Печатать книгуПечатать книгу

*§ 16-1. Асновы адміністрацыйнага права

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: *§ 16-1. Асновы адміністрацыйнага права
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 2 Май 2024, 09:29

Паняцце адміністрацыйнага права.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (2021)

АГУЛЬНАЯ ЧАСТКА

Артыкул 1.2. Задачы і прынцыпы Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях

1. Задачамі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях з’яўляюцца абарона жыцця, здароўя, правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічных асоб, інтарэсаў грамадства і дзяржавы, правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб (далей, калі не ўстаноўлена іншае, — інтарэсы, якія абараняюцца), а таксама папярэджанне адміністрацыйных правапарушэнняў.

2. Суд, органы, якія вядуць адміністрацыйны працэс, рэалізуюць у межах сваёй кампетэнцыі мерапрыемствы, накіраваныя на:

1) папярэджанне (прафілактыку) адміністрацыйных правапарушэнняў, у тым ліку выяўленне і ліквідацыя прычын і ўмоў, якія спрыяюць здзяйсненню адміністрацыйных правапарушэнняў;

2) павышэнне правасвядомасці і прававой культуры фізічных асоб, іх выхаванне ў духу выканання гэтага Кодэкса і іншых актаў заканадаўства, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і іншых міжнародна-прававых актаў, якія ўтрымліваюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь, павагі нацыянальных традыцый, сацыяльных і культурных каштоўнасцей беларускага народа, правоў і свабод іншых асоб.

3. Гэты Кодэкс грунтуецца на прынцыпах законнасці, справядлівасці, гуманізму, роўнасці перад законам, а таксама вінаватай адказнасці фізічных асоб.

Артыкул 1.3. Прынцып законнасці

1. Прыцягненне фізічных і юрыдычных асоб да адміністрацыйнай адказнасці і вызваленне іх ад адміністрацыйнай адказнасці, накладанне на іх адміністрацыйных спагнанняў, прымяненне ў дачыненні да іх прафілактычнх мер уздзеяння ажыццяўляюцца не інакш як па пастанове (за выключэннем вуснай заўвагі) суда, органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, і на аснове палажэнняў гэтага Кодэкса.

2. Палажэнні гэтага Кодэкса не падлягаюць пашыральнаму тлумачэнню. Іх прымяненне па аналогіі не дапускаецца.

Артыкул 1.4. Прынцып справядлівасці

1. Адміністрацыйная адказнасць павінна быць справядлівай. Адміністрацыйныя спагнанні, прафілактычныя меры ўздзеяння павінны ўстанаўлівацца і прымяняцца з улікам характару і шкодных наступстваў здзейсненага адміністрацыйнага правапарушэння, а таксама акалічнасцей яго здзяйснення. Ніхто не можа быць двойчы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за адно і тое ж адміністрацыйнае правапарушэнне.

2. Адміністрацыйнае спагнанне можа накладацца пры адсутнасці дастатковых падстаў прымянення прафілактычных мер уздзеяння і павінна быць сувымерным цяжкасці здзейсненага адміністрацыйнага правапарушэння і адпавядаць мэце яго накладання.

3. Фізічнай асобе, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, павінна быць прызначана адміністрацыйнае спагнанне (прыменена прафілактычная мера ўздзеяння), неабходнае і дастатковае для яе выхавання.

4. Адміністрацыйная адказнасць юрыдычнай асобы можа наступаць у выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам, калі адказнасць вінаватага работніка дадзенай юрыдычнай асобы, зыходзячы з задач і прынцыпаў гэтага Кодэкса, недастатковая з-за прычынення адміністрацыйным правапарушэннем значнай шкоды інтарэсам, якія абараняюцца. З гэтай мэтай дадзены Кодэкс вызначае адпаведныя падставы і ўмовы адміністрацыйнай адказнасці юрыдычнай асобы.

5. Адміністрацыйнае спагнанне, што накладаецца на юрыдычную асобу і індывідуальнага прадпрымальніка, не мае на мэце прывядзенне да эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), прычыненне шкоды іх дзелавой рэпутацыі.

