§ 21. Інавацыйнае развіццё краіны

Высокія тэхналогіі і энергазберажэнне. Высокімі тэхналогіямі называюць працэсы, заснаваныя на выкарыстанні перадавых дасягненняў навукі. Асаблівую ролю тут адыгрывае інфарматызацыя, важным этапам якой стала прыняцце Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці лічбавай эканомікі» (2017 г.), накіраванага на далейшае развіццё інавацыйнай сферы і пабудову ў Беларусі сучаснай лічбавай эканомікі.

«ТІБО» — найважнейшая для краіны падзея ў сферы тэхналогій і інавацый, якая ўжо паспела стаць традыцыйнай.

Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБО» ў Мінску — унікальная пляцоўка для абмену перадавым міжнародным вопытам, абмеркавання дзяржаўнай палітыкі ў інфармацыйнай сферы, генерацыі інавацыйных ведаў і абмеркавання механізмаў укаранення самых новых тэхналагічных трэндаў у розныя сферы эканомікі, бізнесу і жыцця сучаснага грамадства.

У форуме традыцыйна бяруць удзел найбуйнейшыя айчынныя і замежныя вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання, кампаніі-аператары мабільнай і фіксаванай сувязі, распрацоўшчыкі і пастаўшчыкі высокатэхналагічных прадуктаў, сістэм бяспекі, інтэлектуальных рашэнняў і сэрвісаў для бізнесу.

Асноўнымі мэтамі форуму «ТІБО» з’яўляюцца:

  • абмеркаванне ў шырокім коле спецыялістаў праблем і перспектыў эфектыўнага прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства;
  • дэманстрацыя ў дзеянні самых сучасных тэхналагічных рашэнняў;
  • садзейнічанне развіццю ўласнай інфармацыйнай індустрыі і рынку тэлекамунікацыйных і інфармацыйных паслуг;
  • падвядзенне вынікаў штогадовага конкурсу «Інтэрнэт-прэмія “ТІБО”», праведзенага ў рамках форуму.
icon-search
Даведайцеся, хто атрымаў прэмію «ТІБО» ў бягучым годзе. Якія тэхналогіі, рашэнні і прадукты знаходзяцца ў фокусе ўвагі? 

Беларусь дасягнула значных вынікаў у стварэнні суперкамп’ютараў — сістэм звышвысокай вытворчасці, незаменных для выканання сучасных навуковых даследаванняў, асваення новых складаных тэхналогій. У межах праграм Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі вучонымі дзвюх краін створаны мадэльны шэраг суперкамп’ютараў, якія знаходзяць прымяненне не толькі ў навуцы, але і ў прамысловасці, медыцыне, гідраметэаралогіі і г. д.

Таксама ў межах навуковых праграм беларускімі арганізацыямі сумесна з расійскімі партнёрамі распрацаваны і ўкаранёны сродкі і тэхналогіі атрымання, апрацоўкі і адлюстравання касмічнай інфармацыі, створаны элементы адзінай сістэмы забеспячэння касмічнай інфармацыяй спажыўцоў Расіі і Беларусі.

22 ліпеня 2012 г. з касмадрома Байканур на каляземную арбіту быў выведзены Беларускі касмічны апарат (БКА, БелКА). Асноўнымі заказчыкамі здымкаў з беларускага спадарожніка з’яўляюцца розныя арганізацыі (міністэрствы: па надзвычайных сітуацыях, абароны, лясной гаспадаркі, сельскай гаспадаркі і харчавання, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; Дзяржаўны камітэт па маёмасці і г. д.).

icon-search
Знайдзіце інфармацыю пра тое, якія актуальныя для беларускай эканомікі задачы паспяхова рашаюцца з дапамогай БКА. 

Адным з фактараў эканамічнай бяспекі дзяржавы з’яўляецца выкарыстанне самых сучасных навукова-тэхнічных рашэнняў, у прыватнасці, замяшчэння імпартуемых паліўна-энергетычных рэсурсаў мясцовымі і аднаўляльнымі крыніцамі энергіі, напрыклад будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

icon-task

Колькі працэнтаў электраэнергіі выкарыстоўваецца марна, калі зараднае ўстройства для мабільнага тэлефона пакідаць уключаным у сетку?

Назавіце самы эканамічны клас электрабытавых прыбораў. 

Энергазберажэнне павінна стаць клопатам кожнага чалавека. Не павінна быць марна ўключаных лямпачак, выкарыстоўваць трэба толькі сучаснае неэнергаёмістае асвятляльнае абсталяванне, дамы павінны будавацца на аснове сучасных тэхналогій энергазберажэння і г. д.