*§ 19-20-1. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы

Дэмаграфічная палітыка.

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 г.

4.1. Устойлівае дэмаграфічнае развіццё, рост патэнцыялу сям’і і дзяцей

Асноўная мэта — стварэнне ўмоў для росту колькасці насельніцтва на аснове паляпшэння якасных параметраў аднаўлення і пераходу да высокай міграцыйнай мабільнасці насельніцтва ў інтарэсах устойлівага развіцця.

Дасягненне пастаўленай мэты прадугледжвае рэалізацыю комплексу мер па наступных напрамках дэмаграфічнай палітыкі.

Павышэнне нараджальнасці, умацаванне інстытута сям’і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

У наступнай пяцігодцы прыярытэтнай задачай стане стварэнне дадатковых стымулаў для ўмацавання інстытута сям’і, павышэння нараджальнасці, нараджэння другога і наступных дзяцей. У больш аддаленай будучыні дэмаграфічная палітыка будзе нацэлена на паступовы пераход да пашыранага аднаўлення насельніцтва, калі асноўнай структурнай ячэйкай беларускай супольнасці стане сям’я з трыма і больш дзецьмі. Ключавая задача — забеспячэнне доўгага і здаровага жыцця, максімальна набліжанага да ўзроўню развітых еўрапейскіх дзяржаў.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю запатрабаваных у насельніцтва мер сацыяльнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі, уключаючы ўдасканаленне сістэмы дзяржаўных дапамог з акцэнтам на мэтавыя групы (шматдзетныя сем’і; сем’і, што выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю) і распрацоўку новых інструментаў адраснай сацыяльнай дапамогі, а таксама пашырэнню паслуг і іх даступнасці па месцы жыхарства.

Не менш важны напрамак — забеспячэнне даступнасці разнастайных відаў жылля сем’ям, што выхоўваюць дзяцей. Для гэтага будуць павялічаны аб’ёмы будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай для сем’яў, што выхоўваюць траіх і больш дзяцей, арэнднага і іпатэчнага жылля.

Плануецца распрацаваць комплекс мер, накіраваных на стварэнне ўмоў для спалучэння працоўнай дзейнасці бацькоў з выкананнем сямейных абавязкаў. Акцэнт будзе зроблены на развіццё гібкіх і нестандартных рэжымаў працы, арганізацыю новых форм сямейнага вольнага часу і адпачынку, павышэнне даступнасці фізічнай культуры і спорту для сямейных заняткаў. Прадугледжваецца развіццё інстытуцыянальных паслуг па доглядзе дзяцей (устаноў дашкольнай адукацыі прыватнай формы ўласнасці, груп кароткачасовага знаходжання, паслуг нянькі і інш.)…

Зніжэнне смяротнасці насельніцтва

Сярод галоўных задач — умацаванне рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва і зніжэнне смяротнасці, перш за ўсё грамадзян працаздольнага ўзросту.

Плануецца ўзмацненне аховы мацярынства і дзяцінства. Пільная ўвага будзе надавацца ахове здароўя дзяцей і падлеткаў шляхам рэалізацыі комплексу мер па скарачэнні ўзроўню іх папераджальнага захворвання, дзіцячай інваліднасці і смяротнасці, прывучэння іх да здаровага ладу жыцця і адказнасці за сваё здароўе...

Рэалізацыя задачы па зніжэнні ўзроўню смяротнасці працаздольных грамадзян будзе забяспечвацца шляхам:

  • укаранення сучасных метадаў дыягностыкі;
  • рэалізацыі комплексу мер па папярэджанні і зніжэнні долі інфіцыраваных ВІЧ, распаўсюджванні туберкулёзу і іншых інфекцыйных захворванняў;
  • скарачэння ўзроўню смяротнасці ад знешніх прычын на аснове ўзмацнення аховы працы і распрацоўкі комплексу мер па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў;
  • фарміравання ў грамадзян самазахавальных і адказных паводзінаў.

Ва ўмовах ўзмацнення працэсу старэння насельніцтва актуалізуецца задача па забеспячэнні здаровага, бяспечнага і інклюзіўнага жыцця пажылых грамадзян, у тым ліку шляхам рэалізацыі комплексу мер, што спрыяюць іх актыўнаму даўгалеццю і сацыяльна-эканамічнай інтэграцыі ў грамадства.

Павышэнне эфектыўнасці міграцыйных патокаў і іх рацыянальнай накіраванасці

Прыярытэтная ўвага будзе надавацца аптымізацыі ўнутраных і знешніх міграцыйных працэсаў з улікам патрэб рэгіёнаў у кадрах і дэмаграфічнага патэнцыялу.

У рамках рэгулявання ўнутранай міграцыі акцэнт будзе зроблены на распрацоўцы эканамічных рычагоў уздзеяння на міграцыйныя паводзіны насельніцтва, якія спрыяюць замяшчэнню натуральнага спаду і памяншэнню адтоку спецыялістаў з сельскай мясцовасці і замацаванню тут маладых кадраў. Неабходна распрацаваць дзейсныя інструменты па стымуляванні тэрытарыяльнага перамяшчэння працоўнай сілы ў працанедастатковыя раёны.

У сферы рэгулявання знешняй міграцыі неабходна стварыць функцыянальны механізм міграцыйнай сістэмы дзяржавы, які захоўвае інтарэсы нацыянальнай бяспекі, адпавядае інтарэсам асобы і грамадства, спрыяе гібкаму і эфектыўнаму кіраванню міграцыйнымі працэсамі і ў канчатковым выніку — прагрэсіўнаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны…

icon-discussions

Падрыхтуйце прэзентацыю аб мерапрыемствах, што праводзяцца ў вашым рэгіёне па гарантаванні дэмаграфічнай бяспекі. Якія мерапрыемствы, на ваш погляд, з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі? Сваё меркаванне абгрунтуйце.

Распрацуйце рэкамендацыі па падтрымцы актыўнага даўгалецця. 

icon-task
Прааналізуйце прадстаўленыя плакаты сацыяльнай рэкламы і сфармулюйце асноўныя напрамкі дзейнасці па зніжэнні смяротнасці. Стварыце свой плакат сацыяльнай рэкламы.