Артыкул 1.5. Прынцып гуманізму

1. Адміністрацыйная адказнасць павінна быць гуманнай. Накладанне адміністрацыйнага спагнання на фізічную асобу, якая здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне, не мае на мэце прыніжэнне яго чалавечай годнасці, прычыненне яму фізічных або маральных пакут.

2. Адміністрацыйныя спагнанні, а таксама прафілактычныя меры ўздзеяння, якія прымяняюцца ў дачыненні да непаўналетніх, не павінны прычыняць шкоду іх здароўю і інтэлектуальнаму развіццю.

Артыкул 1.6. Прынцып роўнасці перад законам

1. Фізічныя асобы, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, роўныя перад законам і падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці незалежна ад іх полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, грамадзянства, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства або месца знаходжання, перакананняў, стаўлення да рэлігіі, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў, а таксама ад іншых акалічнасцей.

2. Юрыдычныя асобы пры прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці роўныя перад законам і падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці незалежна ад формы ўласнасці, месца знаходжання, арганізацыйна-прававой формы, падпарадкаванасці і іншых акалічнасцей, абумоўленых асаблівасцямі іх стварэння і дзейнасцю, якая ажыццяўляецца.

Артыкул 1.7. Прынцып вінаватай адказнасці фізічнай асобы

Фізічная асоба падлягае адміністрацыйнай адказнасці толькі за тыя адміністрацыйныя правапарушэнні, у дачыненні да якіх устаноўлена яго віна.

icon-task

Вызначце асноўныя прынцыпы, на якіх грунтуецца Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях, і запоўніце табліцу. 

ПрынцыпЗмест прынцыпу
   
   
   
   
   

Адміністрацыйнае правапарушэнне.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (2021)

Артыкул 2.2. Катэгорыі адміністрацыйных правапарушэнняў

1. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай шкоднасці адміністрацыйныя правапарушэнні падзяляюцца на:

1) адміністрацыйныя правіннасці;

2) значныя адміністрацыйныя правапарушэнні;

3) грубыя адміністрацыйныя правапарушэнні.

2. Да адміністрацыйных правіннасцей адносяцца адміністрацыйныя правапарушэнні, за здзяйсненне якіх прадугледжана накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу ў памеры, які не перавышае:

1) для фізічнай асобы — дзесяці базавых велічынь;

2) для індывідуальнага прадпрымальніка — дваццаці пяці базавых велічынь;

3) для юрыдычнай асобы — пяцідзесяці базавых велічынь.

3. Да значных адносяцца адміністрацыйныя правапарушэнні, за здзяйсненне якіх прадугледжана накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе канфіскацыі, дэпартацыі, штрафу ў памеры, вызначаным у працэнтных або кратных адносінах да вартасці прадмета здзейсненага адміністрацыйнага правапарушэння, суме ўрону, выручкі, здзелкі, знешнегандлёвай аперацыі або даходу, розніцы паміж фактычнай выручкай, атрыманай ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), і разліковай велічынёй выручкі ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), або ў памеры, які перавышае:

1) для фізічнай асобы — дзесяць базавых велічынь;

2) для індывідуальнага прадпрымальніка — дваццаць пяць базавых велічынь;

3) для юрыдычнай асобы — пяцьдзясят базавых велічынь.

4. Да грубых адносяцца адміністрацыйныя правапарушэнні, за здзяйсненне якіх прадугледжана накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе грамадскіх работ, адміністрацыйнага арышту, пазбаўлення права займацца пэўнай дзейнасцю, а таксама паўторнае здзяйсненне якіх цягне крымінальную адказнасць.

icon-task

Сістэматызуйце даныя аб асноўных відах адміністрацыйных правапарушэнняў. 

Від правапарушэнняХарактарыстыка
Адміністрацыйная правіннасць  
Значнае адміністрацыйнае правапарушэнне  
Грубае адміністрацыйнае правапарушэнне  

Артыкул 2.3. Віна і яе формы

1. Віна — псіхічнае стаўленне фізічнай асобы да здзейсненага ёю супрацьпраўнага дзеяння, выражанае ў форме намеру або неасцярожнасці. Вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння можа быць прызнана толькі фізічная асоба ў стане свядомасці.

