Печатать книгуПечатать книгу

§ 17. Асновы крымінальнага права

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 17. Асновы крымінальнага права
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 20 Декабрь 2024, 21:39

Паняцце крымінальнага права. У даўніну першыя помнікі права Беларусі аперыравалі тэрмінам «галоўніцтва». Напрыклад, у Статутах ВКЛ забойца лічыўся галоўнікам і зведваў пакаранне сваёй галавой (жыццём) або іншае вельмі суровае пакаранне. Галоўніцтва (галаўшчызна) як пакаранне часта прымянялася за здзейсненыя злачынствы ў выглядзе грашовых выплат, спагнанняў, кампенсацый. Так пачынала фарміравацца першая сістэма крымінальна-прававых норм на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Крымінальнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што вызначаюць найбольш небяспечныя для ўсталяванай сістэмы грамадскіх адносін учынкі — злачынствы і ўстанаўліваюць за іх пакаранні або іншыя меры крымінальнай адказнасці. Нормы крымінальнага права абараняюць ад злачынных замахаў мір і бяспеку грамадства, чалавека, яго правы і свабоды, уласнасць, правы юрыдычных асоб, прыроднае асяроддзе, грамадскія і дзяржаўныя інтарэсы, канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, а таксама ўстаноўлены ў дзяржаве правапарадак.

Поўны пералік відаў злачынстваў і пакаранняў за іх утрымліваецца ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь (КК). Яго асноўнай функцыяй з’яўляецца ахоўная. КК выконвае і іншыя функцыі: рэгулятыўную, папераджальную і выхаваўчую.

Злачынства з’яўляецца самым небяспечным правапарушэннем. Яно вызначаецца як здзейсненае вінавата (наўмысна ці па неасцярожнасці) і супрацьпраўна грамадска небяспечнае дзеянне (дзеянне ці бяздзеянне), якое забаронена законам пад пагрозай пакарання. Сукупнасць аб’ектыўных і суб’ектыўных прымет злачынства пэўнага віду называецца саставам злачынства (лац. — corpus delicti). Злачынствы падзяляюцца на злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, менш цяжкія, цяжкія і асабліва цяжкія.

Крымінальная адказнасць і пакаранне. Крымінальная адказнасць з’яўляецца самым суровым відам юрыдычнай адказнасці. Яна наступае толькі ў выпадках здзяйснення злачынства.

Крымінальная адказнасць выражаецца ў асуджэнні ад імя Рэспублікі Беларусь па прыгаворы суда асобы, якая здзейсніла злачынства, і прымяненні на аснове асуджэння пакарання або іншых яе мер у адпаведнасці з КК. Да мер крымінальнай адказнасці закон адносіць: пакаранне, адтэрміноўку выканання прызначанага пакарання, умоўнае непрымяненне прызначанага пакарання, асуджэнне без прызначэння пакарання, прымяненне ў адносінах да непаўналетніх прымусовых мер выхаваўчага характару.

Прэзумпцыя невінаватасці — адзін з асноватворных прынцыпаў крымінальнага судаводства, які заключаецца ў тым, што асоба лічыцца невінаватай, пакуль яе віна ў здзейсненым злачынстве не будзе даказана ў парадку, прадугледжаным законам, і ўстаноўлена прыгаворам суда, які ўступіў у законную сілу. Асноўны прынцып прэзумпцыі невінаватасці абвяшчае: «Цяжар доказу крымінальнай віны ляжыць на органе крымінальнага пераследавання».

icon-discussions
Чаму прэзумпцыя невінаватасці вылучана ў якасці асобнага артыкула ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? 

Крымінальная адказнасць мае тры мэты:

  • • выпраўленне асобы, якая здзейсніла злачынства;
  • • папярэджанне здзяйснення асуджаным новых злачынстваў;
  • • папярэджанне здзяйснення злачынстваў іншымі асобамі.

Крымінальная адказнасць садзейнічае аднаўленню сацыяльнай справядлівасці ў грамадстве.

Пакаранне з’яўляецца мерай крымінальнай адказнасці, якая прымяняецца па прыгаворы суда да асобы, асуджанай за злачынства. Пакаранне заключаецца ў прадугледжаным законам пазбаўленні або абмежаванні правоў і свабод асуджанага. Напрыклад, папраўчыя работы абмяжоўваюць працоўныя і эканамічныя правы асуджанага, пазбаўленне волі звязана з пазбаўленнем цэлага комплексу канстытуцыйных свабод і гарантый, абмежаваннем працоўных, сацыяльных, эканамічных і іншых правоў. Пакаранне носіць прымусовы характар, гэта значыць, прызначаецца вінаватай асобе незалежна ад яе меркавання і пажаданняў, і прымяняецца ад імя Рэспублікі Беларусь, а не ад імя асобных службовых асоб, напрыклад следчага, пракурора, суддзі.

icon-task
Вызначце, для каго прызначаны розныя месцы ў зале суда. 

Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь прадугледжаны цэлы шэраг пакаранняў. У якасці вышэйшай, выключнай меры пакарання дапускаецца прымяненне смяротнай кары — расстрэлу. Як альтэрнатыва смяротнай кары дапускаецца такая выключная мера пакарання, як пажыццёвае зняволенне. Гэтыя пакаранні прызначаюцца судом за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых абставінах.

icon-task

Вызначце на аснове аналізу палажэнняў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (тэкст змешчаны на сайце http://www.pravo.by) розніцу паміж наступнымі відамі пакаранняў:

  • грамадскія работы і папраўчыя работы (п. 1 арт. 49, п. 1 арт. 52);
  • абмежаванне волі і пазбаўленне волі (арт. 55, арт. 57). 

У адпаведнасці з прынцыпам справядлівасці пакаранне павінна адпавядаць характару і ступені грамадскай небяспекі злачынства, абставінам яго здзяйснення і асобе вінаватага. Крымінальнай адказнасці падлягае асоба, якая дасягнула да часу здзяйснення злачынства 16-гадовага ўзросту. За некаторыя злачынствы крымінальная адказнасць наступае з 14 гадоў, напрыклад за забойства, наўмыснае прычыненне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджання, згвалтаванне, выкраданне чалавека, крадзеж, грабеж, разбой, вымаганне, раскраданне шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі, хуліганства, заведама лжывае паведамленне пра небяспеку, крадзеж і незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў.

icon-task
У чым заключаецца падабенства і адрозненне паміж названымі злачынствамі? 

Артыкул 339. Хуліганства

1. Наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць яўную непавагу да грамадства, суправаджаюцца прымяненнем насілля ці пагрозай яго прымянення або знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці або вылучаюцца па сваім змесце выключным цынізмам (хуліганства), — караюцца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў…

icon-task
Параўнайце азначэнні такіх правапарушэнняў, як «дробнае хуліганства» і «хуліганства», і вызначце іх адрозненне. 

Артыкул 340. Заведама лжывае паведамленне пра небяспеку

1. Заведама лжывае паведамленне пра выбух, які рыхтуецца, падпал ці іншыя дзеянні, што ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя людзей, або прычыненне шкоды ў буйным памеры, або наступленне іншых цяжкіх наступстваў, — караюцца штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на тэрмін да пяці гадоў…

icon-discussions
У чым заключаецца грамадская небяспека названых дзеянняў? Чаму ў вучэбным дапаможніку надаецца асаблівая ўвага гэтым злачынствам? 

Акалічнасці, якія выключаюць злачыннасць дзеяння і крымінальную адказнасць. Пры пэўных умовах учынкі, падобныя па прыметах да злачынстваў, не цягнуць крымінальнай адказнасці. Гэтыя ўчынкі пазбаўлены грамадскай небяспекі і таму не прызнаюцца злачынствамі. Растлумачыць гэта можна акалічнасцямі, пры якіх яны былі здзейснены.

У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь рэгламентаваны шэраг акалічнасцей, якія выключаюць злачыннасць дзеяння.

Неабходная абарона, напрыклад, дапускаецца пры абароне жыцця, здароўя, правоў асобы, якая абараняецца, ці іншай асобы, інтарэсаў грамадства ці дзяржавы ад грамадска небяспечнага замаху шляхам прычынення шкоды таму, хто робіць замах, калі пры гэтым не было дапушчана перавышэння межаў неабходнай абароны.

Разам з тым нельга абараняцца ад законных дзеянняў. Супрацьдзеянне асобам, якія ажыццяўляюць правамернае затрыманне правапарушальніка, яго дастаўку ў адпаведныя органы ўлады і да т. п., знаходзіцца па-за межамі неабходнай абароны. Таксама не мае права спасылацца на стан неабходнай абароны чалавек, які ўцягнуты ў бойку і тлумачыць свае дзеянні тым, што аднаму з удзельнікаў пагражала небяспека. Не можа быць прызнаны стан неабходнай абароны ў адносінах да чалавека, які справакаваў напад для таго, каб выкарыстаць яго як нагоду для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў (расправы, помсты і інш.).

icon-discussions
Які малюнак можна выкарыстаць для ілюстрацыі азначэння «неабходная абарона»? Чаму? 

Акалічнасцямі, якія выключаюць крымінальную адказнасць, з’яўляюцца, напрыклад, бессвядомасць асобы, добраахвотнае адмаўленне ад злачынства, адсутнасць патрабавання пацярпелага па справах прыватнага абвінавачання (наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання, катаванне, паклёп, абраза, раскрыццё камерцыйнай тайны і да т. п.).

Да акалічнасцей, якія вызваляюць ад крымінальной адказнасці, адносяцца: заканчэнне тэрмінаў даўніны крымінальнага пераследавання; страта дзеяннем грамадскай небяспекі; дзейнае раскаянне асобы; прымірэнне з пацярпелым; амністыя; заява ўдзельніка злачыннай арганізацыі ці банды пра яе існаванне і дапамогу ў яе выкрыцці; выпадкі, спецыяльна прадугледжаныя ў заўвагах да артыкулаў Асаблівай часткі КК (напрыклад, добраахвотная здача асобай агнястрэльнай зброі, наркотыкаў) і інш.

Акалічнасці, якія змякчаюць і якія абцяжваюць крымінальную адказнасць. Акалічнасці, якія змякчаюць адказнасць, — гэта тыя, якія сведчаць пра значнае зніжэнне ступені грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства і асобы вінаватага (яўка з павіннай; чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненым злачынстве; актыўнае спрыянне выяўленню злачынства, выкрыццю іншых удзельнікаў злачынства; добраахвотнае пакрыццё шкоды і інш.).

Акалічнасці, якія абцяжваюць адказнасць, — гэта тыя, з якімі закон звязвае ўзмацненне меры каральнасці. Яны ўказваюць на павышаную ступень грамадскай небяспекі здзейсненага і асобы вінаватага. Напрыклад, здзяйсненне злачынства паўторна, групай асоб па папярэдняй змове, арганізаванай групай ці злачыннай арганізацыяй, агульнанебяспечным спосабам, з асаблівай жорсткасцю, што пацягнула цяжкія наступствы, у адносінах да малалетняй, састарэлай або іншай асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане, цяжарнай жанчыны, а таксама ў сувязі з ажыццяўленнем пацярпелым службовай дзейнасці або выкананнем грамадскага абавязку, з нізкіх пабуджэнняў (карыслівых, хуліганскіх і інш.), па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці або розні, палітычнай ці ідэалагічнай варожасці, з мэтай схаваць іншае злачынства. Адказнасць узмацняецца і ў выпадках здзяйснення злачынства асобай, якая парушыла тым самым прынятую ёй прысягу або прафесійную клятву. Асаблівая ўвага пры індывідуалізацыі меры адказнасці надаецца ацэнцы здзяйснення злачынства асобай, якая знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення або стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных ці іншых дурманлівых рэчываў.

icon-questions

1. Вызначце прыметы, якія характарызуюць злачынства.

2. Калі бяздзеянне можа быць расцэнена як злачынства?

3. Назавіце віды пакаранняў, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь. Ці лічыце вы неабходным захаванне ў нашай дзяржаве смяротнай кары як вышэйшай меры пакарання? Абгрунтуйце сваё меркаванне.

4. Сістэматызуйце даныя аб акалічнасцях крымінальнай адказнасці з дапамогай табліцы. 

icon-idea
Выканайце міні-праект «Злачыннасць у лічбах». Выкарыстоўваючы актуальныя даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь (http://www.belstat.gov.by, укладка «Правасуддзе і правапарушэнні»), вызначце агульную дынаміку ўзроўню злачыннасці ў Рэспубліцы Беларусь за апошнія 10 гадоў, а таксама найбольш распаўсюджаныя злачынствы ў нашай краіне.