя байніцы ў сценах храма. За яго сценамі прашчуры не толькі тварылі малітву Усявышняму, але пры неабходнасці бараніліся ад ворагаў і перамагалі іх.
Падобная бажніца ёсць яшчэ толькі ў вёсцы Мураванка, што таксама знаходзіцца ў Гродзенскай вобласці. У абодвух помніках увасоблены лепшыя рысы беларускага характару. Мы людзі мірныя і гасцінныя, але ўмеем пастаяць за сябе, за сваю зямлю (Паводле У. Ягоўдзіка).

Раскрыйце значэнні слоў гасцінны, бажніца.

Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра Сынковіцкую царкву або пра царкву ў вёсцы Мураванка.