§ 17. Асновы крымінальнага права

Акалічнасці, якія змякчаюць і якія абцяжваюць крымінальную адказнасць. Акалічнасці, якія змякчаюць адказнасць, — гэта тыя, якія сведчаць пра значнае зніжэнне ступені грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства і асобы вінаватага (яўка з павіннай; чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненым злачынстве; актыўнае спрыянне выяўленню злачынства, выкрыццю іншых удзельнікаў злачынства; добраахвотнае пакрыццё шкоды і інш.).

Акалічнасці, якія абцяжваюць адказнасць, — гэта тыя, з якімі закон звязвае ўзмацненне меры каральнасці. Яны ўказваюць на павышаную ступень грамадскай небяспекі здзейсненага і асобы вінаватага. Напрыклад, здзяйсненне злачынства паўторна, групай асоб па папярэдняй змове, арганізаванай групай ці злачыннай арганізацыяй, агульнанебяспечным спосабам, з асаблівай жорсткасцю, што пацягнула цяжкія наступствы, у адносінах да малалетняй, састарэлай або іншай асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, цяжарнай жанчыны, а таксама ў сувязі з ажыццяўленнем пацярпелым службовай дзейнасці або выкананнем грамадскага абавязку, з нізкіх пабуджэнняў (карыслівых, хуліганскіх і інш.), па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці, з мэтай схаваць іншае злачынства. Адказнасць узмацняецца і ў выпадках здзяйснення злачынства асобай, якая парушыла тым самым прынятую ёй прысягу або прафесійную клятву. Асаблівая ўвага пры індывідуалізацыі меры адказнасці надаецца ацэнцы здзяйснення злачынства асобай, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення або стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных ці іншых дурманлівых рэчываў.