Печатать книгуПечатать книгу

§ 16. Асновы адміністрацыйнага права

Сайт: Профильное обучение
Курс: Грамадазнаўства. 11 клас
Книга: § 16. Асновы адміністрацыйнага права
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 6 Май 2024, 09:43

Паняцце адміністрацыйнага права. У дзяржаве ажыццяўляюцца розныя віды дзейнасці, у тым ліку кіраўніцкая дзейнасць. Гэтая дзейнасць рэгулюецца асаблівай галіной права — адміністрацыйным правам.

Адміністрацыйнае права — гэта галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць грамадскія адносіны, якія ўзнікаюць у працэсе арганізацыі і ажыццяўлення дзяржаўнага кіравання. Таму адміністрацыйнае права часта называюць кіраўніцкім правам. І гэта не выпадкова, паколькі ў перакладзе з лацінскай administratio абазначае «кіраванне». Нормамі дадзенай галіны забяспечваецца зладжаная праца ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый.

Асаблівасцю адносін, якія рэгулююцца адміністрацыйным правам, з’яўляецца тое, што іх абавязковым бокам выступаюць органы дзяржаўнага кіравання ці іх прадстаўнікі. Значная частка гэтых органаў належыць да органаў выканаўчай улады (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, выканаўчыя камітэты, мясцовыя адміністрацыі). Іншыя дзяржаўныя органы (напрыклад, органы прадстаўнічай улады, судовыя органы) у адпаведнасці з нормамі адміністрацыйнага права арганізуюць працу ў сістэме падпарадкаваных арганізацый і ўнутры свайго органа.

З дапамогай норм адміністрацыйнага права ажыццяўляецца дзяржаўны менеджмент: вызначаюцца задачы органаў, размяркоўваюцца паўнамоцтвы, вызначаюцца і прымяняюцца на практыцы розныя формы працы, выбудоўваюцца і кантралююцца ўсе працэсы, ажыццяўляецца дзяржаўная служба.

Адміністрацыйнае права рэгулюе парадак кіравання ўсімі галінамі дзяржаўнай дзейнасці: эканоміка, прамысловасць, сельская гаспадарка, жыллёва-камунальная гаспадарка, транспарт і сувязь, гандаль, адукацыя, ахова здароўя, спорт і турызм, праца і сацыяльная ахова, абарона, фінансы.

Адміністрацыйнае правапарушэнне. Асаблівасцю органаў дзяржаўнага кіравання з’яўляецца наяўнасць у іх паўнамоцтваў на вядзенне адміністрацыйнага працэсу і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці разам з судамі.

Адзіным законам аб адміністрацыйных правапарушэннях, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КоАП). У адпаведнасці з ім адміністрацыйным правапарушэннем прызнаецца супрацьпраўнае вінаватае дзеянне (дзеянне або бяздзеянне) фізічнай асобы, а таксама супрацьпраўнае дзеянне юрыдычнай асобы, за якое ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць.

Паводзіны чалавека могуць быць ацэнены як адміністрацыйнае правапарушэнне ў тым выпадку, калі яны ўяўляюць пэўную пагрозу грамадскім адносінам. Безумоўна, грамадская небяспека асобных учынкаў (напрыклад, безбілетнага праезду ў транспарце, выкідвання смецця ў неналежных месцах) не такая сур’ёзная, як небяспека злачынстваў. Аднак у сукупнасці нават нязначныя дзеянні ўплываюць на паводзіны іншых людзей і наносяць шкоду грамадству.

КоАП. Артыкул 19.1. Дробнае хуліганства

Зневажальнае чаплянне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выражаюцца ў яўнай непавазе да грамадства, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

У 2016 г. у Мінску на вул. Кастрычніцкай у межах фестывалю Vulica Brasil бразільскім мастаком Рамонам Мартынсам створаны мурал, прысвечаны ахове жывёл.

icon-discussions

У якім выпадку маляванне графіці будзе разглядацца як стварэнне арт-аб’ектаў, а ў якім — як здзяйсненне хуліганскіх дзеянняў? Хто будзе несці адказнасць за маляванне на сценах і хуліганскія графіці, зробленыя непаўналетнім?