2. Адміністрацыйнае правапарушэнне прызнаецца здзейсненым наўмысна, калі фізічная асоба, якая яго здзейсніла, усведамляла супрацьпраўнасць свайго дзеяння, прадбачыла яго шкодныя наступствы і жадала ці свядома дапускала наступленне гэтых наступстваў або адносілася да іх абыякава.

3. Адміністрацыйнае правапарушэнне прызнаецца здзейсненым па неасцярожнасці, калі фізічная асоба, якая яго здзейсніла, прадбачыла магчымасць наступлення шкодных наступстваў свайго дзеяння, але без дастатковых падстаў легкадумна разлічвала на іх папярэджанне або не прадбачыла магчымасці наступлення такіх наступстваў, хаця пры неабходнай уважлівасці і прадбачлівасці павінна была і магла іх прадбачыць.

4. Форма віны пры здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, не звязанага з наступленнем шкодных наступстваў, устанаўліваецца па адносінах фізічнай асобы да здзейсненага супрацьпраўнага дзеяння.

icon-task
Складзіце ментальную карту «Віна і яе формы». 

Адміністрацыйная адказнасць.

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (2021)

АСАБЛІВАЯ ЧАСТКА

Артыкул 10.2. Абраза

1. Абраза, гэта значыць наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці асобы, выражаная ў непрыстойнай форме, — цягне накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь.

2. Абраза ў публічным выступленні, або ў творы, што надрукаваны ці публічна дэманструецца, або ў сродках масавай інфармацыі, або ў інфармацыі, што распаўсюджваецца ў глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання ці вылучанай сетцы электрасувязі, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да двухсот базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт, а на юрыдычную асобу — накладанне штрафу ў памеры ад трыццаці да двухсот базавых велічынь.

Артыкул 11.1. Дробнае раскраданне

Дробнае раскраданне маёмасці шляхам крадзяжу, махлярства, злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, прысваення або растраты, раскрадання шляхам выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі, а таксама спроба такога раскрадання — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Заўвага. Пад дробным раскраданнем у гэтым артыкуле разумеюцца выкраданне маёмасці юрыдычнай асобы ў суме, якая не перавышае дзесяцікратнага памеру базавай велічыні, устаноўленай на дзень здзяйснення дзеяння, за выключэннем выкрадання ордэна, медаля Рэспублікі Беларусь, СССР ці БССР, нагруднага знака да ганаровага звання Рэспублікі Беларусь, СССР ці БССР, а таксама выкраданне маёмасці фізічнай асобы ў суме, якая не перавышае двухкратнага памеру базавай велічыні, устаноўленай на дзень здзяйснення дзеяння, за выключэннем выкрадання ордэна, медаля Рэспублікі Беларусь, СССР ці БССР, нагруднага знака да ганаровага звання Рэспублікі Беларусь, СССР ці БССР або выкрадання, здзейсненага групай асоб, або шляхам крадзяжу, здзейсненага з адзення ці ручной паклажы, што знаходзіліся пры ёй, або з пранікненнем у жыллё.

icon-search
Даведайцеся актуальны памер базавай велічыні ў Рэспубліцы Беларусь і вызначце, да якой сумы ў рублях будзе лічыцца дробным: а) раскраданне маёмасці юрыдычнай асобы; б) раскраданне маёмасці фізічнай асобы. Ці будзе лічыцца дробным раскраданнем крадзеж кашалька з сумкі, калі вядома, што кашалёк пусты, а яго кошт — 30 рублёў? Адказ абгрунтуйце. 

Артыкул 11.4. Прысваенне знойдзенай маёмасці

Прысваенне знойдзенай заведама чужой маёмасці або скарбу — цягне накладанне штрафу ў памеры да пяці базавых велічынь.

Артыкул 18.12. Перавышэнне хуткасці руху

1. Перавышэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, устаноўленай хуткасці руху ад дзесяці да дваццаці кіламетраў за гадзіну — цягне накладанне штрафу ў памеры да адной базавай велічыні.

2. Перавышэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, устаноўленай хуткасці руху ад дваццаці да трыццаці кіламетраў за гадзіну — цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь.

3. Перавышэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, устаноўленай хуткасці руху ад трыццаці да сарака кіламетраў за гадзіну — цягне накладанне штрафу ў памеры ад трох да дзесяці базавых велічынь.

4. Перавышэнне асобай, якая кіруе транспартным сродкам, устаноўленай хуткасці руху на сорак і больш кіламетраў за гадзіну — цягне накладанне штрафу ў памеры ад васьмі да дванаццаці базавых велічынь.

5. Дзеянні, прадугледжаныя часткамі 2–4 дадзенага артыкула, здзейсненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці да пятнаццаці базавых велічынь ці пазбаўленне права займацца пэўнай дзейнасцю тэрмінам да аднаго года.

Заўвага. 1. Перавышэнне хуткасці руху транспартнага сродку можа ўстанаўлівацца на падставе сярэдняй хуткасці руху транспартнага сродку на пэўным участку. Пры гэтым сярэдняя хуткасць вызначаецца шляхам падзелу пройдзенай транспартным сродкам адлегласці на час, затрачаны гэтым транспартным сродкам на пераадоленне дадзенага ўчастка.

2. Адказнасць за здзяйсненне правапарушэнняў, прадугледжаных часткай 5 гэтага артыкула, не прымяняецца пры фіксацыі перавышэння ўстаноўленай хуткасці руху працуючымі ў аўтаматычным рэжыме спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі.

Артыкул 18.28. Безбілетны праезд

1. Безбілетны праезд пасажыраў на ўсіх відах гарадскога транспарту, у цягніках гарадскіх ліній, а таксама праходжанне кантрольнага турнікета (лініі кантролю) у метрапалітэне без наяўнасці дакумента, які пацвярджае права на праезд, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці дзясятых да адной базавай велічыні.

2. Безбілетны праезд пасажыраў у цягніках рэгіянальных ліній, аўтобусах і маршрутных таксі прыгарадных зносін — цягне накладанне штрафу ў памеры сямі дзясятых базавай велічыні.

3. Безбілетны праезд пасажыраў у цягніках міжрэгіянальных і міжнародных ліній, у аўтобусах і маршрутных таксі міжгародніх зносін — цягне накладанне штрафу ў памеры адной базавай велічыні.

Артыкул 19.1. Дробнае хуліганства

Зневажальнае прыставанне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выражаюцца ў яўнай непавазе да грамадства, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Артыкул 19.3. Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, ужыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў ці іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы або на працы ў стане ап’янення

1. Распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва на вуліцы, стадыёне, у скверы, парку, грамадскім транспарце або ў іншых грамадскіх месцах, акрамя месцаў, прызначаных для ўжывання алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, або з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, які зневажае чалавечую годнасць і грамадскую мараль, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры да васьмі базавых велічынь.

2. Дзеянні, прадугледжаныя часткай 1 дадзенага артыкула, здзейсненыя паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такія ж парушэнні, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да пятнаццаці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

Артыкул 19.6. Заведама лжывае паведамленне

1. Заведама лжывае паведамленне, якое пацягнула прыняцце мер рэагавання міліцыяй, хуткай медыцынскай дапамогай, падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях або іншымі спецыялізаванымі службамі, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да пятнаццаці базавых велічынь.

2. Тое ж дзеянне, здзейсненае паўторна на працягу аднаго года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад дваццаці да трыццаці базавых велічынь.

icon-task
Прааналізуйце ў малых групах артыкулы 10.2, 18.12, 18.28, 19.1, 19.3, 19.6. На падставе аналізу зрабіце вывады адносна прымянення мер адміністрацыйнага спагнання ў залежнасці ад канкрэтных абставін здзяйснення правапарушэння. 

Артыкул 20.6. Незаконны пошук і абарот археалагічных артэфактаў

1. Пошук археалагічных артэфактаў, які ажыццяўляецца без дазволу на права правядзення археалагічных даследаванняў, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад пятнаццаці да пяцідзесяці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння, прылад і сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння або без канфіскацыі такіх прылад і сродкаў.

2. Набыццё, продаж, дарэнне, мена, залог археалагічных артэфактаў у выпадках, забароненых заканадаўчымі актамі, пры адсутнасці прымет незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзесяці да трыццаці базавых велічынь з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

icon-task
Прааналізуйце артыкулы 11.4, 20.6. Сфармулюйце, якім чынам яны звязаны з артыкуламі Грамадзянскага кодэкса, прысвечанымі знаходцы і скарбу.