§ 22. Развіццё рэгіёнаў

Перспектывы развіцця рэгіёнаў. Паспяховае развіццё рэгіёнаў прадугледжвае стварэнне спрыяльных умоў для жыцця ў малых і сярэдніх гарадскіх пасёлках і сельскіх населеных пунктах, стабілізацыю сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту.

Плануецца захаваць існуючыя прадпрыемствы і стварыць умовы для размяшчэння новых вытворчасцей, арыентаваных, перш за ўсё, на мясцовыя рэсурсы, традыцыі мясцовых жыхароў і патрэбы рэгіёна; стымуляваць прадпрымальніцкую дзейнасць грамадзян, адраджаць традыцыйныя рамёствы і промыслы; шырока прыцягваць інвестыцыі, у тым ліку замежныя.

Актуальнай з’яўляецца задача па развіцці інфраструктуры гарадоў (энергетыкі, будаўніцтва, транспарту, сувязі, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання) і сацыяльнай сферы (адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту, сацыяльнага забеспячэння, турызму).

icon-task
Ацаніце ўмовы жыцця ў вашым населеным пункце па кожнай пазіцыі (дастаткова, недастаткова). Стварыце візітную картку свайго населенага пункта па дадзеных пазіцыях. 

Адным з перспектыўных напрамкаў эканамічнага росту і развіцця рэгіёнаў з’яўляецца аграэкатурызм. Пад аграэкатурызмам разумеецца экалагічны від турызму, накіраваны на выкарыстанне прыродных, культурна-гістарычных і іншых рэсурсаў сельскай мясцовасці з мэтай стварэння комплекснага турыстычнага прадукту.

У 2016 і 2018 гг. Беларусь была прызнана лепшай краінай для агратурызму ў конкурсе часопіса National Geographic Traveler (Расія). У краіне налічваецца больш за дзве тысячы аграсядзіб.

icon-task
Якія аграсядзібы знаходзяцца ў вашай мясцовасці? Чаму ў падручніку не падпісана, якую канкрэтна сядзібу прадстаўляе дадзеная фатаграфія? 

Аграэкатурызм у сельскай мясцовасці падтрымлівае моладзь, якая актыўна дапамагае станаўленню і развіццю аграэкасядзіб. Сёння маладыя людзі хочуць развіваць сваю сямейную справу, бачачы ў ёй прыклад вядзення паспяховага бізнесу.