*§ 2-4. Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам

Практыкаванне 29

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з яго тэмай. Выпішыце сказы, у якіх трэба паставіць працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам. Пракаменціруйце пастаноўку працяжнікаў.

Лес асноўны прыродны рэсурс нашай краіны. Але захаванне гэтага багацця тытанічная праца. Прычым многіх пакаленняў. Мала ў цяплічных умовах вырасціць саджанец і высадзіць яго на сонечную палянку. Кожны парастак патрабуе беражлівага догляду. А небяспекі для лесу ў самой прыродзе нямала. Узімку снег «ломіць дровы». Увесну ў атаку ідуць насякомыя-шкоднікі, якія пакідаюць ад дрэў «шкілеты». Улетку да пасадак падкрадаецца найстрашнейшы вораг — агонь. Увосень шматлікія грыбнікі пакідаюць за сабою смецце. Даць слабіну хоць бы ў адным з напрамкаў асудзіць лес на гібель.
Кожнае асобна ўзятае дрэва жывы арганізм. Яно схільна да хвароб, яго рост і развіццё карэкціруюцца ўмовамі надвор’я. Каб мінімізаваць усе негатыўныя фактары, лясгасы штогод папаўняюць стратэгічныя запасы насення дрэў. На выпадак, калі ў дзікай прыродзе адбудзецца збой і флора не зможа самастойна папоўніць страты.
Нават калі па нейкіх прычынах наступныя гады будуць неўрадлівымі, без пасадачнага матэрыялу лесаводы не застануцца: існуючы ў іх запас насення сасны звычайна складае 2,5 года, елкі еўрапейскай — 5,3 года.
Каб вырасціць паўнацэннае дрэва, мала проста кінуць семечка ў зямлю. Спачатку трэба гэта семечка прарасціць, даць яму час ператварыцца ў сеянец, а потым і ў саджанец, набрацца сіл, а ўжо затым высаджваць на падрыхтаваныя тэрыторыі. Гадавальнікі лясгасаў — гэта «яслі» для дрэў.
У апошнія гады Мінлясгас актыўна выкарыстоўвае інавацыйны метад вырошчвання пасадачнага матэрыялу — з закрытай каранёвай сістэмай. Практыка паказала, што такія сеянцы адрозніваюцца лепшай прыжывальнасцю, больш устойлівыя да хвароб, хутчэй развіваюцца.
Высадзіць сеянцы і саджанцы ў адкрыты грунт, няхай і ўзорна падрыхтаваны, толькі палова справы. Каб з гэтых «дзетак» вырас паўнацэнны лес, іх давядзецца даглядаць гадамі. Праводзіць праполку і прарэджванне, высечкі асвятлення і догляду.
Наша краіна невялікая, аднак дзякуючы лясным багаццям добра вядомая ў свеце (Паводле С. Мураўскага).