§ 21. Інавацыйнае развіццё краіны

Паняцце інавацыйнага шляху развіцця. Інавацыі (ад лац. innovatio — абнаўленне) — гэта любыя новыя ідэі, рэалізаваныя на практыцы; новаўвядзенні, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці чалавечай дзейнасці. Да іх належаць не толькі глабальныя тэхналагічныя прарывы (атамная энергетыка, камп’ютар і г. д.), але і разнастайныя ўдасканаленні. Так, інавацыямі ў свой час былі і аловак з прымацаваным да яго ласцікам, і самаклейныя аркушы для нататак, і цукар-рафінад, і чай у пакеціках.

Значныя поспехі былі дасягнуты шэрагам кампаній дзякуючы інавацыям у сістэме арганізацыі вытворчасці, прымяненні новых метадаў кіравання і прынцыпаў кантролю за якасцю выпушчанай прадукцыі.

icon-discussions
У чым падабенства і адрозненне паняццяў «інавацыя» і «вынаходства», «інавацыя» і «навацыя», «новаўвядзенне»? 
icon-task
Дэвіз інавацыі — «новае і іншае» — характарызуе разнастайнасць гэтага паняцця. Прывядзіце прыклад інавацыі: які-небудзь новы прадукт ці новую паслугу, якімі вы нядаўна карысталіся. Як вы думаеце, чаму ў якасці сімвала інавацыі вельмі часта выкарыстоўваецца лямпачка? Што значыць фраза «Думай па-за межамі кардонкі»? 
icon-idea
Стварыце свой дызайн лямпачкі, прысвечанай інавацыям. 

Вылучаюць два тыпы інавацый: паляпшальныя і радыкальныя. Першыя накіраваны на ўдасканаленне, паляпшэнне асобных характарыстык выпушчанай прадукцыі, тэхналогій, метадаў працы, што выкарыстоўваюцца. Радыкальныя інавацыі змяняюць спосаб вытворчай дзейнасці — яго тэхнічныя, тэхналагічныя, арганізацыйныя асновы.

icon-persona

Першае падрабязнае апісанне інавацый было зроблена Ёзэфам Шумпетэрам у працы «Тэорыя эканамічнага развіцця» (1911). Вучоны разглядаў інавацыі як сродак пераадолення эканамічных крызісаў. Ён адзначаў, што з дапамогай новаўвядзенняў прадпрыемства можа выкарыстоўваць новыя канкурэнтныя прыёмы, адрозныя ад ранейшых цэнавых форм канкурэнцыі. Гэтыя прыёмы ён назваў эфектыўнай канкурэнцыяй.

Ё. Шумпетэр сфармуляваў пяць асноўных новаўвядзенняў:

  • увядзенне новага прадукту ці вядомага прадукту з новымі якасцямі;
  • выкарыстанне новай тэхнікі, тэхналагічных працэсаў, стварэнне новага метаду вытворчасці;
  • адкрыццё новага рынку збыту;
  • выкарыстанне новых відаў сыравіны;
  • змяненні арганізацыйных асноў вытворчасці.

Шумпетэр лічыў, што новаўвядзенні з’яўляюцца не раўнамерна, а групамі (кластарамі). Стымулам да зараджэння новых кластараў інавацый служаць новыя навуковыя адкрыцці. Такім чынам была сфармулявана ідэя аб нераўнамернасці інавацыйнай актыўнасці. 

Інавацыі забяспечваюць перш за ўсё развіццё чалавечага патэнцыялу, а таксама доўгачасовы ўстойлівы рост эфектыўнасці эканомікі. Стварэнне інавацыйнай эканомікі немагчыма без апоры на нацыянальныя навуковыя школы і апераджальную адукацыю. Асноўным фактарам росту эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці эканомікі з’яўляецца навуковая, навукова-тэхнічная і ўкараняльная дзейнасць.