*§ 4-1. Даданыя члены сказа. Віды дапаўнення, азначэння, акалічнасці. Сінтаксічная роля інфінітыва. Тэкстаўтваральныя функцыі даданых членаў сказа ў тэкстах-апісаннях, тэкстах-апавяданнях

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з яго асноўнай думкай. Спішыце тэкст па варыянтах (І варыянт — 1-ы абзац, ІІ варыянт — 2-і абзац, ІІІ варыянт — 3-і абзац, ІV варыянт — 4-ы абзац), падкрэсліце даданыя члены ў сказах. Вызначце, чым выражаны даданыя члены сказа. Назавіце віды дапаўненняў, азначэнняў, акалічнасцей.

Гарадскі пасёлак Сапоцкін вядомы далёка ў свеце сваімі велікоднымі традыцыямі. Унікальная, уласцівая толькі для гэтага мястэчка тэхніка роспісу яек была ўключана ў 2013 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Свята пісанкі стала брэндам і візітнай карткай пасёлка Сапоцкін. Ужо некалькі гадоў падчас велікодных дзён праходзіць тут фестываль-імпрэза. На ім яйкі-пісанкі красуюцца паўсюль: на выстаўцы вырабаў народных майстроў, кірмашы велікоднай выпечкі, вернісажы юных мастакоў, у сувенірнай краме і нават на літаратурнай пляцоўцы. Яйка-пісанка спрадвеку лічылася моцным абярэгам. І традыцыя гэта налічвае стагоддзі. З пісанкай звязвалі надзеі на шчаслівы шлюб, таму яе дарылі сватáм і маладым. Самая чарадзейная пісанка — гэта пісанка, якую распісала ў падарунак маці. Яе нельга было мяняць на грошы, прадаваць. Гэта лічылася вялікім грахом. Пісанку ад маці можна было толькі падарыць сваім дзецям або родзічам ці сябрам.
Сапоцкін найбольш знакаміты пісанкамі. Тут створаны музей у іх гонар. Забавы для наведвальнікаў пачынаюцца яшчэ на вуліцы. «Яйка жадання» на каляровай стужцы (іх раздае супрацоўніца музея) госці прывязваюць на дрэве. Пры гэтым кожны загадвае сваё самае сакрэтнае, самае запаветнае жаданне. Кажуць, задуманае спраўджваецца. Штогод падчас святочнага велікоднага фестывалю папаўняецца экспазіцыя музея. Сёння ў калекцыі пісанкі сабрана больш за 500 яек, якія дэкарыраваны ў розных тэхніках. Ёсць тут і «нетрадыцыйныя» пісанкі. Яны выраблены з керамікі, крышталю, саломкі. Самае старое размаляванае яйка захоўваецца каля 20 гадоў. Яно не пустое. У сярэдзіне яго ёсць і бялок, і жаўток! Сакрэт такі. Яйка-пісанку пасля роспісу нельга рухаць з месца на працягу года. Кранеш яйка раней — яно выбухне з вельмі непрыемным пахам…
Тэхналогія роспісу яек у Сапоцкіне і простая, і складаная адначасова. Спачатку яйкі вараць, а затым на іх наносяць воскам узор. Робяць гэта спецыяльнай палачкай-«шпількай». Амаль у кожнай майстрыхі маюцца свае сакрэты нанясення малюнкаў. Яны перадаюцца з пакалення ў пакаленне па жаночай лініі. Калі яйка распісана, яго апускаюць у прыродны фарбавальнік. Ён робіцца з іржы (з цвікоў), альховай кары, кары дуба. Усё гэта настойваецца каля двух месяцаў. У фарбавальніку яйка вытрымліваюць суткі, затым воск чысцяць анучкай або папяровай сурвэткай, крышку падаграюць пісанку на полымі свечкі. Некаторыя пакідаюць воск — пісанка выглядае таксама сімпатычна. Зняты пад агнём свечкі, воск набывае чарнату. Яго не выкідваюць, ён зноў ідзе ў справу. Ім робяць роспіс на белых яйках. Некаторыя майстрыхі працуюць каляровым воскам. Але традыцыйныя «пісанкі з Сапоцкіна» чорныя з белым малюнкам. Сюжэт таксама важны. Звычайны сюжэт — гэта птушкі, фантастычныя кветкі, дубовыя і яловыя галінкі. Распісваюць не толькі курыныя, але і гусіныя яйкі.
Распісаць яйка прапануюць таксама турыстам. Воск разаграваюць у невялікіх ванначках, даюць аловак-«шпільку». Праўда, з мэтай эканоміі часу распісаныя турыстамі яйкі апускаюць у штучны фарбавальнік. Свае пісанкі можна забраць з сабой. А можна купіць у сувенірнай лаўцы твор ад мясцовых майстрых — цудоўны сувенір. Сапоцкінскія майстрыхі для сваіх пісанак бяруць толькі вясковыя вараныя яйкі. На іх наносяць тонкім металічным канцом інструмента вадкі воск. Распісваюць яйка толькі натуральным пчаліным воскам. Палачка з маленькім цвічком — гэта самы просты інструмент-«пісачок». На велікодных яйках часцей за ўсё малююць вясковыя кветкі: рамонкі, дзьмухаўцы. Таксама малююць сілуэты курачак, дубовыя лісточкі, галінкі елкі, арнамент або фантазійныя ўзоры (Паводле М. Мароз).

Раскрыйце значэнні слоў імпрэза, вернісаж, сувенірны, натуральны. Да апошняга з пералічаных слоў падбярыце сінонім.