Печатать книгуПечатать книгу

*§ 19-20-1. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 19-20-1. Дынаміка складу насельніцтва і сацыяльная палітыка дзяржавы
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 28 Апрель 2024, 12:34

Сацыяльны склад насельніцтва. Апісаць канкрэтнае грамадства, зразумець асаблівасці яго развіцця, вызначыць, якія ў ім ёсць супольнасці і групы, дазваляюць такія навукі, як сацыялогія і статыстыка. Метадамі сацыялогіі апісваецца структура грамадства, уласцівы ёй тып сацыяльнай стратыфікацыі (падзел грамадства на класы, групы, супольнасці, якія выбудоўваюцца ў пэўную іерархію і ўзаемадзейнічаюць адзін з адным у адпаведнасці з сацыяльнымі нормамі), сацыяльная мабільнасць (перамяшчэнне асобных людзей і груп у сацыяльнай структуры грамадства, змяненне іх сацыяльнага статусу). Яны таксама дазваляюць спрагназаваць, якім будзе сучаснае грамадства ў будучыні з улікам цяперашніх тэндэнцый.

Метадамі статыстыкі атрымліваюць дакладныя лічбавыя замеры стану грамадства па самых розных напрамках і паказчыках. Статыстыка (ад лац. status — стан спраў) — навука, якая ажыццяўляе збор, навуковую апрацоўку, абагульненне і аналіз інфармацыі з розных сфер грамадскага жыцця. Менавіта статыстыка дае матэрыялы для аналізу сацыялогіі і іншым грамадскім навукам. Галоўнай крыніцай інфармацыі з’яўляецца спецыяльная справаздачнасць, якую вядуць практычна ўсе арганізацыі краіны — як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. Вельмі важную ролю адыгрываюць перапісы насельніцтва. Перапісы ў краіне праводзяцца з пэўнымі інтэрваламі.

icon-task

Вызначце асаблівасці ўжывання тэрміна «статыстыка» ў канкрэтнай сітуацыі:

  • 1) дыктар прывёў бягучую статыстыку па каранавірусе ў Рэспубліцы Беларусь;
  • 2) Іваноў В. І. займаецца статыстыкай сацыяльна-эканамічнага развіцця Гомельскай вобласці;
  • 3) студэнты выкарысталі ў сваёй навуковай працы статыстыку Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь;
  • 4) Пятроў П. І. атрымаў нездавальняючую адзнаку па статыстыцы. 

Галоўнай дзяржаўнай структурай, якая фарміруе статыстычную справаздачнасць у нашай краіне, з’яўляецца Нацыянальны статыстычны камітэт. Ён фарміруе штогадовую справаздачнасць па найважнейшых паказчыках сацыяльнага і эканамічнага развіцця краіны. Напрыклад, такіх як сярэдняя працягласць жыцця, узровень даходаў насельніцтва, узровень нараджальнасці і смяротнасці, капіталізацыя нацыянальнай эканомікі, узровень інвестыцый і г. д. Статыстычную справаздачнасць па пэўных напрамках дзяржаўнай палітыкі фарміруюць таксама галіновыя міністэрствы і ведамствы.

Нацыянальная статыстычная справаздачнасць з’яўляецца асновай для статыстыкі міжнародных арганізацый, у першую чаргу ААН і яе падраздзяленняў і праграм (МАП, САЗ і г. д.), і фарміравання інтэгральных індэксаў. Напрыклад, такіх як Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу, Індэкс шчасця, Індэкс Джыні, які апісвае ўзровень беднасці і г. д.

Пад кіраўніцтвам Нацыянальнага статыстычнага камітэта праводзяцца перапісы насельніцтва. Яны адыгрываюць важную ролю ў стварэнні сацыяльнага партрэта сучаснага беларускага грамадства.

