§ 16. Асновы адміністрацыйнага права
Адміністрацыйная адказнасць. За здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Пад адміністрацыйнай адказнасцю разумеецца такая разнавіднасць юрыдычнай адказнасці, якая выражаецца ў прымяненні дзяржаўнымі органамі (іх службовымі асобамі) да асоб, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, асаблівых мер прымусу — адміністрацыйных спагнанняў. Пры гэтым фізічныя асобы нясуць адміністрацыйную адказнасць толькі за вінаватыя дзеянні (дзеянні і бяздзеянні).
У Рэспубліцы Беларусь адміністрацыйная адказнасць наступае па дасягненні асобай 16-гадовага ўзросту. Аднак за шэраг правапарушэнняў, значэнне і супрацьпраўнасць якіх зразумелыя ў больш раннім узросце, адміністрацыйная адказнасць наступае па дасягненні асобай 14 гадоў.
За здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння прадугледжаны розныя віды адміністрацыйных спагнанняў.

Не ўсе з пералічаных спагнанняў прымяняюцца да непаўналетніх. Так, асобам, якія не дасягнулі 18 гадоў, не можа быць прызначаны адміністрацыйны арышт або грамадскія работы, а памер штрафу, як правіла, не можа перавышаць дзвюх базавых велічынь.
У адносінах да непаўналетніх шырока прымяняюцца меры прафілактычнага (выхаваўчага) уздзеяння як альтэрнатыва адміністрацыйнай адказнасці.


Практыка пакарання хуліганаў за правапарушэнні на спартыўных арэнах існуе ў розных краінах.
У Беларусі магчымасць прымянення забароны на наведванне фізкультурна-спартыўных збудаванняў уступіла ў дзеянне ў 2018 г.

Адміністрацыйныя спагнанні і меры прафілактычнага (выхаваўчага) уздзеяння прымяняюцца шырокім колам дзяржаўных органаў (іх службовых асоб): судом, адміністрацыйнай камісіяй, камісіяй па справах непаўналетніх, органамі ўнутраных спраў, органамі дзяржаўнага пажарнага і санітарнага нагляду, Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, органамі пагранічнай і мытнай службы, іншымі ўпаўнаважанымі органамі.
Пры накладанні адміністрацыйнага спагнання і прымяненні мер прафілактычнага (выхаваўчага) уздзеяння ўлічваюцца характар здзейсненага правапарушэння, акалічнасці яго здзяйснення і асоба парушальніка, ступень яго віны, характар і памер прычыненай правапарушэннем шкоды, а таксама акалічнасці, якія змякчаюць або абцяжарваюць адміністрацыйную адказнасць.
У адносінах да непаўналетняга бяруцца пад увагу таксама ўмовы яго жыцця, узровень развіцця, уплыў на яго паводзіны бацькоў, членаў сям’і, старэйшых па ўзросце асоб і паводзіны самога непаўналетняга па месцы вучобы або працы (яго характарыстыка).
Артыкул 18.20.
1. Парушэнне правіл дарожнага руху пешаходам, асобай, якая кіруе веласіпедам, гужавым транспартным сродкам, ці асобай, якая ўдзельнічае ў дарожным руху і не кіруе транспартным сродкам, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь.
2. Парушэнне правіл дарожнага руху асобамі, указанымі ў частцы 1 дадзенага артыкула, здзейсненае ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых дурманлівых рэчываў, а таксама адмаўленне ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення ці стану, выкліканага ўжываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых дурманлівых рэчываў, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад трох да пяці базавых велічынь.
3. Парушэнне правіл дарожнага руху асобамі, указанымі ў частках 1 і 2 дадзенага артыкула, якое прывяло да стварэння аварыйнай абстаноўкі, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад трох да васьмі базавых велічынь.
4. Парушэнне правіл дарожнага руху асобамі, указанымі ў частках 1 і 2 дадзенага артыкула, якое прывяло да прычынення пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання, а таксама пакіданне імі месца дарожна-транспартнага здарэння, удзельнікамі якога яны з’яўляюцца, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці да дваццаці базавых велічынь.
