§ 16. Асновы адміністрацыйнага права

Адміністрацыйнае правапарушэнне. Асаблівасцю органаў дзяржаўнага кіравання з’яўляецца наяўнасць у іх паўнамоцтваў на вядзенне адміністрацыйнага працэсу і прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці разам з судамі.

Адзіным законам аб адміністрацыйных правапарушэннях, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (КоАП). У адпаведнасці з ім адміністрацыйным правапарушэннем прызнаецца супрацьпраўнае вінаватае дзеянне (дзеянне або бяздзеянне) фізічнай асобы, а таксама супрацьпраўнае дзеянне юрыдычнай асобы, за якое ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць.

Паводзіны чалавека могуць быць ацэнены як адміністрацыйнае правапарушэнне ў тым выпадку, калі яны ўяўляюць пэўную пагрозу грамадскім адносінам. Безумоўна, грамадская небяспека асобных учынкаў (напрыклад, безбілетнага праезду ў транспарце, выкідвання смецця ў неналежных месцах) не такая сур’ёзная, як небяспека злачынстваў. Аднак у сукупнасці нават нязначныя дзеянні ўплываюць на паводзіны іншых людзей і наносяць шкоду грамадству.

КоАП. Артыкул 19.1. Дробнае хуліганства

Зневажальнае чаплянне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой грамадзян і выражаюцца ў яўнай непавазе да грамадства, — цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад дзвюх да трыццаці базавых велічынь, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.

У 2016 г. у Мінску на вул. Кастрычніцкай у межах фестывалю Vulica Brasil бразільскім мастаком Рамонам Мартынсам створаны мурал, прысвечаны ахове жывёл.

icon-discussions

У якім выпадку маляванне графіці будзе разглядацца як стварэнне арт-аб’ектаў, а ў якім — як здзяйсненне хуліганскіх дзеянняў? Хто будзе несці адказнасць за маляванне на сценах і хуліганскія графіці, зробленыя непаўналетнім?

Чаму ў «тэорыі разбітых шыбаў», прапанаванай амерыканскімі сацыёлагамі ў 1980-я гг., сцвярджаецца, што неабходна актыўна змагацца нават з дробнымі правапарушэннямі (выкідванне смецця ў неўстаноўленых месцах, безбілетны праезд у грамадскім транспарце, хуліганскія графіці), каб палепшыць абстаноўку ў грамадстве ў цэлым? Азнаёмцеся з асноўнымі ідэямі, выказанымі амерыканскімі сацыёлагамі, і сфармулюйце аргументы за і супраць дадзенай тэорыі. 

Адміністрацыйным правапарушэннем прызнаецца не любое грамадска шкоднае дзеянне (напрыклад, амаральная правіннасць), а толькі такое, на здзяйсненне якога ўстаноўлена забарона ў КоАП. Невыкананне гэтай забароны цягне за сабой прымяненне папярэджання ці адміністрацыйную адказнасць.

Адміністрацыйныя правапарушэнні не раўназначныя па сваёй прыродзе.

Ёсць нязначныя правапарушэнні — правіннасці (напрыклад, пераход дарогі ў неўстаноўленым месцы). За іх здзяйсненне спачатку прымяняецца папярэджанне. Яно заключаецца ў пісьмовым папярэджанні асобы аб недапушчальнасці здзяйснення новых правапарушэнняў. Калі, нягледзячы на папярэджанне, асоба паўторна на працягу года здзейсніць аналагічнае правапарушэнне, то яе ўжо прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.

Існуюць значныя правапарушэнні (напрыклад, абраза). Пры іх здзяйсненні першы раз у залежнасці ад сітуацыі можа як прымяняцца папярэджанне, так і наступаць адміністрацыйная адказнасць.

Таксама ёсць грубыя правапарушэнні (напрыклад, дробнае раскраданне), за здзяйсненне якіх адразу наступае адміністрацыйная адказнасць.

Неабходна адрозніваць адміністрацыйныя правапарушэнні і дзеянні, што крымінальна караюцца (злачынствы). Яны бываюць падобныя. Аднак ключавое іх адрозненне заключаецца ў ступені грамадскай небяспекі (у злачынстваў яна намнога вышэйшая). Напрыклад, простая нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем (дробнае хуліганства). У той самы час нецэнзурная лаянка, якая суправаджаецца пашкоджаннем маёмасці, гвалтам або пагрозай яго прымянення да грамадзян, ужо з’яўляецца злачынствам. Адміністрацыйныя правапарушэнні і злачынствы адрозніваюцца таксама па ступені суровасці мер адказнасці, якія прымяняюцца за іх здзяйсненне.