Перапісы насельніцтва маюць доўгую гісторыю. Першыя перапісы праводзіліся на агульнадзяржаўным узроўні яшчэ ў Старажытным свеце. Перапісы з’яўляюцца пастаяннай практыкай амаль ва ўсіх краінах сучаснага свету. Сэнс іх правядзення заключаецца ў атрыманні актуальнага ўяўлення пра стан грамадства па сацыяльным, нацыянальным, класавым, тэрытарыяльным, эканамічным, рэлігійным і іншых зрэзах. Атрыманая такім чынам інфармацыя кладзецца ў аснову фарміравання эфектыўнай дзяржаўнай палітыкі і дзяржаўнага планавання ў цэлым.

На сайце Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (http://www.belstat.gov.by) размяшчаецца афіцыйная статыстыка па розных пытаннях. Лозунгам перапісу насельніцтва Рэспублікі Беларусь 2019 г. стала фраза «Перапіс насельніцтва: погляд у сучаснасць — крок у будучыню!»

icon-discussions
Навошта дзяржава праводзіць перапіс насельніцтва? З якім інтэрвалам праходзіць перапіс у нашай краіне? 
icon-search
Азнаёмцеся з інфаграфікай з сайта Нацыянальнага статыстычнага камітэта (https://www.belstat.gov.by/) і складзіце разгорнуты адказ па пытанні «Сацыяльны партрэт Беларусі». 

Дэмаграфічная палітыка.

Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2035 г.

4.1. Устойлівае дэмаграфічнае развіццё, рост патэнцыялу сям’і і дзяцей

Асноўная мэта — стварэнне ўмоў для росту колькасці насельніцтва на аснове паляпшэння якасных параметраў аднаўлення і пераходу да высокай міграцыйнай мабільнасці насельніцтва ў інтарэсах устойлівага развіцця.

Дасягненне пастаўленай мэты прадугледжвае рэалізацыю комплексу мер па наступных напрамках дэмаграфічнай палітыкі.

Павышэнне нараджальнасці, умацаванне інстытута сям’і і традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

У наступнай пяцігодцы прыярытэтнай задачай стане стварэнне дадатковых стымулаў для ўмацавання інстытута сям’і, павышэння нараджальнасці, нараджэння другога і наступных дзяцей. У больш аддаленай будучыні дэмаграфічная палітыка будзе нацэлена на паступовы пераход да пашыранага аднаўлення насельніцтва, калі асноўнай структурнай ячэйкай беларускай супольнасці стане сям’я з трыма і больш дзецьмі. Ключавая задача — забеспячэнне доўгага і здаровага жыцця, максімальна набліжанага да ўзроўню развітых еўрапейскіх дзяржаў.

Асаблівая ўвага будзе ўдзелена развіццю запатрабаваных у насельніцтва мер сацыяльнай падтрымкі сем’яў з дзецьмі, уключаючы ўдасканаленне сістэмы дзяржаўных дапамог з акцэнтам на мэтавыя групы (шматдзетныя сем’і; сем’і, што выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю) і распрацоўку новых інструментаў адраснай сацыяльнай дапамогі, а таксама пашырэнню паслуг і іх даступнасці па месцы жыхарства.

Не менш важны напрамак — забеспячэнне даступнасці разнастайных відаў жылля сем’ям, што выхоўваюць дзяцей. Для гэтага будуць павялічаны аб’ёмы будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай для сем’яў, што выхоўваюць траіх і больш дзяцей, арэнднага і іпатэчнага жылля.

Плануецца распрацаваць комплекс мер, накіраваных на стварэнне ўмоў для спалучэння працоўнай дзейнасці бацькоў з выкананнем сямейных абавязкаў. Акцэнт будзе зроблены на развіццё гібкіх і нестандартных рэжымаў працы, арганізацыю новых форм сямейнага вольнага часу і адпачынку, павышэнне даступнасці фізічнай культуры і спорту для сямейных заняткаў. Прадугледжваецца развіццё інстытуцыянальных паслуг па доглядзе дзяцей (устаноў дашкольнай адукацыі прыватнай формы ўласнасці, груп кароткачасовага знаходжання, паслуг нянькі і інш.)…

Зніжэнне смяротнасці насельніцтва

Сярод галоўных задач — умацаванне рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва і зніжэнне смяротнасці, перш за ўсё грамадзян працаздольнага ўзросту.

Плануецца ўзмацненне аховы мацярынства і дзяцінства. Пільная ўвага будзе надавацца ахове здароўя дзяцей і падлеткаў шляхам рэалізацыі комплексу мер па скарачэнні ўзроўню іх папераджальнага захворвання, дзіцячай інваліднасці і смяротнасці, прывучэння іх да здаровага ладу жыцця і адказнасці за сваё здароўе...

Рэалізацыя задачы па зніжэнні ўзроўню смяротнасці працаздольных грамадзян будзе забяспечвацца шляхам:

  • укаранення сучасных метадаў дыягностыкі;
  • рэалізацыі комплексу мер па папярэджанні і зніжэнні долі інфіцыраваных ВІЧ, распаўсюджванні туберкулёзу і іншых інфекцыйных захворванняў;
  • скарачэння ўзроўню смяротнасці ад знешніх прычын на аснове ўзмацнення аховы працы і распрацоўкі комплексу мер па прафілактыцы дарожна-транспартных здарэнняў;
  • фарміравання ў грамадзян самазахавальных і адказных паводзінаў.

Ва ўмовах ўзмацнення працэсу старэння насельніцтва актуалізуецца задача па забеспячэнні здаровага, бяспечнага і інклюзіўнага жыцця пажылых грамадзян, у тым ліку шляхам рэалізацыі комплексу мер, што спрыяюць іх актыўнаму даўгалеццю і сацыяльна-эканамічнай інтэграцыі ў грамадства.

Павышэнне эфектыўнасці міграцыйных патокаў і іх рацыянальнай накіраванасці

Прыярытэтная ўвага будзе надавацца аптымізацыі ўнутраных і знешніх міграцыйных працэсаў з улікам патрэб рэгіёнаў у кадрах і дэмаграфічнага патэнцыялу.

У рамках рэгулявання ўнутранай міграцыі акцэнт будзе зроблены на распрацоўцы эканамічных рычагоў уздзеяння на міграцыйныя паводзіны насельніцтва, якія спрыяюць замяшчэнню натуральнага спаду і памяншэнню адтоку спецыялістаў з сельскай мясцовасці і замацаванню тут маладых кадраў. Неабходна распрацаваць дзейсныя інструменты па стымуляванні тэрытарыяльнага перамяшчэння працоўнай сілы ў працанедастатковыя раёны.

У сферы рэгулявання знешняй міграцыі неабходна стварыць функцыянальны механізм міграцыйнай сістэмы дзяржавы, які захоўвае інтарэсы нацыянальнай бяспекі, адпавядае інтарэсам асобы і грамадства, спрыяе гібкаму і эфектыўнаму кіраванню міграцыйнымі працэсамі і ў канчатковым выніку — прагрэсіўнаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю краіны…

icon-discussions

Падрыхтуйце прэзентацыю аб мерапрыемствах, што праводзяцца ў вашым рэгіёне па гарантаванні дэмаграфічнай бяспекі. Якія мерапрыемствы, на ваш погляд, з’яўляюцца найбольш эфектыўнымі? Сваё меркаванне абгрунтуйце.

Распрацуйце рэкамендацыі па падтрымцы актыўнага даўгалецця. 

icon-task
Прааналізуйце прадстаўленыя плакаты сацыяльнай рэкламы і сфармулюйце асноўныя напрамкі дзейнасці па зніжэнні смяротнасці. Стварыце свой плакат сацыяльнай рэкламы. 

Гендарная палітыка.

Канвенцыя аб згодзе на ўступленне ў шлюб, шлюбным узросце і рэгістрацыі шлюбаў

Адкрыта для падпісання і ратыфікацыі рэзалюцыяй 1763 А (XVII) Генеральнай Асамблеі ад 7 лістапада 1962 г.

Дзяржавы, што дамаўляліся,

жадаючы ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ухваляць усеагульную павагу і выкананне правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх, без адрознення расы, полу, мовы і рэлігіі,

маючы на ўвазе, што ў артыкуле 16 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека прадугледжваецца наступнае:

«1) Мужчыны і жанчыны, якія дасягнулі паўналецця, маюць права без усялякіх абмежаванняў па прымеце расы, нацыянальнасці або рэлігіі ўступаць у шлюб і заводзіць сям’ю. Яны карыстаюцца аднолькавымі правамі ў дачыненні да ўступлення ў шлюб, у час знаходжання ў шлюбе і пры яго скасаванні.

2) Шлюб можа быць заключаны толькі пры свабоднай і поўнай згодзе абодвух бакоў, якія ўступаюць у шлюб»,

маючы на ўвазе таксама, што Генеральная Асамблея Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у рэзалюцыі 843 (IX) ад 17 снежня 1954 г. указала, што некаторыя звычаі, састарэлыя законы і практыка, якія датычацца шлюбу і сям’і, супярэчаць прынцыпам, выкладзеным у Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека,

пацвярджаючы, што ўсе дзяржавы, уключаючы тыя, якія нясуць або прымаюць на сябе адказнасць за кіраванне несамакіруючымі і падапечнымі тэрыторыямі надалей, да дасягнення імі незалежнасці, павінны прыняць усе належныя меры для ліквідавання такіх звычаяў, састарэлых законаў і практыкі шляхам забеспячэння, у прыватнасці, поўнай свабоды выбару сужэнца, поўнага скасавання шлюбаў дзяцей і папярэдніх дамоўленасцей пра выдачу замуж дзяўчат да дасягнення імі палавой спеласці, устанаўлення, калі гэта неабходна, належных пакаранняў і ўвядзення рэестра актаў грамадзянскага стану або іншага рэестра, у якім рэгістраваліся б усе шлюбы…

icon-discussions
Рэспубліка Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі аб згодзе на ўступленне ў шлюб, шлюбным узросце і рэгістрацыі шлюбаў, але нацыянальнае заканадаўства патрабаванням Канвенцыі не супярэчыць. Пацвердзіце або абвергніце дадзенае сцвярджэнне, прачытаўшы прэамбулу Канвенцыі і прааналізаваўшы асноўныя нормы заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. 

Нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў Рэспубліцы Беларусь на 2021–2025 гг.

...Сярод жанчын па-ранейшаму найбольш высокая доля працуючых у сферы паслуг (73,6 працэнта), мужская занятасць характарызуецца высокай удзельнай вагой працуючых у вытворчай сферы (56,5 працэнта). Жанчыны складаюць толькі 26,7 працэнта выпускнікоў навучальных устаноў па спецыяльнасцях, звязаных з навукай, тэхналогіямі, інжынерыяй і матэматыкай, што сведчыць пра неабходнасць іх далейшага руху ў гэтых галінах.

Адзначаецца гендарная няроўнасць у эканамічнай сферы. Згодна з паказчыкамі Індэкса гендарнага развіцця ацэначны валавы нацыянальны даход на душу насельніцтва ў жанчын ніжэйшы, чым у мужчын (даныя Даклада аб чалавечым развіцці 2019 г.).

Узровень занятасці жанчын ніжэйшы, чым мужчын, — 64,2 і 71,6 працэнта адпаведна, пры гэтым узровень занятасці жанчын у працаздольным узросце вышэйшы і складае 84,7 працэнта, у мужчын — 82,1 працэнта (згодна з данымі выбарачнага абследавання дамашніх гаспадарак з мэтай вывучэння праблем занятасці насельніцтва ў 2019 г.). Захоўваецца гендарны разрыў у аплаце працы: у 2019 г. ён склаў 26,9 працэнта.

Пры паступальным павышэнні ўдзелу бацькаў у працэсе выхавання і развіцця дзяцей жанчыны тым не менш у сярэднім трацяць у 2 разы больш часу на неаплатную працу па доглядзе і працу па доме, чым мужчыны, а ў сем’ях з дзецьмі да 10 гадоў — у 2,5 раза. За апошнія 10 гадоў на 1,8 года скараціўся разрыў у чаканай працягласці жыцця паміж жанчынамі і мужчынамі...

icon-discussions
Якія шляхі дасягнення гендарнага раўнапраўя ва ўмовах Беларусі? 
icon-task
У выбарчай кампаніі дзяржавы Х па выбарах дэпутатаў быў выстаўлены лозунг «Дэпутат — прывілея мужчын!». Якую сацыяльную з’яву ілюструе гэта пазіцыя? Ці падзяляеце вы гэту пазіцыю? Растлумачце свой пункт погляду. 
icon-task
Напішыце кароткія тэксты нататак пад назвай «Жанчыны ўдзельнічаюць у выбарах нароўні з мужчынамі, але вось сярод дэпутатаў іх па-ранейшаму меншасць» для рэсурсаў, якія пазіцыянуюць сябе як жаночы і мужчынскі. Выкарыстайце прадстаўленую інфаграфіку. 
icon-discussions

Чаму менавіта выбарчыя правы жанчын указваюць у якасці паказчыка іх роўнага з мужчынамі становішча ў грамадстве?

Якая краіна займае першае месца па колькасці жанчын у парламенце? Якія еўрапейскія краіны ўваходзяць у пяцёрку лідараў?

Якія краіны ўваходзяць у топ-10

1
2
3
icon-task
Прааналізуйце серыю плакатаў сацыяльнай рэкламы на тэму гендарнай роўнасці, створаную міжнароднай арганізацыяй «ААН-Жанчыны». Наколькі закранутыя ў дадзенай рэкламе пытанні актуальныя для Беларусі ў параўнанні з іншымі краінамі? Якое месца займае Беларусь у міжнародным Індэксе гендарнай роўнасці? 

Маладзёжная палітыка. Валанцёры — фізічныя асобы, якія добраахвотна аказваюць сацыяльныя паслугі на бязвыплатнай аснове пад кіраўніцтвам работнікаў арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць сацыяльныя паслугі, у адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні» ад 22.05.2000.

Валанцёр — фізічная асоба, якая добраахвотна выконвае работы або аказвае паслугі на бязвыплатнай аснове...

Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа ў парадку, вызначаным Статутам, можа прыцягваць валанцёраў для выканання работ або аказання паслуг у межах мерапрыемстваў па дасягненні мэт, выкананні задач і рэалізацыі асноўных напрамкаў дзейнасці...

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Беларускім Таварыстве Чырвонага Крыжа» ад 24.10.2000.

icon-search
Вызначце асаблівасці, падабенства і адрозненні валанцёрскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь і краінах-суседзях. 
icon-task
Выканайце міні-праект «Інтэрв’ю з валанцёрам». Падрыхтуйце пытанні для сустрэчы з прадстаўніком маладзёжнага валанцёрскага руху і запішыце інтэрв’ю. Карыстайцеся памяткай для правядзення інтэрв’ю. 

Нацыянальная палітыка. У сучаснай навуцы існуюць розныя падыходы да паняцця «нацыя». Так, нацыя можа разглядацца як вышэйшы этап гістарычнага развіцця этнасу, які характарызуецца наяўнасцю палітычнай, тэрытарыяльнай, сацыяльна-эканамічнай і духоўнай супольнасці людзей з пэўнай псіхалогіяй і самасвядомасцю, нацыянальнай ідэнтычнасцю. Этнічная нацыя ў многім грунтуецца на сфарміраваных традыцыях і культуры народа.

Таксама існуе паняцце «грамадзянская нацыя», якое азначае палітычную ідэнтычнасць, пабудаваную вакол агульнага грамадзянства ў пэўнай дзяржаве. Грамадзянская нацыя вызначаецца не столькі мовай або культурай, колькі палітычнымі інстытутамі і тымі прынцыпамі, якія яе грамадзяне абавязваюцца падтрымліваць. Членства ў грамадзянскай нацыі адкрыта для ўсіх, хто падзяляе гэтыя каштоўнасці. У такім выпадку паняцце «нацыя» можа атаясамлівацца з паняццем «дзяржава». У якасці прыкладу можна прывесці назву створанай у 1945 г. вядучай міжнароднай арганізацыі — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (англ. United Nations).

Адпаведна, паняцце «нацыянальны» таксама з’яўляецца шматзначным і можа адносіцца як да этнічных традыцый народа, так і да фарміравання грамадзянскай нацыі, дзейнасці дзяржавы.

Нацыянальны беларускі строй
Нацыянальны беларускі строй
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь
icon-discussions
У якім значэнні ўжываецца паняцце «нацыянальны» ў кожным з прыведзеных прыкладаў? Як вы думаеце, нацыянальная палітыка — гэта палітыка ў адносінах да этнічнай нацыі або да грамадзянскай нацыі? 

Канфесійная палітыка.

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (ад 31 кастрычніка 2002 г.)

Гэты Закон рэгулюе праваадносіны ў галіне правоў чалавека і грамадзяніна на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама вызначае прававыя асновы стварэння і дзейнасці рэлігійных арганізацый зыходзячы з:

  • права кожнага на свабоду сумлення і свабоду веравызнання, а таксама на роўнасць перад законам незалежна ад стаўлення да рэлігіі;
  • роўнасці рэлігій перад законам;
  • прызнання вызначальнай ролі Праваслаўнай царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа;
  • духоўнай, культурнай і гістарычнай ролі Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі;
  • неаддзельнасці ад агульнай гісторыі народа Беларусі Евангелісцка-лютаранскай царквы, іўдаізму і ісламу;
  • неабходнасці садзейнічання дасягненню ўзаемнага разумення, цярпімасці і павагі рэлігійных пачуццяў грамадзян у пытаннях свабоды сумлення і веравызнання.
icon-discussions
Якім чынам у прэамбуле Закона вызначана роля розных канфесій у жыцці беларускага грамадства? Праілюструйце гэтыя палажэнні прыкладамі з курса гісторыі Беларусі. 

Артыкул 4. Права на свабоду сумлення

Кожны мае права на свабоду выбару атэістычных або рэлігійных перакананняў, а іменна: самастойна вызначаць сваё стаўленне да рэлігіі, аднаасобна або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай.

Артыкул 5. Права на свабоду веравызнання

Кожны мае права свабодна выбіраць, мець, змяняць, выказваць і распаўсюджваць рэлігійныя перакананні і дзейнічаць у адпаведнасці з імі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Ніхто не абавязаны паведамляць пра сваё стаўленне да рэлігіі і не можа зведваць які-небудзь прымус пры вызначэнні свайго стаўлення да рэлігіі, да вызнання той або іншай рэлігіі, да ўдзелу або няўдзелу ў дзейнасці рэлігійных арганізацый.

Бацькі або асоба, якая іх замяняе, па ўзаемнай згодзе маюць права выхоўваць сваіх дзяцей у адпаведнасці са сваім уласным стаўленнем да рэлігіі. Дзяржава не можа ўмешвацца ў выхаванне дзіцяці, заснаванае на пэўным рэлігійным светапоглядзе бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, за выключэннем выпадкаў, калі схіленне да рэлігійных дзеянняў пагражае непасрэдна жыццю або здароўю дзіцяці, парушае яго законныя правы.

Артыкул 6. Раўнапраўе рэлігій

Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.

Ідэалогія рэлігійных арганізацый не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Артыкул 7. Раўнапраўе грамадзян

Грамадзяне роўныя перад законам незалежна ад іх стаўлення да рэлігіі.

У афіцыйных дакументах стаўленне грамадзяніна да рэлігіі не ўказваецца, акрамя выпадкаў, калі гэтага жадае сам грамадзянін.

Перашкаджэнне ажыццяўленню правоў на свабоду сумлення і веравызнання, а таксама ўстанаўленне якіх-небудзь пераваг або абмежаванняў правоў грамадзян у залежнасці ад іх стаўлення да рэлігіі не дапускаюцца і пераследуюцца па законе.

Ніхто не можа па матывах сваіх рэлігійных перакананняў ухіляцца ад выканання ўстаноўленых законам абавязкаў.

Артыкул 8. Дзяржава і рэлігія

Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Дзяржава не ўскладае на рэлігійныя арганізацыі выкананне якіх-небудзь дзяржаўных функцый, не ўмешваецца ў дзейнасць рэлігійных арганізацый, калі яна не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі маюць права ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, а таксама выкарыстоўваць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі не ўдзельнічаюць у дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць палітычныя мэты, і не аказваюць ім фінансавай і іншай падтрымкі.

У месцах богаслужэнняў не дапускаюцца выкарыстанне дзяржаўнай сімволікі, правядзенне сходаў, мітынгаў, перадвыбарнай агітацыі і іншых мерапрыемстваў палітычнага характару, а таксама выступленні, заклікі, якія абражаюць прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, службовых асоб і асобных грамадзян.

Дзяржава садзейнічае ўсталяванню адносін цярпімасці і павагі паміж грамадзянамі, што вызнаюць і не вызнаюць рэлігію, рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў.

Дзяржава можа будаваць свае ўзаемаадносіны з рэлігійнымі аб’яднаннямі шляхам заключэння з імі пагадненняў у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Артыкул 9. Адукацыя і рэлігія

Нацыянальная сістэма адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь носіць свецкі характар і не мае мэты фарміравання таго або іншага стаўлення да рэлігіі.

Грамадзяне маюць права на роўныя магчымасці доступу да нацыянальнай сістэмы адукацыі незалежна ад іх стаўлення да рэлігіі.

Ва ўстановах адукацыі не дапускаюцца стварэнне і ананімная або іншая дзейнасць рэлігійных арганізацый, якая не супярэчыць заканадаўству.

Установы адукацыі ў пытаннях выхаваўчай дзейнасці на падставе пісьмовых заяў бацькоў або асоб, якія іх замяняюць (саміх паўналетніх навучэнцаў), у пазаўрочны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Рэлігійныя арганізацыі, зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым гэтым Законам, маюць права ў адпаведнасці са сваімі статутамі ствараць для рэлігійнай асветы дзяцей і дарослых вучэбныя групы і нядзельныя рэлігійныя школы, выкарыстоўваючы для гэтага памяшканні, якія належаць і (ці) прадастаўляюцца ім у карыстанне, акрамя памяшканняў, якія належаць дзяржаўным установам адукацыі.

icon-task
Складзіце пяць тэзісаў, што характарызуюць канфесійную палітыку ў нашай краіне. 
icon-idea
Правядзіце міні-даследаванне «На якой мове адбываецца богаслужэнне ў храмах розных канфесій у нашай краіне?». Стварыце аўдыяпадкаст. 
icon-task
Вызначце, якія традыцыйныя канфесіі Беларусі прадстаўляюць дадзеныя культавыя збудаванні. Стварыце падборку выяў храмаў кожнай традыцыйнай канфесіі Беларусі.