Чаму ў «тэорыі разбітых шыбаў», прапанаванай амерыканскімі сацыёлагамі ў 1980-я гг., сцвярджаецца, што неабходна актыўна змагацца нават з дробнымі правапарушэннямі (выкідванне смецця ў неўстаноўленых месцах, безбілетны праезд у грамадскім транспарце, хуліганскія графіці), каб палепшыць абстаноўку ў грамадстве ў цэлым? Азнаёмцеся з асноўнымі ідэямі, выказанымі амерыканскімі сацыёлагамі, і сфармулюйце аргументы за і супраць дадзенай тэорыі. 

Адміністрацыйным правапарушэннем прызнаецца не любое грамадска шкоднае дзеянне (напрыклад, амаральная правіннасць), а толькі такое, на здзяйсненне якога ўстаноўлена забарона ў КоАП. Невыкананне гэтай забароны цягне за сабой прымяненне папярэджання ці адміністрацыйную адказнасць.

Адміністрацыйныя правапарушэнні не раўназначныя па сваёй прыродзе.

Ёсць нязначныя правапарушэнні — правіннасці (напрыклад, пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы). За іх здзяйсненне спачатку прымяняецца папярэджанне. Яно заключаецца ў пісьмовым папярэджанні асобы аб недапушчальнасці здзяйснення новых правапарушэнняў. Калі, нягледзячы на папярэджанне, асоба паўторна на працягу года здзейсніць аналагічнае правапарушэнне, то яе ўжо прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Існуюць значныя правапарушэнні (напрыклад, абраза). Пры іх здзяйсненні першы раз у залежнасці ад сітуацыі можа як прымяняцца папярэджанне, так і наступаць адміністрацыйная адказнасць.

Таксама ёсць грубыя правапарушэнні (напрыклад, дробнае раскраданне), за здзяйсненне якіх адразу наступае адміністрацыйная адказнасць.

Неабходна адрозніваць адміністрацыйныя правапарушэнні і дзеянні, што крымінальна караюцца (злачынствы). Яны бываюць падобныя. Аднак ключавое іх адрозненне заключаецца ў ступені грамадскай небяспекі (у злачынстваў яна намнога вышэйшая). Напрыклад, простая нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем (дробнае хуліганства). У той самы час нецэнзурная лаянка, якая суправаджаецца пашкоджаннем маёмасці, гвалтам або пагрозай яго прымянення да грамадзян, ужо з’яўляецца злачынствам. Адміністрацыйныя правапарушэнні і злачынствы адрозніваюцца таксама па ступені суровасці мер адказнасці, якія прымяняюцца за іх здзяйсненне.

Адміністрацыйная адказнасць. За здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Пад адміністрацыйнай адказнасцю разумеецца такая разнавіднасць юрыдычнай адказнасці, якая выражаецца ў прымяненні дзяржаўнымі органамі (іх службовымі асобамі) да асоб, якія здзейснілі адміністрацыйныя правапарушэнні, асаблівых мер прымусу — адміністрацыйных спагнанняў. Пры гэтым фізічныя асобы нясуць адміністрацыйную адказнасць толькі за вінаватыя дзеянні (дзеянні і бяздзеянні).

У Рэспубліцы Беларусь адміністрацыйная адказнасць наступае па дасягненні асобай 16-гадовага ўзросту. Аднак за шэраг правапарушэнняў, значэнне і супрацьпраўнасць якіх зразумелыя ў больш раннім узросце, адміністрацыйная адказнасць наступае па дасягненні асобай 14 гадоў.

За здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння прадугледжаны розныя віды адміністрацыйных спагнанняў.

Не ўсе з пералічаных спагнанняў прымяняюцца да непаўналетніх. Так, асобам, якія не дасягнулі 18 гадоў, не можа быць прызначаны адміністрацыйны арышт або грамадскія работы, а памер штрафу, як правіла, не можа перавышаць дзвюх базавых велічынь.

У адносінах да непаўналетніх шырока прымяняюцца меры прафілактычнага (выхаваўчага) уздзеяння як альтэрнатыва адміністрацыйнай адказнасці.

Практыка пакарання хуліганаў за правапарушэнні на спартыўных арэнах існуе ў розных краінах.

У Беларусі магчымасць прымянення забароны на наведванне фізкультурна-спартыўных збудаванняў уступіла ў дзеянне ў 2018 г.

icon-search
Знайдзіце ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях, з якім асноўным спагнаннем прымяняецца дадзеная забарона і на які тэрмін яна можа быць накладзена. 

