Печатать книгуПечатать книгу

§ 22. Развіццё рэгіёнаў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 22. Развіццё рэгіёнаў
Напечатано:: Гость
Дата: Суббота, 21 Декабрь 2024, 05:14

Рэгіёны Рэспублікі Беларусь. Рэгіён — гэта частка краіны, якая адрозніваецца ад іншых сукупнасцю натуральных і (ці) гістарычна складзеных, параўнальна ўстойлівых эканоміка-геаграфічных і іншых асаблівасцей.

У Рэспубліцы Беларусь вылучаюцца адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі і тэрытарыяльныя адзінкі.

icon-remember
Прыгадайце, што такое мясцовае кіраванне і самакіраванне. Як называюцца органы мясцовага самакіравання? Да якіх органаў належаць мясцовы выканаўчы камітэт і мясцовая адміністрацыя — да органаў кіравання ці самакіравання? 

Тэрыторыя Рэспублікі Беларусь падзелена на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі першага, другога (базавага) і трэцяга (першаснага) узроўняў.

Першы ўзровень складаюць шэсць абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская) і горад Мінск, які мае асаблівы статус сталіцы Рэспублікі Беларусь.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел знаходзіць адлюстраванне ў тым ліку на рэгістрацыйных знаках транспартных сродкаў фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь. На іх размяшчаецца: выява Дзяржаўнага сцяга, знак адрознення BY, спалучэнне літар (агульных для беларускага і лацінскага алфавітаў) і арабскіх лічбаў. Лічба, што стаіць асобна, азначае код рэгіёна.

icon-search
Рэгістрацыйныя знакі якіх рэгіёнаў прадстаўлены на выяве? Якая лічба вылучае транспартныя сродкі вашага рэгіёна? 

Базавы ўзровень адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу складаюць раёны (у Беларусі іх 118) і гарады абласнога падпарадкавання (10 гарадоў); першасны ўзровень — гарады раённага падпарадкавання, пасёлкі гарадскога тыпу, сельсаветы.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на шэсць абласцей і сталіцу існуе ў нязменным выглядзе з 1961 г. У Рэспубліцы Беларусь у якасці рэгіёнаў выступаюць вобласці і г. Мінск, якія істотна адрозніваюцца як па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, так і па структуры гаспадаркі.

Перыядычна ў навуковых і кіраўнічых колах узнімаецца пытанне аб рэфармаванні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час абмяркоўваюцца два варыянты. Адзін з іх прадугледжвае пераход ад 6 абласцей да 18 акруг, а другі — далучэнне раёнаў, у якіх пражывае менш за 20 тыс. чалавек, да прылеглых, больш буйных.

icon-search
Знайдзіце актуальную дадатковую інфармацыю аб прапановах па адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформе і сфармулюйце аргументы за і супраць яе ажыццяўлення. 

Рэгіянальная палітыка. Асноўнымі задачамі развіцця рэгіёнаў з’яўляюцца забеспячэнне ўстойлівага развіцця іх тэрыторый, паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове забеспячэння эфектыўнай працы гаспадарчага комплексу, інавацыйнага развіцця і павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі.

Галоўнай мэтай рэгіянальнай палітыкі з’яўляецца раўнамернае развіццё тэрыторый для жыццезабеспячэння кожнага канкрэтнага чалавека незалежна ад месца яго пражывання. Рэгіянальная палітыка мае на ўвазе выраўноўванне ўзроўню жыцця насельніцтва і згладжванне найбольш вострых сацыяльных і эканамічных дыспрапорцый паміж асобнымі рэгіёнамі краіны. Яна ахоплівае ўсе найважнейшыя галіны вытворчасці, занятасць насельніцтва, сферу абслугоўвання, сацыяльнае забеспячэнне і інш.

Рэгіянальная палітыка — дзейнасць органаў дзяржаўнай улады па забеспячэнні аптымальнага развіцця рэгіёнаў.

Вялікая адказнасць за развіццё рэгіёна нароўні з выканаўчымі органамі ўлады ляжыць і на дэпутатах усіх узроўняў, бо яны зацвярджаюць планы сацыяльна-эканамічнага развіцця сваіх тэрыторый, фарміруюць мясцовы бюджэт.

icon-task
Вывучыце змест рубрык афіцыйнага сайта раённага выканаўчага камітэта вашага раёна. Якія рубрыкі дапамагаюць зразумець рэальны стан спраў у раёне? Якіх мерапрыемстваў не хапае? Зрабіце прапановы па напаўненні сайта. 
icon-search
Знайдзіце інфармацыю аб рэгіянальным развіцці ў асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гг. Якія задачы развіцця рэгіёнаў з’яўляюцца прыярытэтнымі для вашага населенага пункта? 

Перспектывы развіцця рэгіёнаў. Паспяховае развіццё рэгіёнаў прадугледжвае стварэнне спрыяльных умоў для жыцця ў малых і сярэдніх гарадскіх пасёлках і сельскіх населеных пунктах, стабілізацыю сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту.

Плануецца захаваць існуючыя прадпрыемствы і стварыць умовы для размяшчэння новых вытворчасцей, арыентаваных, перш за ўсё, на мясцовыя рэсурсы, традыцыі мясцовых жыхароў і патрэбы рэгіёна; стымуляваць прадпрымальніцкую дзейнасць грамадзян, адраджаць традыцыйныя рамёствы і промыслы; шырока прыцягваць інвестыцыі, у тым ліку замежныя.

Актуальнай з’яўляецца задача па развіцці інфраструктуры гарадоў (энергетыкі, будаўніцтва, транспарту, сувязі, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання) і сацыяльнай сферы (адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту, сацыяльнага забеспячэння, турызму).

icon-task
Ацаніце ўмовы жыцця ў вашым населеным пункце па кожнай пазіцыі (дастаткова, недастаткова). Стварыце візітную картку свайго населенага пункта па дадзеных пазіцыях. 

Адным з перспектыўных напрамкаў эканамічнага росту і развіцця рэгіёнаў з’яўляецца аграэкатурызм. Пад аграэкатурызмам разумеецца экалагічны від турызму, накіраваны на выкарыстанне прыродных, культурна-гістарычных і іншых рэсурсаў сельскай мясцовасці з мэтай стварэння комплекснага турыстычнага прадукту.

У 2016 і 2018 гг. Беларусь была прызнана лепшай краінай для агратурызму ў конкурсе часопіса National Geographic Traveler (Расія). У краіне налічваецца больш за дзве тысячы аграсядзіб.

icon-task
Якія аграсядзібы знаходзяцца ў вашай мясцовасці? Чаму ў падручніку не падпісана, якую канкрэтна сядзібу прадстаўляе дадзеная фатаграфія? 

Аграэкатурызм у сельскай мясцовасці падтрымлівае моладзь, якая актыўна дапамагае станаўленню і развіццю аграэкасядзіб. Сёння маладыя людзі хочуць развіваць сваю сямейную справу, бачачы ў ёй прыклад вядзення паспяховага бізнесу.

icon-questions

1. Што значыць паняцце «рэгіянальная палітыка дзяржавы»? Якія яе складнікі?

2. На якія адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі падзяляецца Рэспубліка Беларусь? Якую ролю выконвае адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел краіны?

3. Вызначце катэгорыі населеных пунктаў, у якіх пражываюць ваша сям’я і сваякі, вучацца і працуюць вашы блізкія. Выкарыстоўвайце даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь. 

icon-idea
Выканайце міні-праект: складзіце візітную картку вашага рэгіёна. Адлюструйце асаблівасці вашага рэгіёна, яго гісторыю, выкарыстоўваючы інфармацыю з сайта Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь.