*§ 4-1. Даданыя члены сказа. Віды дапаўнення, азначэння, акалічнасці. Сінтаксічная роля інфінітыва. Тэкстаўтваральныя функцыі даданых членаў сказа ў тэкстах-апісаннях, тэкстах-апавяданнях

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст. Выпішыце сказы з прыдаткамі. Назавіце прыдаткі, растлумачце іх напісанне. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў сказах з прыдаткамі.

Карл Ліней і яго кветкавы гадзіннік

Карл Ліней у 1720 годзе ўпершыню ў свеце стварыў кветкавы гадзіннік. Знаходзіцца ён у горадзе Упсала (Швецыя). Гадзіннік быў створаны на аснове трактата «Сон раслін». Вучоны-батанік прысвяціў усё жыццё вывучэнню і сістэматызацыі кветак і раслін. Падчас даследаванняў ён заўважыў, што кветкі можна групаваць па часе закрыцця іх венчыкаў. Тады Карл Ліней стварае кветкавы гадзіннік. Перш чым аформіць у сваім Батанічным садзе такі гадзіннік, вучоны вядзе назіранне за 50 раслінамі і старанна адзначае ў сваім нататніку рэакцыю кветак на сонца, іх паводзіны раніцай і ўвечары. Ліней асабліва звяртаў увагу на адкрытасць кветак у пэўныя гадзіны сутак, залежнасць ад інтэнсіўнасці асвятлення. Так, кветкі дзьмухаўца, цюльпанаў распускаліся пры яркім святле. А іншыя, наадварот, ад моцных промняў закрываліся. І толькі пасля такой карпатлівай працы па назіраннях вучоны Карл Ліней стварае свой кветкавы гадзіннік (З часопіса «Алеся»).

Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра Карла Лінея.