Адміністрацыйныя спагнанні і меры прафілактычнага (выхаваўчага) уздзеяння прымяняюцца шырокім колам дзяржаўных органаў (іх службовых асоб): судом, адміністрацыйнай камісіяй, камісіяй па справах непаўналетніх, органамі ўнутраных спраў, органамі дзяржаўнага пажарнага і санітарнага нагляду, Дзяржаўнай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, органамі пагранічнай і мытнай службы, іншымі ўпаўнаважанымі органамі.

Пры накладанні адміністрацыйнага спагнання і прымяненні мер прафілактычнага (выхаваўчага) уздзеяння ўлічваюцца характар здзейсненага правапарушэння, акалічнасці яго здзяйснення і асоба парушальніка, ступень яго віны, характар і памер прычыненай правапарушэннем шкоды, а таксама акалічнасці, якія змякчаюць або абцяжарваюць адміністрацыйную адказнасць.

У адносінах да непаўналетняга бяруцца пад увагу таксама ўмовы яго жыцця, узровень развіцця, уплыў на яго паводзіны бацькоў, членаў сям’і, старэйшых па ўзросце асоб і паводзіны самога непаўналетняга па месцы вучобы або працы (яго характарыстыка).

Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях

Артыкул 18.20.

1. Парушэнне правіл дарожнага руху пешаходам, асобай, якая кіруе веласіпедам, гужавым транспартным сродкам, ці асобай, якая ўдзельнічае ў дарожным руху і не кіруе транспартным сродкам, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь.

2. Парушэнне правіл дарожнага руху асобамі, указанымі ў частцы 1 дадзенага артыкула, здзейсненае ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых дурманлівых рэчываў, а таксама адмаўленне ад праходжання ва ўстаноўленым парадку праверкі (агляду) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення ці стану, выкліканага ўжываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых дурманлівых рэчываў, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад трох да пяці базавых велічынь.

3. Парушэнне правіл дарожнага руху асобамі, указанымі ў частках 1 і 2 дадзенага артыкула, якое прывяло да стварэння аварыйнай абстаноўкі, — цягне накладанне штрафу ў памеры ад трох да васьмі базавых велічынь.

4. Парушэнне правіл дарожнага руху асобамі, указанымі ў частках 1 і 2 дадзенага артыкула, якое прывяло да прычынення пацярпеламу лёгкага цялеснага пашкоджання, а таксама пакіданне імі месца дарожна-транспартнага здарэння, удзельнікамі якога яны з’яўляюцца, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад пяці да дваццаці базавых велічынь.

icon-task
На аснове аналізу артыкула зрабіце высновы аб прымяненні мер адміністрацыйнага спагнання ў залежнасці ад канкрэтных акалічнасцей здзяйснення правапарушэння. 
icon-questions

1. Якое значэнне для грамадства і дзяржавы маюць нормы адміністрацыйнага права?

2. Людзі хочуць жыць у дзяржаве, дзе наладжаны і спрошчаны ўсе кіраўніцкія працэсы, няма канфліктаў і спрэчак у сферы кіравання. Паразважайце, ці могуць інфармацыйныя тэхналогіі дапамагчы ў гэтым. Дзе неабходна іх укараніць? Якія кіраўніцкія працэсы ў дзяржаве яны могуць замяніць?

3. Як быць, калі правапарушэнне здзейсніў непаўналетні? Ці могуць яго прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці? Калі так, то якое спагнанне могуць накласці і якія органы?

4. 14-гадовы падлетак здзейсніў дробнае хуліганства ў выглядзе нецэнзурнай лаянкі ў публічным месцы. За дадзенае правапарушэнне прадугледжаны спагнанні ў выглядзе штрафу або адміністрацыйнага арышту. Аднак дадзеныя віды спагнанняў да яго непрымяняльныя. Якое спагнанне будзе накладзена на непаўналетняга? Падумайце, ці будуць адказваць у дадзеным выпадку бацькі. 

icon-idea
Выканайце міні-праект «Перавышэнне хуткасці руху як правапарушэнне». Складзіце памятку «Перавышэнне хуткасці руху» (выкарыстайце тэкст артыкула 18.12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама інфармацыю з адкрытых крыніц пра тое, што ўяўляюць сабой дакументы, якія аўтааматары называюць «лісты шчасця»).