*§ 2-4. Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам

Практыкаванне 32

Прачытайце тэкст. Выпішыце сказы, у якіх трэба паставіць працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам. Растлумачце пастаноўку працяжнікаў.

Аднаўляльная энергетыка

Забруджанасць паветра і абмежаванасць пáліўных выкапняў робяць ветраэнергетыку бадай што самай чыстай аднаўляльнай крыніцай энергіі (АКЭ). Сёння гэта адна з найбольш перспектыўных яе крыніц. Яна паспяхова развіваецца і з’яўляецца важным кірункам энергазберажэння.
Стварэнне ветрапаркаў у краіне новы кірунак. Для забеспячэння нарматыўнай падтрымкі Белдзяржінстытутам стандартызацыі і сертыфікацыі распрацаваны тры міждзяржаўныя стандарты, якія вызначаюць патрабаванні да ветраэнергетычных установак. Адзін з іх звязаны з патрабаваннямі да праектавання ветраэнергетычных установак, іх канструкцый і ўсіх падсістэм. Яго мэта абараніць устаноўку ад усялякіх уздзеянняў на працягу ўсяго часу існавання. Другі стандарт звязаны з патрабаваннямі да малых ветраэнергетычных установак, іх падсістэм і механізмаў. Яшчэ адзін стандарт утрымлівае выпрабаванні на адпаведнасць і сертыфікацыю. Ён закліканы аблегчыць узаемнае прызнанне ўдзельнікамі рынку вынікаў выпрабаванняў і дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці, якія выдадзены ў межах розных дзяржаў.
Беларусь удзельніца Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату. Наша краіна ўзяла на сябе абавязацельства скараціць да 2030 года выкід парніковых газаў на 28 % у параўнанні з аб’ёмамі 1990-га, таму развіваць АКЭ ў краіне вельмі важна. Сёння краіна мае дастатковы патэнцыял для развіцця аднаўляльнай энергетыкі. Гадавы прыход сонечнай радыяцыі на адзінку плошчы ў нас супастаўны з такімі паказчыкамі ў Германіі ці Польшчы. У нас няма такога ветру, як у краінах з морамі і акіянамі. Аднак пры існуючых тэхналогіях нашы паказчыкі па ветры дастатковыя, каб ветраэнергетыка стабільна развівалася. Патэнцыял гідраэнергетычных рэсурсаў краіны 250 МВт. Ён сканцэнтраваны ў Гродне, Віцебску і Магілёўскай вобласці каля рэк Нёман, Заходняя Дзвіна і Дняпро (Паводле І. Сідарок).

Выпішыце складаныя словы. Вызначце іх спосаб утварэння.
Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары.