*§ 16-1. Асновы адміністрацыйнага права

Адміністрацыйная адказнасць.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (2021)

АСАБЛІВАЯ ЧАСТКА

Артыкул 10.2. Абраза

1. Абраза, гэта значыць наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выражаная ў непрыстойнай форме, — цягне накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь.

2. Абраза ў публічным выступленні, або ў творы, што надрукаваны ці публічна дэманструецца, або ў сродках масавай інфармацыі, або ў інфармацыі, што распаўсюджваецца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання ці вылучанай сетцы электрасувязі, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да двухсот базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт, а на юрыдычную асобу — накладанне штрафу ў памеры ад трыццаці да двухсот базавых велічынь.

Артыкул 11.1. Дробнае раскраданне

Дробнае раскраданне маёмасці шляхам крадзяжу, махлярства, злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, прысваення або растраты, раскрадання шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, а таксама спроба такога раскрадання — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Заўвага. Пад дробным раскраданнем у гэтым артыкуле разумеюцца выкраданне маёмасці юрыдычнай асобы ў суме, якая не перавышае дзесяцікратнага памеру базавай велічыні, устаноўленай на дзень здзяйснення дзеяння, за выключэннем выкрадання ордэна, медаля Рэспублікі Беларусь, СССР ці БССР, нагруднага знака да ганаровага звання Рэспублікі Беларусь, СССР ці БССР, а таксама выкраданне маёмасці фізічнай асобы ў суме, якая не перавышае двухкратнага памеру базавай велічыні, устаноўленай на дзень здзяйснення дзеяння, за выключэннем выкрадання ордэна, медаля Рэспублікі Беларусь, СССР ці БССР, нагруднага знака да ганаровага звання Рэспублікі Беларусь, СССР ці БССР або выкрадання, здзейсненага групай асоб, або шляхам крадзяжу, здзейсненага з адзення ці ручной паклажы, што знаходзіліся пры ёй, або з пранікненнем у жыллё.

icon-search
Даведайцеся актуальны памер базавай велічыні ў Рэспубліцы Беларусь і вызначце, да якой сумы ў рублях будзе лічыцца дробным: а) раскраданне маёмасці юрыдычнай асобы; б) раскраданне маёмасці фізічнай асобы. Ці будзе лічыцца дробным раскраданнем крадзеж кашалька з сумкі, калі вядома, што кашалёк пусты, а яго кошт — 30 рублёў? Адказ абгрунтуйце. 

Артыкул 11.4. Прысваенне знойдзенай маёмасці

Прысваенне знойдзенай заведама чужой маёмасці або скарбу — цягне накладанне штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь.

Артыкул 18.12. Перавышэнне хуткасці руху

1. Перавышэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, устаноўленай хуткасці руху ад дзесяці да дваццаці кіламетраў за гадзіну — цягне накладанне штрафу ў памеры да адной базавай велічыні.

2. Перавышэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, устаноўленай хуткасці руху ад дваццаці да трыццаці кіламетраў за гадзіну — цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь.

3. Перавышэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, устаноўленай хуткасці руху ад трыццаці да сарака кіламетраў за гадзіну — цягне накладанне штрафу ў памеры ад трох да дзесяці базавых велічынь.

4. Перавышэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, устаноўленай хуткасці руху на сорак і больш кіламетраў за гадзіну — цягне накладанне штрафу ў памеры ад васьмі да дванаццаці базавых велічынь.

5. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 2–4 дадзенага артыкула, здзейсненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці да пятнаццаці базавых велічынь ці пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю тэрмінам да аднаго года.

Заўвага. 1. Перавышэнне хуткасці руху транспартнага сродку можа ўстанаўлівацца на падставе сярэдняй хуткасці руху транспартнага сродку на пэўным участку. Пры гэтым сярэдняя хуткасць вызначаецца шляхам падзелу пройдзенай транспартным сродкам адлегласці на час, затрачаны гэтым транспартным сродкам на пераадоленне дадзенага ўчастка.

2. Адказнасць за здзяйсненне правапарушэнняў, прадугледжаных часткай 5 гэтага артыкула, не прымяняецца пры фіксацыі перавышэння ўстаноўленай хуткасці руху працуючымі ў аўтаматычным рэжыме спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі.

Артыкул 18.28. Безбілетны праезд

1. Безбілетны праезд пасажыраў на ўсіх відах гарадскога транспарту, у цягніках гарадскіх ліній, а таксама праходжанне кантрольнага турнікета (лініі кантролю) у метрапалітэне без наяўнасці дакумента, які пацвярджае права на праезд, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці дзясятых да адной базавай велічыні.

2. Безбілетны праезд пасажыраў у цягніках рэгіянальных ліній, аўтобусах і маршрутных таксі прыгарадных зносін — цягне накладанне штрафу ў памеры сямі дзясятых базавай велічыні.

3. Безбілетны праезд пасажыраў у цягніках міжрэгіянальных і міжнародных ліній, у аўтобусах і маршрутных таксі міжгародніх зносін — цягне накладанне штрафу ў памеры адной базавай велічыні.

Артыкул 19.1. Дробнае хуліганства

Зневажальнае прыставанне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выражаюцца ў яўнай непавазе да грамадства, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Артыкул 19.3. Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы або на працы ў стане ап’янення

1. Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах, акрамя месцаў, прызначаных для ўжывання алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, які зневажае чалавечую годнасць і грамадскую мараль, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры да васьмі базавых велічынь.

2. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 1 дадзенага артыкула, здзейсненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да пятнаццаці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Артыкул 19.6. Заведама лжывае паведамленне

1. Заведама лжывае паведамленне, якое пацягнула прыняцце мер рэагавання міліцыяй, хуткай медыцынскай дапамогай, падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях або іншымі спецыялізаванымі службамі, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да пятнаццаці базавых велічынь.

2. Тое ж дзеянне, здзейсненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да трыццаці базавых велічынь.

icon-task
Прааналізуйце ў малых групах артыкулы 10.2, 18.12, 18.28, 19.1, 19.3, 19.6. На падставе аналізу зрабіце вывады адносна прымянення мер адміністрацыйнага спагнання ў залежнасці ад канкрэтных абставін здзяйснення правапарушэння. 

Артыкул 20.6. Незаконны пошук і абарот археалагічных артэфактаў

1. Пошук археалагічных артэфактаў, які ажыццяўляецца без дазволу на права правядзення археалагічных даследаванняў, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад пятнаццаці да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі такіх прылад і сродкаў.

2. Набыццё, продаж, дарэнне, мена, залог археалагічных артэфактаў у выпадках, забароненых заканадаўчымі актамі, пры адсутнасці прымет незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

icon-task
Прааналізуйце артыкулы 11.4, 20.6. Сфармулюйце, якім чынам яны звязаны з артыкуламі Грамадзянскага кодэкса, прысвечанымі знаходцы і скарбу.